Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бізнэсоўцы патрабуюць тэрмінова адмяніць пастанову 991


Бізнэс-супольнасьць будзе дамагацца адмены пастановы Саўміну № 991 ад 28 ліпеня 2009 году “Пра некаторыя пытаньні набыцьця тавараў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусі”, якая ўступіла ў сілу 2 жніўня.

Такое рашэньне было прынятае 3 жніўня ў Менску на экстранай нарадзе з удзелам прадстаўнікоў айчыннага бізнэсу. У панядзелак вечарам на імя прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага Рэспубліканская канфэдэрацыя прадпрымальніцтва й іншыя бізнэс-аб’яднаньні плянуюць накіраваць ліст з патрабаваньнем адмяніць пастанову.

Паводле ацэнак выступоўцаў, дакумэнт у цяперашнім выглядзе нанясе шкоду эканоміцы. Ён спрычыніццца да банкроцтва большасьці аптовых кампаній, прадстаўніцтваў замежных прадпрыемстваў, прывядзе да сыходу з краіны замежных інвэстараў. Апроч таго, пастанова справакуе рост карупцыі у дзяржаўных органах, якім дадзеныя паўнамоцтвы на вызначэньне афіцыйных гандлёвых прадстаўнікоў.

“Такі дакумэнт ня мае права на жыцьцё. Трэба зараз жа спыніць ягонае дзеяньне й разьбірацца, зь якой мэтай ён уводзіўся, і што трэба, каб гэтай мэты дасягнуць”, — адзначыў старшыня Рэспубліканскай канфэдэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў. Паводле ягоных слоў, бізнэс-супольнасьць гатовая дапамагчы ўраду ва ўсіх канструктыўных пачынаньнях, у тым ліку ў пытаньні зьніжэньня адмоўнага сальда зьнешняга гандлю, папаўненьня бюджэту. “Аднак абмяркоўваць пытаньні, як разваліць эканоміку, а менавіта гэта прадугледжвае пастанова № 991, мы ня будзем”.

Кіраўнік канфэдэрацыі лічыць неабходным таксама ставіць пытаньне “пра дзяржаўную здраду з мэтай развалу эканомікі”, і ўсе прыкметы, на ягоную думку, для гэтага ёсьць.
Кіраўнік канфэдэрацыі лічыць неабходным таксама ставіць пытаньне “пра дзяржаўную здраду з мэтай развалу эканомікі”, і ўсе прыкметы, на ягоную думку, для гэтага ёсьць.

Старшыня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Калінін мяркуе, што неабходна патрабаваць ад распрацоўшчыкаў тэрміновага камэнтара з тлумачэньнем іх пазыцыі. Ён выказаў надзею, што дакумэнт ёсьць “тэхнічнай памылкай”: “Спадзяюся, там маецца на ўвазе ня тое, што тут напісана, бо забараніць інстытут пасярэдніцтва немагчыма. Гэта заб’е ня толькі аптавікоў, але й ударыць па розьнічным гандлі”.

Калінін таксама падкрэсьліў, што на апошніх нарадах ва ўрадзе з удзелам першага віцэ-прэм’ера Ўладзімера Сямашкі абмяркоўваліся супрацьлеглыя меры.

“Мы зьвярталі ўвагу на тое, што інстытут пасярэдніцтва, які шмат гадоў у нас згортвалі, трэба, наадварот, узнаўляць, што дазволіла б стымуляваць экспарт беларускай прадукцыі”.

Старшыня грамадзкага аб’яднаньня “Менскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў” Уладзімер Карагін паведаміў, што цягам панядзелка ва ўрадзе з удзелам прэм’ера Сідорскага праходзілі нарады па пытаньні прымяненьня пастановы № 991, і найбліжэйшым часам будуць падрыхтаваныя тлумачэньні яе.

З спасылкай на тэлефонную размову з намесьнікам міністра эканомікі Андрэем Турам, Карагін адзначыў, што пастанова не распаўсюджваецца на экспарт беларускіх тавараў, ня тычыцца індывідуальных прадпрымальнікаў і фізычных асобаў (рамесьнікаў і тых, хто займаецца агратурызмам).

“Што да дзеяньня пастановы, то, паводле Андрэя Тура, на дамовы, падпісаныя да 2 жніўня, дзеяньне дакумэнта не распаўсюджваецца”, — адзначыў Карагін.

Ён таксама паведаміў, што Міністэрства эканомікі, як вынікае з слоў Тура, ня ёсьць распрацоўшчыкам пастановы № 991, аднак будзе займацца тлумачэньнем яе дзеяньня.

Дакумэнт выключае пасярэднікаў з працэсу рэалізацыі юрыдычным асобам айчынных і імпартных тавараў на тэрыторыі Беларусі. Юрыдычныя асобы цяпер мусяць набываць тавары толькі ў вытворцаў ці іх афіцыйных гандлёвых прадстаўнікоў.

Пералікі афіцыйных гандлёвых прадстаўнікоў, у якіх можна будзе купляць тавары, будуць зацьвярджацца рэспубліканскімі й мясцовымі органамі дзяржаўнага кіраваньня па ўзгадненьні зь віцэ-прэм’ерамі, якія курыруюць адпаведныя сфэры эканомікі.

Каб трапіць у пералік афіцыйных гандлёвых прадстаўнікоў, трэба падаць эканамічнае абгрунтаваньне набыцьця тавараў у пастаўшчыка, паведамляе БелаПАН.
XS
SM
MD
LG