Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урадавай пастановай гандлёвыя пасярэднікі выведзеныя з працэсу рэалізацыі тавараў на тэрыторыі Беларусі. У адпаведнасьці з дакумэнтам, цяпер юрыдычныя асобы павінны набываць тавары толькі ў вытворцаў ці ў іх афіцыйных прадстаўнікоў. У што выльюцца падобныя захады для тысяч прадпрымальнікаў, якія займаліся гэтым бізнэсам?


СЛУХАЦЬ:


МІНІСТЭРСТВА ЭКАНОМІКІ ТЛУМАЧЫЦЬ ПАСЯРЭДНІКАМ

Прадстаўнікі бізнэс-структураў лічаць, што рашэньне ўрада прывядзе да банкруцтва шмат якіх пасярэдніцкіх фірмаў. Гаворыць эканаміст Сяргей Балыкін:

Сяргей Балыкін
“Па-першае, калі дзяржава прымае такія пастановы, то гэта б’е па самой ідэі эканамічнай лібэралізацыі. Сам факт зьяўленьня такога дакумэнту азначае толькі адно: дзяржава ня йдзе ў бок прадпрымальнікаў, ня йдзе ў бок бізнэсу. Яна ня думае пра тыя псыхалягічныя наступствы, якія зьявяцца ў выніку гэтай пастановы. Па-другое, калі распачынаецца нейкая барацьба з пасярэднікамі, то гэта будзе азначаць рост чорнага рынку, рост карупцыі, а таксама будуць расьці кошты, таму што ня будзе канкурэнцыі паміж пасярэднікамі”.

Пасярэдніцкай дзейнасьцю ў Беларусі займаюцца тысячы фірмаў і індывідуальных прадпрымальнікаў. Цяпер іхнія пэрспэктывы пад вялікім пытаньнем. Кіраўнік Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Калінін кажа, што дзяржава працягвае ўмешвацца ў гаспадарчую дзейнасьць камэрцыйных структураў, аднак прыпыняць пасярэдніцтва — ня той сродак, які дапаможа ў вырашэньні эканамічных праблемаў:

“Пастанова для нас стала вялікай нечаканасьцю, таму мы зараз вывучаем, для чаго гэта зроблена і як яна будзе дзейнічаць. З намі ніхто мэтазгоднасьць такіх захадаў не абмяркоўваў, і пакуль незразумела, зь якімі мэтамі пастанова ўвогуле прынятая. Калі з мэтай эканоміі грошай дзяржаўнага сэктару, каб таньней закупляць і прыбіраць пасярэднікаў, то гэта ў пэўнай ступені можна зразумець. Але калі гэта распаўсюджваецца на ўсіх, то гэта не зусім правільная мера. Бо ў прынцыпе няправільна спрабаваць ліквідаваць інстытут пасярэдніцтва”.

Старшыня Сталічнага саюзу прадпрымальнікаў і арандатараў Уладзімер Карагін лічыць, што ўрадавая пастанова “зачэпіць” абсалютную бальшыню суб’ектаў гаспадараньня. Да таго ж, як кажа спадар Карагін, яшчэ нядаўна ва ўрадзе абмяркоўваліся зусім іншыя пэрспэктывы — лібэралізацыя прадпрымальніцкай дзейнасьці:
Уладзімер Карагін


“На мінулым тыдні былі тры нарады ў віцэ-прэм’ераў. Мы абмяркоўвалі зусім іншыя, канструктыўныя пытаньні — як разьвязаць рукі прадпрымальнікам у эфэктыўнай прадпрымальніцкай дзейнасьці, каб наладзіць экспарт беларускіх тавараў, каб можна было больш эфэктыўна працаваць. Увогуле, пасярэдніцкай дзейнасьцю займаюцца практычна ўсе суб’екты гаспадараньня. Вельмі рэдка хто не займаецца, не купляе спадарожна для сябе, не перапрадае. Усе адзін аднаго абслугоўваюць. Сёньняшняя эканоміка — гэта комплекс узаемазьвязаных паміж сабой суб’ектаў гаспадараньня розных формаў уласнасьці, рознай велічыні, розных рэгіёнаў і частак сьвету. І секчы сякерай гэтыя сувязі бяз часу на перабудову, адаптацыю нават пад самымі абгрунтаванымі прычынамі ў эканоміцы — гэта недапушчальна ў прынцыпе”.

Паводле афіцыйнага тлумачэньня, пастанову прынялі дзеля эфэктыўнага выдаткоўваньня сродкаў і правядзеньня адзінай фінансавай палітыкі з улікам уплыву фактараў сусьветнага фінансавага крызісу. Цяпер, каб увайсьці ў лік гандлёвых прадстаўнікоў, трэба падаць эканамічнае абгрунтаваньне набыцьця тавараў у пастаўшчыка. Сам пералік гандлёвых прадстаўнікоў будзе зацьвярджацца органамі кіраваньня пасьля ўзгадненьня зь віцэ-прэм’ерамі, якія курыруюць канкрэтную галіну эканомікі.

Сёньня ў офісе Сталічнага саюзу прадпрымальнікаў і арандатараў праходзіць экстраная экспэртная нарада з прадстаўнікамі больш чым сотні камэрцыйных кампаній, якія ад сёньня ўжо прыпынілі пасярэдніцкую дзейнасьць.
XS
SM
MD
LG