Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пажыцьцёвае пакараньне” для прадпрымальнікаў


Ад сёньняшняга дня ў Менску і шэрагу іншых гарадоў Беларусі падвышаюцца стаўкі адзінага падатку з індывідуальных прадпрымальнікаў. Як гэта можа адбіцца на цэнах і на будучыні прыватнага біззнэсу ў краіне.


Прадпрымальнік Сяргей Балыкін мяркуе, што з увядзеньнем больш высокіх падаткаў цэны большымі ня стануць, асабліва на прадукты. Сваю думку ён абгрунтоўвае так:

Сяргей Балыкін
“Існуе занадта высокая канкурэнцыя. Цяпер у прадпрымальнікаў шмат дзе цэны нават вышэйшыя, чым у крамах. А крамы гэтае падвышэньне падаткаў не закранае. Я асабіста ўжо не набываю нічога на Камароўцы, а хаджу ў бліжэйшую краму”.

Спадар Балыкін кажа, што існуе і яшчэ адна падстава для таго, каб цэны моцна ня скочылі:

“Мясцовы падатак, які штурхаў цэны ўгору, трохі зьнізілі. Што цяпер адбываецца? Падвышаюць стаўкі адзінага падатку, але ж іншыя падаткі крыху меншымі становяцца. Напрыклад, тыя, хто карыстаўся агульнай сыстэмай падаткаабкладаньня, юрыдычныя асобы, плацілі раней мясцовы падатак 15%, а цяпер —5%”.

Прадпрымальнік Аляксандар Макаеў новымі захадамі ўладаў заклапочаны:

Алесь Макаеў
“Ды там ужо няма куды расьці коштам! Можа, хіба што яшчэ на адзеньне. Мне падаецца, што ўсё ідзе да самавынішчэньня прадпрымальнікаў. Яны ўжо не зарабляюць тых грошай, каб “цягнуць” тыя падаткі, што існуюць. Вельмі цяжка стала працаваць, нават у Менску. Людзі пачынаюць скрыгатаць зубамі”.

Спадар Макаеў кажа, што з афіцыйных крыніц ён чуў такую лічбу: 35 тысяч прадпрымальнікаў ад 2009 году перайшлі на спрошчаную сыстэму аплаты падаткаў. “Я цяпер таксама працую паводле гэтай схемы”, — кажа прадпрымальнік:

“І цяпер адчуваецца вялікі недахоп у бюджэт. 35 тысяч прадпрымальнікаў, якія раней плацілі вялікія падаткі, сышлі. І ўлады пачынаюць мітусіцца — няма грошай”.

Эканаміст Леў Марголін, у мінулым, дарэчы, і сам прадпрымальнік, перакананы, што тут справа ня толькі ў грашах:

“Я думаю, што гэта, скажам так, і дробная помста. Напрыканцы мінулага году прадпрымальнікі прымусілі ўрад і прэзыдэнта адмовіцца ад некаторых рэчаў у дачыненьні да прадпрымальнікаў. І каб адпомсьціць, яны цяпер сказалі так: “Мы вас забіваць ня будзем, але атрымайце пажыцьцёвае пакараньне”.

XS
SM
MD
LG