Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВОЛЬНАМУ ЎВОЛЮ. Тыдзень з блогерам ku_palinka


ku_palinka
ku_palinka
«АБЛОГА. ТЫДЗЕНЬ З БЛОГЕРАМ» — летні праект сайту «Свабоды», аўтарскі агляд самых цікавых публікацый, камэнтароў, дыскусій у беларускай блогасфэры ад вядомых блогераў. Пяць разоў на тыдзень.

На гэтым тыдні цікавосткі ў фрэнд-стужцы, суполках Жывога Журналу і іншых плятформаў шукае і камэнтуе ku_palinka.

БЕЛАРУСКІ ДРЭС-КОД


Я ня раз заўважала, што беларусы ў большасьці сваёй апранаюцца або шэра і сьціпла, або ярка і безгустоўна. Вось і malishevsky днямі зьвяртаў увагу на дрэс-код беларусаў і французаў на ваенных парадах. А сёньня feduta зьмясьціў у сваім ЖЖ цытату з іранічнай замалёўкі Тэлемаха Пандорына «Чым пахне прэзыдэнт?». І хаця ня толькі ў Ціны Кандэлакі ўзьнікаюць пытаньні, якія на прэзыдэнце чаравікі, якім дэзадарантам ён карыстаецца і чыёй вытворчасьці на ім гарнітур, галоўнае, каб касьцюмчык сядзеў.



А ў адным зь беларускіх офісаў, як паведамляе amarinka, дзяўчатам забараняюць хадзіць з голымі нагамі. І гэта ў такую сьпёку! Маўляў, гэта неяк «не па-дзелавому». Душыцеся, дзеўкі, у калготах і панчохах, мужыкі ж у чорных нагавіцах парацца! У нас аніякай дыскрымінацыі.

БЕЛАРУСКІ ДЭКОР


Уладальніца часопіса пад назвай «Тэрмометар модзе пад язык» fash-paper зьвярнула ўвагу на абслугу, дэкор і кухню менскага клона маскоўскай кавярні пад цыгарэтнай назвай Vogue. На думку fash-paper — танная падробка, кволая імітацыя з прэтэнзіяй на эксклюзіў. А на мой погляд, гэта нішто іншае, як чарговы «Срэбны грамафон», «Песьня году Беларусі» ці «Наша Белараша».



У афармленьні будынкаў беларусы ўвогуле жгуць. Чаго вартая вось гэтая мэмарыяльная дошка, зьмешчаная ў сваім ЖЖ віцебскім блогерам luchosa пад назвай «Сьвятая тройца»:



Па-мойму, камэнтары тут лішнія. Хаця не, ёсьць, ад ul-sciapan: «У мяне дома вісіць тры карціны: мая, Глобуса і абраз».

АЎТАМАТЫ


Аўтаматы бываюць розныя. Вось вы пра якія адразу падумалі? Ну так, пра АК, напэўна. І я таксама пра гэта падумала, калі прачытала навіну ў блогу 1und20 пад назвай «Найлепшы фінскі снайпэр едзе ў Беларусь. Ён будзе працаваць за адзін мільён даляраў». 1und20 нават апублікаваў зварот да гэтага снайпэра: «Таварыш снайпэр! Працуйце, калі ласка, у „Менск-Арэне“ ці ў Драздах! Ня трэба працаваць у цэнтры гораду! Тут людзі жывуць! Нас жа потым гэбэ па допытах зацягае!».

А снайпэр і сапраўды, відаць, працаваць будзе ў «Менск-Арэне», таму што гэта фінскі хакейны нападнік Юсі Маконэн, які будзе гуляць за менскі клюб «Дынама».

Ага, аўтаматы бываюць розныя. Ну якія яшчэ ёсьць? Напрыклад, гульнявыя аўтаматы. Іх яшчэ «аднарукімі бандытамі» называюць. Таму што, як паведамляе Хартыя, забіваюць яны ў самым літаральным сэнсе гэтага слова. З гэтай нагоды адгукаецца k-atamanchik у сваім блогу: «А як вы ставіцеся да „аднарукіх бандытаў“? Я — адмоўна. Лёгкія грошы — лёгкія праблемы — і ніякіх гарантыі... + мой зямляк (Жыхар Жлобіна павесіўся з-за пройгрышу ў гульнявых аўтаматах)... трэш карацей...»

Але ня толькі гэтых аўтаматаў баяцца нашы людзі. Банкаматы розных гатункаў у рознай ступені расьсеяліся па гарадах і весях Беларусі. Ой, што я кажу, у вёсках, вядома, такой пачвары не сустрэнеш, яна і ў горадзе — як нейкі неапазнаны аб’ект для большай паловы насельніцтва. abrykos днямі ўпершыню пабачыў аўтамат, у якім можна аплаціць усе паслугі гатоўкаю, і зьдзівіўся, да чаго ў нас тэхніка дайшла. Тэхніка магла б і далей пайсьці, толькі вось грамадзтва, не гатовае прымаць выгоды цывілізацыі, выстройваецца ў даўжэзныя чэргі ў касы банкаў, крамаў, вакзалаў і аэрапортаў.

КАЛІ Я ВЫРАСТУ І СТАНУ ДАРОСЛАЙ


А вам у дзяцінстве ніколі не хацелася пазбавіць сьвет ад чарговай тупасьці ці стварыць нешта такое, каб усім стала добра? У ЖЖ muha-elka ёсьць магчымасьць пакінуць праект па паляпшэньні сьвету. Напрыклад, стварыць фонд дапамогі жанчынам, каб сысьці ад нялюбых мужчынаў бяз страху безграшоўя і перасьледу, або фарбу для валасоў, каб не замазвала вушы, або лыжачку адмысловую, каб выскрабала рэшткі ёгурту з краёчкаў, ці тэлефонную фічу, якая б блякавала ўсе званкі гаспадыні тэлефона былым каханкам, калі яна нападпітку.

І ўвогуле я даўно заўважыла, што ідэі і мары, зьмешчаныя ў ЖЖ, зь неверагоднай верагоднасьцю зьдзяйсьняюцца. Проста трэба слушна сфармуляваць свой пасыл у космас. Вось, напрыклад, у krywal ужо ўсё зьдзейсьнілася!

А я вось хачу, каб людзі ў сьвеце ніколі не галадалі. І тым болей не галадалі з уласнай волі. Каб проста жылі на волі і елі ўволю. Каб усяго было ўволю!

Ага. Нічога, што так патасна? Гэта я проста маратону абчыталася. Усё, сыходжу з дыстанцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG