Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«АБЛОГА. ТЫДЗЕНЬ З БЛОГЕРАМ» — летні праект сайту «Свабоды», аўтарскі агляд самых цікавых публікацый, камэнтароў, дыскусій у беларускай блогафэры ад вядомых блогераў. Пяць разоў на тыдзень.

На гэтым тыдні цікавосткі ў фрэнд-стужцы, суполках Жывога Журналу і іншых плятформаў шукае і камэнтуе ku_palinka.

Як злавіць амура?


Пакуль усе блогеры пакуюць валізкі, я апошні тыдзень перад адпачынкам прысьвячаю агляду ЖЖ для Радыё Свабода. А фрэндстужка ўжо ва ўсю стракаціць «аччотамі» з розных вандровак і іншых відаў актыўнага адпачынку.

Адпачынак на канапе з пультам ад тэлевізара — гэта не пра блогера. Сапраўдны блогер шукае прыгодаў, новых уражаньняў, цікавых знаёмстваў, каб было пасьля пра што пісаць у ЖЖ.

Дык вось branislavawna на выходных дома не сядзела, а ўстала а 5-ай раніцы і злавіла на сажалцы нікога іншага, як белага амура! «А перад тым як закінуць вуды, сматрыцель сказаў, што калі ня ведаеце, як лавіць амура — нават не спрабуйце. Бо тут заўзятары тыднямі на яго палююць. А я закінула вуду і злавіла. Больш за кіляграм. Нават цяпер не ўяўляю, як яго выцягнула на бераг».



Відаць, гэта добры знак, і branislavawna павінна чакаць амура і на асабістым фронце.

Гуляючы па Карлавых Варах, pan-tadeush заўважае, што «немалая частка турыстаў тут „рускія“. Ну, наколькі рускія, дакладна цяжка вызначыць, бо для чэхаў увесь постсаюз — гэта рускія, але, так ці інакш, шмат дамоў і кватэр выкуплена тут менавіта імі. Ёсьць і крамы, што належаць „рускім“, а надпісы на рускай мове — дык паўсюдна». Але мы рускія ня толькі для чэхаў. Мы рускія для ўсяго сьвету, а найбольш — для супрацоўнікаў гатэляў, паводле апытаньня якіх і складаюцца рэйтынгі турыстаў па ўсім сьвеце.

Ах, акцыя «Дай назву цягніку» не пакінула і мяне абыякавай, бо, як-ніяк, адным з варыянтаў для галасаваньня была абрана назва «Купалінка». Яна, на жаль ці на шчасьце, у галасаваньні на tut.by заняла другое месца, а вось першае наш электарат аддаў назьве «Белый аіст». З гэтай нагоды адгукнуўся vadim-i-z, зьмясьціўшы наступную карцінку:

У камэнтарах да паста прапануюць уключыць кілішак каньяку ў кошт квітка.

Блогерка wroblewska перасьцерагае нас, як не зацяжараць падчас адпачынку асабліва вычварэнскім спосабам. То бок звычайным — калі ласка, цяжарайце! «Грамадзянка Польшчы падала пазоў у суд на адміністрацыю эгіпэцкага гатэлю, адпачынак у якім скончыўся для ейнай 13-гадовай дачкі цяжарнасьцю. Жанчына сьцьвярджае, што адзіная магчымая прычына гэтага — вада ў агульным басэйне, дзе яны купаліся». Пані wroblewska неміласэрна лічыць такі шлях захаваньня гонару дзяўчынкі абсурдным, а я дык, прызнацца, заўжды з падазрэньнем ставілася да купаньня ў падобных месцах, хаця мне розныя спэцыялісты неаднаразова даказвалі, што спэрматазоіды не жывуць у марской вадзе і хлёрцы. А хто іх ведае?!

А калі вы раптам зараз у Пэкіне, то можаце ўключыць FM-радыё, і, магчыма, яно загаворыць з вамі па-беларуску. Прынамсі alesarkush сьцьвярджае, што ў Пэкіне на FM ёсьць трохгадзінная перадача па-беларуску.

На базары ў Віцебску


Усе мае знаёмыя віцебчукі імкнуцца як найдалей выехаць з гораду — хто на лецішча, хто на вёску, хто ў сталіцу, каб на час гэтага агульнанароднага базару зьнікнуць з культурнай сталіцы Беларусі.

Вось і стужкафрэнд luchosa зь Віцебску піша, што раней яму на гэта шчасьціла. А вось апошнія пару гадоў даводзіцца трываць віцебскае вар’яцтва. «Былі ж часы, — піша luchosa, — калі Віцебск сапраўды быў КУЛЬТУРНАЙ СТАЛІЦАЙ! Я маю на ўвазе тыя часы, калі праводзіўся ў горадзе «Парад дыксілэндаў» і восеньскі фэст джазу «Віцебская восень», на які прыяжджалі сапраўдныя зоркі, інтэлектуальныя, разумныя і адукаваныя. Вось тады я ганарыўся сваім горадам, а жыхары станавіліся культурнейшымі ва ўсіх адносінах. Увы... Тыя часы ўжо не вярнуць, а балем правяць кіркоры з баскамі. Але гэта тое, што ўлада дэкляравала ў межах праграмы пра «чарку і скварку»...

Адзінае, што прываблівае ў Віцебску падчас «Славянскага базару», — гэта «Горад майстроў» з цудоўнымі мастацкімі вырабамі і выставамі мастакоў.


Кароткі камэнтар пра конкурс маладых выканаўцаў ад wnickey «Адзіную песьню па-беларуску ў конкурсе прасьпяваў канкурсант з Расеі. Дажыліся...»

Грунвальд


Як вядома, 15 ліпеня 1410 году нашы продкі пераламілі ход гісторыі. Праз год мы адзначым 600-годзьдзе з дня гэтай вялікай бітвы. А пакуль...



Але найбольш адвязным сьвяткаваньнем Грунвальдзкай бітвы мае стаць «Бітва падушкамі», пра якую інфармуе ў сваім ЖЖ reaktivny-puz.

Падушачны бой — найлепшы спосаб зьняць стрэс, павесяліцца і ўспомніць дзяцінства. А тым больш у такі дзень! 599 гадоў Грунвальду, як-ніяк.

Плян дзеяньняў:

1) Прыходзіш 15 ліпеня а 19:30 у сквэр Янкі Купалы (насупраць цырка), проста да помніка;

2) Не забудзь узяць з сабой падушку;

3) Далучаесься да адной з камандаў (па якім прынцыпе — даведаесься на месцы) — і панеслася!

Пасьля бітвы абяцаюць расьпіцьцё гарбаты і знаёмства :)

Як жа я любіла ўсе гэтыя дзіцячыя вар’яцтвы, толькі вось мама ніколі не дазваляла гэтак гарэзьнічаць. Па-мойму, варта туды прыйсьці хаця б для таго, каб паздымаць, як лётае пер’е ў паветры ў адным з маіх самых улюбёных сквэраў.

Ну і напрыканцы для тых, хто ўсё-ткі вымушаны ў пэрыяд адпачынкаў сядзець у Менску, прапаную пасядзець у Лёндане, то бок у кавярні «Лёндан», дзе зараз адбываецца фотавыстава paller.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG