Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУР’ЁЗ VS ЗАБАЎКА. Тыдзень з блогерам ku_palinka


ku_palinka

ku_palinka

«АБЛОГА. ТЫДЗЕНЬ З БЛОГЕРАМ» — летні праект сайту «Свабоды», аўтарскі агляд самых цікавых публікацый, камэнтароў, дыскусій у беларускай блогасфэры ад вядомых блогераў. Пяць разоў на тыдзень.

На гэтым тыдні цікавосткі ў фрэнд-стужцы, суполках Жывога Журналу і іншых плятформаў шукае і камэнтуе ku_palinka.

ВОСТРА САЦЫЯЛЬНА


Сёньня пачну з навіны, якая мяне асабіста вельмі ўзрушыла і абурыла. Рашэньнем Мінгарвыканкаму № 4315 ад 01.07.2009 «у мэтах эканоміі паліўна-энэргетычных рэсурсаў» загадана «спыніць падачу цеплавой энэргіі на гарачае водазабесьпячэньне да пачатку ацяпляльнага сэзону» ў шэрагу населеных пунктаў Менскага раёну. І абурыла ня столькі тое, што нашы чыноўнікі не дадумаліся да больш крэатыўнага выйсьця з грашовага вакуўму пасьля парадаў і базараў, а тое, што цярпець за ўсіх будзе Менскі раён. Ці нават толькі некаторыя яго часткі. Блогеры раяць загарадным жыхарам запасацца бойлерамі, генэратарамі і печкамі-буржуйкамі. Ну што ж, варта паслухаць парады, бо на ўладу спадзявацца не даводзіцца.

Дарэчы, у блогу lemantar сёньня можна пабачыць цікавы фотарэпартаж з адзначэньня 65-годзьдзя вызваленьня Севастопалю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

«Асаблівы смак — ехаць на 65-годзьдзе вызваленьня Севастопалю ў нямецкім шлеме з георгіеўскай стужачкай».



А malishevsky ня бачыць асаблівай розьніцы паміж парадамі ў Францыі і ў Беларусі: «У нас парад прымае хто? Хлопчык на імя Коля. У Сарказі галоўны чалавек на парадзе — дзяўчына на імя Карла Бруні». Толькі ў французаў прэзыдэнт — мужчына, а ў нас — бацька.

ТУПА САЦЫЯЛЬНА


Аматары футболу праз трансьляцыю канцэртаў «Славянскага базару» ня здолелі пабачыць пераможную гульню барысаўскага клюбу «БАТЭ» супраць македонскай «Македоніі». Напачатку я, як асоба далёкая ад футболу, падумала, што нашы хлопцы з Барысава гулялі са зборнай Македоніі, аднак высьветлілася, што традыцыя называць крамы, станцыі, трактары і футбольныя клюбы імем краіны ўласьцівая ня толькі беларусам. (Насамрэч, як паведаміў theusz, македонскі клюб называецца ФК Mакедонія Горчэ Петров). У сувязі з гэтым, як паведамляе bsvno ў суполцы by, 25 ліпеня Барысаў чакае не абы-якога госьця — самога Мішэля Плаціні, прэзыдэнта УЕФА, які наведае фінал моладзевага чэмпіянату Эўропы сярод дзяўчат да 19 год.

ТУПА ЗАБАЎЛЯЛЬНА


Ад сур’ёзных тэмаў пяройдзем да розных забавак, апытанак і тэсьцікаў, якія так характэрныя для ЖЖ-дыскурсу. Часам і блогерам трэба адпачыць ад загонных тэмаў і дыскусіяў — і тады яны галасуюць, гуляюцца, тэсьцяцца і флэшмобяцца.

Па ЖЖ сёньня блукае тэст пад назвай «100 галоўных кніг сьвету», у якім зьмешчаны даволі спрэчны сьпіс знакавых кніг усіх часоў і народаў. Але складаньне падобных рэйтынгаў заўжды спрэчнае, таму ў падобных тэстах можна хіба праверыць сябе на веданьне тых ці іншых назваў і прозьвішчаў.

Не магу абмінуць сваёй увагай і тэставанку ад часопіса «ПрайдзіСьвет», у якой прапануецца праверыць сябе на перакладчыцкую лёгіку.

ПрайдзіСвет — прайдзі тэст!
Тэст на перакладчыцкую логіку
мой вынік – 18 з 20
У вас сумяшчаюцца дзве несумяшчальнасці – логік і перакладчык! Заўжды захоўвайце баланс паміж гэтымі сутнасцямі. Поспехаў!
Прайдзі Тэст!
Шчыра кажучы, асабліва прыемна, што тэставанка прыйшлася даспадобы жжыстам, бо складаў гэты тэст аўтар гэтага тэксту, то бок ваша пакорная слуга.

prajdzisvet у сваім ЖЖ прапанаваў яшчэ адну гульню для стомленых сонцам і працай аматараў літаратуры — распазнаць у перакладах на мову лічбаў вядомыя беларускія вершы.

ВОСТРА ПАМЕЖНА


Але перакладчыцкая тэма сёньня не абмяжоўваецца толькі рознымі забаўкамі. siarhiejsalas зьмясьціў рэйтынг зборнікаў перакладных апавяданьняў, якія прачытаў цягам апошняга месяца:

1. 20 польскіх апавяданьняў.

2. Чалавек, які скраў сьцяну плачу. 15 ізраільскіх апавяданьняў у перакладах Паўла Касьцюкевіча.

3. Сучаснае швэдзкае апавяданьне.

Але, як заўважае siarhiejsalas, «вывучаць краіны праз нацыянальную літаратуру займальна. І асабліва тыя, у якіх ніколі не бываў, але яшчэ больш займальна вывучаць краіны непасрэдна ў саміх краінах». Цягам наступных трох тыдняў siarhiejsalas плянаваў вывучаць сярэдні захад ЗША, аднак яго завярнулі беларускія памежнікі, пра што тут жа напісаў у сваім блогу andorac.


via giacinte

Зьвярнуў сваю ўвагу на рэцэнзію Ганны Кісьліцынай на «Сучаснае швэдзкае апавяданьне» Славамір Адамовіч, які сёньня вяртаецца ў Беларусь з далёкай і доўгай эміграцыі ў Нарвэгіі. З гэтай нагоды ён узгадвае сваю акцыю пратэсту «Зашыты рот» З0 жніўня 1997 у Менску. Сапраўды, варта разьмяжоўваць акцыі пратэсту і мастацкія пэрформансы: «Мушу ўдакладніць: акцыя «зашыты рот» была менавіта палітычнай акцыяй, жэстам, рэакцыяй адчаю, — як і палітычная сухая галадоўка ў турме КДБ у 1996-м, як і шэсьце з паходнямі ў Менску 27 ліпеня 1994-га, як і 1-ы зьезд нацыяналістаў у Віцебску, як, зрэшты, і мой ад’езд у 2002-м у Нарвэгію і сёньняшняе адтуль вяртаньне...

А пэрформанс, пэрформанс — гэта тэатральна-мастацкая пастаноўка, аўтары якой зусім не зьбіраюцца ахвяраваць сваімі здароўем, свабодай, а то і жыцьцём».

Намаганьнямі блогераў pozirk.org быў зроблены пераклад кнігі пра вандроўкі па Вялікім Княстве ў 1778 годзе Ўільяма Кокса, які сустракаўся з апошнім каралём Рэчы Паспалітай, асабіста размаўляў з Тызэнгаўзам і Жылібэрам у Горадні і ўвогуле шмат цікавага піша пра Вялікае Княства. Урывак з кнігі можна прачытаць тут.

ВОСТРА ЗАБАЎЛЯЛЬНА


А завяршыць агляд хочацца ну зусім ужо несур’ёзна — дэманстрацыяй вясельна-паштовачнай творчасьці palunisa, якой востра нестае на беларускім рынку паслуг.

XS
SM
MD
LG