Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскія ўлады забаранілі пікет у абарону жывёл


Менскія гарадзкія ўлады забаранілі пікет у падтрымку бяздомных жывёлаў. Ён меўся прайсьці 10 і 11 ліпеня ля пункту адлову і часовага ўтрыманьня жывёлаў “Фаўна гораду” што на вуліцы Гурскага ў Менску.

Заяўнікі пікету лічаць, што адмова сьведчыць пра тое, што гарадзкія чыноўнікі абараняюць падведамасную ўстанову і ня хочуць паляпшаць яе працу.

Мэтай меркаваных пікетаў было прыцягнуць увагу грамадзкасьці да, як кажуць заяўнікі, жорсткага й нецывілізаванага забойства жывёлаў і наладзіць дыялёг з уладамі дзеля вырашэньня гэтай праблемы.

Старшыня зоаабарончай арганізацыі “Эгіда” Натальля Бялянава паведаміла, што праблемы, якія прывялі да рашэньня правесьці пікет, пачаліся пасьля прыходу ў “Фаўну гораду” новага дырэктара. Яна кажа, што былі скасаваныя важныя пачынаньні абаронцаў жывёлаў:

  • аплата лаўцоў жывёлаў у выглядзе сталага заробку, а ня зьдзельная
  • прыход пэрсаналу, неабыякавага да лёсу жывёлаў
  • агучваньне цяжкасьцяў і праблем з утрыманьнем жывёлаў, што паспрыяла валянцёрскай і вэтэрынарнай дапамозе.

Сярод эўрапейскіх дзяржаў Беларусь адзіная, у якой няма закону пра абарону жывёл ад жорсткага абыходжаньня. У краіне толькі два нарматыўныя акты, якія тычацца жывёлаў. Першы — пра ўтрыманьне іх утрыманьне, другі — пра адлоў, адстрэл і эўтаназію.

Абаронцы жывёлаў сьцьвярджаюць, што жыльлёва-камунальная гаспадарка ня мусіць займацца бяздомнымі жывёламі, бо не зацікаўленая ў іх лёсе.

Калі кот ці сабака згубіліся на вуліцы, то ня выключана, што яны трапяць у “Фаўну гораду”, дзе праз пэўны час будуць забітыя.

Алена Цітова, старшыня арганізацыі “Абаронім жыцьцё”: “Для забойства можа выкарыстоўвацца прэпарат Т-61. Ён паралізуе дыхальныя мышцы й выклікае доўгую пакутніцкую агонію. Гэты прэпарат забаронены ва ўсім цывілізаваным сьвеце”.

Алена Цітова лічыць, што трэба ладзіць пікеты, інфармаваць грамадзтва, каб прымусіць улады пайсьці на дыялёг.

Арганізатары пікету разьлічвалі данесьці да грамадзтва свае прапановы.

Маргарыта Пушкевіч, старшыня арганізацыі “Заасьвет”: “Самае галоўнае — трэба на дзяржаўным узроўні прыняць праграму пра забарону бескантрольнага разьвядзеньня сабак і катоў. Гэты мэтад апрабаваны ў краінах, дзе з гэтым справіліся — у Нямеччыне, Англіі і г.д. Гэтая праграма нястратная”.

19 ліпеня ў парку “Дрымлэнд” абаронцы жывёлаў правядуць дабрачынную акцыю “Быць дабру”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG