Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія паляўнічыя трафэі здабывалі вядомыя людзі?


Іна Студзінская, Менск Паляваньне была вельмі папулярным сярод савецкай партыйнай намэнклятуры. Сакратары ЦК любілі паляваць ў Белавескай пушчы, іншых запаведніках. Для іх паляваньне арганізоўвалі. Пра гэта ходзіць шмат показак: як выпусьцілі мядзьведзя з цырку, той убачыў нечы ровар і паехаў на ім, а ў сакратара ЦК быў шок...

Вельмі любяць паляваньне вайскоўцы – гэта і зразумела: умеюць абыходзіцца са зброяй. Заўзяты паляўнічы -- былы міністар абароны, генэрал Павал Казлоўскі:

“Ёсьць галава дзіка, чучала. Ёсьць рогі лася, аленя. Усё гэта законна, ліцэнзіі маем і на дзіка, і на лася, і на козачку, і на зайца. Я люблю загоннае паляваньне, калі загоншчыкі з сабакамі падымаюць статак дзікоў, калі такое паляваньне энэргічнае, на вялікай хуткасьці! Самае важнае для мяне – гэта сам працэс паляваньня: сустрэча зь сябрамі, і па кілішку маленькаму, цёплыя размовы, байкі паляўнічыя... І калі з паляваньня прыяжджаеш без трафэяў – гэта не самае страшнае. Самае галоўнае – пабыць сярод сяброў”.

Старшыня Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, генэрал міліцыі Мечыслаў Грыб паляваў, калі працаваў у Віцебску. Пасьля таго, як 17 гадоў таму пераехаў у сталіцу, на паляваньні ня быў ні разу:

“Ёсьць шкура воўка, ёсьць рогі ласіныя, недзе на лецішчы ляжаць – ёсьць гэтыя трафэі. І ваўкі былі, і ласі былі. Ну, у нас жа тут асабліва рэдкіх трафэяў няма – тыграў, мядзьведзяў... Мядзьведзі ёсьць, але паляваньне на іх забароненае... Але гэта ўсё было даўно. Гэта такі азарт: узяць стрэльбу, з брыгадай пахадзіць па лесе, пабыць у загоне, пасядзець у засадзе, і, зразумела, нешта здабыць падчас гэтага паляваньня”.

Знайсьці паляўнічых сярод людзей творчых – мастакоў, літаратараў, актораў – аказалася справай складанай. Творчыя натуры рэдка захапляюцца паляваньнем, яны больш любяць рыбачыць ці зьбіраць грыбы. Беларускі паэт з Вільні Алег Мінкін паляваў у маладосьці, калі працаваў у Сыбіры. Трафэі ў яго захаваліся:

“Лісічка засталася, такая падробленая. Мы вырабілі чучала з жонкай, глушчы, курапаткі, вавёркі, зайцы, лісіцы. Гэта было ў Цюменскай вобласьці, горад Наябрск, мяжа Ханты-Мансійскага і Нянецкага аўтаномных акругаў. Нафту там здабывалі. Я там працаваў інжынэрам тэхнагляду. З аднаго боку ідзеш, глядзіш, як усё зроблена – гэта ж вялікі кілямэтраж па лесатундры. Заадно там са стрэльбаю хадзіў”.

Карэспандэнтка: “А цяпер не палюеце?”

Мінкін: “Не, гэта не мая абсалютна стыхія”.

Даведалася я, што некаторыя беларусы выяжджаюць нават ў Афрыку, на сапраўднае сафары. Кіраўнік тэлекампаніі “Сваё кола” Улад Мурашкевіч, да прыкладу, любіць экстрым: сплаўляцца па горных рэчках на катамаранах, хадзіць у горы, займацца сноўбордынгам, дайвінгам, рафтынгам. Ня раз быў ён на сафары:

“На сафары я ежджу, і ня толькі на паляўнічыя, але і на дайвэрскія. Матаемся па пустэльнях на джыпах. Але страляць не люблю ў прынцыпе, ад паляваньня задавальненьня не атрымліваю. У жывёлаў рука не ўздымаецца страляць. Дый як можна ў жывёліну страляць? Яна ж прыгожая...”—сказаў аматар сафары Кіраўнік тэлекампаніі “Сваё кола” Улад Мурашкевіч.
XS
SM
MD
LG