Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будуць легалізаваныя хатнія “чырванакніжнікі”?


У Беларусі пачаў дзейнічаць новы закон “Аб жывёльным сьвеце”. Адным зь ягоных артыкулаў прадугледжана абавязковая рэгістрацыя дзікіх жывёлаў, якія ўтрымліваюцца ў няволі. Перадусім гэта тычыцца відаў, якія ўнесеныя ў “Чырвоную кнігу” Рэспублікі Беларусь ці ахоўваюцца Канвэнцыяй аб міжнародным гандлі відамі дзікай фаўны і флёры, якія пад пагрозай зьнішчэньня. Рэгістрацыю праводзіць Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя ў прысутнасьці ўладальніка рэдкага экзэмпляра. Ці актуальны закон для Беларусі?


У адпаведнасьці з новым законам зарэгістраваць рэдкага для беларускіх шыротаў прадстаўніка жывёльнага сьвету неабходна цягам месяца з таго моманту, як яго набылі ці адлавілі. Тое ж тычыцца і нашчадкаў жывёлы, якія нарадзіліся ў няволі.

Экзотыкі ў беларускіх кватэрах амаль няма

Але ці актуальны такі закон для Беларусі? Намесьнік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Аляксандар Апацкі кажа, што найперш ён тычыцца “чырванакніжнікаў” — відаў, якія трапілі ў нацыянальную ці міжнародную “Чырвоную кнігу” і маюць патрэбу ў асаблівым кантролі:

“У любым выпадку гэта актуальна. “Чырванакніжнікі” — гэта рэдкія віды жывёлаў, якія могуць утрымлівацца ў няволі, могуць даваць прыплод. То бок трэба найперш іх кантраляваць. Нягледзячы на ўтрыманьне ў няволі, “чырванакніжнік” павінен стаяць на ўліку. Іншы бок, што гэтым можна пашыраць папуляцыю. Усім вядома: за апошнія 30 гадоў некаторыя віды шматразова ў сьвеце скараціліся. І гэта ня толькі беларуская праблема. Ёсьць агульныя віды, якія ідуць у міжнароднай клясыфікацыі. Яны ахоўваюцца, рэгулюецца іх перамяшчэньне. А ёсьць нацыянальныя, якія трапляюць у нашу “Чырвоную кнігу”. Гэта вельмі важныя рэчы і для міжнароднай супольнасьці, і для нас. Іншае пытаньне, што гэта складана адразу зрабіць, пераканаць людзей. Гэта мэнталітэт, магчыма, няведаньне закону, гэта трэба папулярызаваць. Зь цягам часу, думаю, у гэтай справе будзе наведзены парадак”.

Карэспандэнт: “Вы ўжо адчулі, што выпадкаў рэгістрацыі стала больш?”

“Я ўвогуле не скажу, што ў нас масава ўтрымліваюць рэдкіх жывёлаў. Даволі невялікі працэнт нашых грамадзянаў, якія ўтрымліваюць некаторыя віды “чырванакніжнікаў”. Тут масавасьці такой ня будзе, але праца пачалася”.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, рэгіструюцца адзінкавыя выпадкі ўвозу ў Беларусь экзатычных жывёлаў. Перадусім гэта чарапахі, удавы, вараны, драпежныя птушкі, а таксама чыюкі.

Некаторыя аматары дзікай прыроды маюць у сваіх калекцыях хамэлеонаў, кракадзілаў і нават малпаў. Аднак няведаньне спэцыфічных умоваў догляду, патрэбных для жывёльнай экзотыкі, часта сканчаецца трагічна: такія экзэмпляры ці хутка паміраюць, ці пакутуюць у непрыдатных умовах. Прыкладам, у адным зь менскіх бараў у звычайным акварыюме жыў кракадзіл. Гаспадары гэтым фактам вельмі ганарыліся, ахвотна распавядаючы, што спэцыяльна не даюць яму больш месца, каб той ня рос. У выніку ізаляцыі, падмацаванай “у прафіляктычных мэтах” жорсткай дыетай, кракадзіл здох.

Прага да незвычайнага — за кошт экс-чырванакніжнікаў

Актывістка таварыства аховы жывёлы “Заасьвет” Маргарыта Пушкевіч кажа, што адносіны чалавека да жывёлы, якая жыве ў хаце, часам бываюць жорсткімі. І калі ўчорашні ўлюбёнец урэшце надакучыць, яго проста выкідаюць на вуліцу. А гэта параўнальна з забойствам, бо не прывучаная да самастойнага жыцьця жывёліна вельмі хутка стане ахвярай альбо голаду, альбо жывадзёраў:

“Нельга нікога забіваць. Калі Бог падарыў гэтае жыцьцё, то і чалавек, і жывёліна павінна жыць. І толькі ў скрайнім выпадку, калі гэтая жывёліна прыносіць якуюсьці шкоду ці насамрэч з чалавечай віны вельмі распладзілася, дык гэта чалавек павінен несьці адказнасьць. У нас жа асобнымі відамі дзейнасьці адмыслова займаюцца. Так, цэлая армія вытворцаў жывёлін трымае па 10—20 сучак — прыкладам, зараз вельмі модныя францускія бульдогі. І яны іх бязь меры плодзяць. Дык гэтых людзей трэба штрафаваць за такую перавытворчасьць жывёлы. Урэшце давайце рабіць, як на Захадзе — гуманная сьмерць праз іньекцыю. Прэпарат, які абязбольвае, пасьля чаго жывёліна засынае. Але ня тое, што адбываецца ў нас”.

Калі надта хочацца завесьці жывёліну, заолягі раяць экзатычных птушак.

У апошнія гады на вясковых падворках пачалі гадаваць страўсаў. У вёсцы Казішча (Кобрынскі раён Берасьцейшчыны) — адна з найбуйнейшых ва Ўсходняй Эўропе спэцыялізаваных страўсіных фэрмаў. Тут гіганцкіх птушак гадуюць, а мяса, яйкі і скуру прадаюць гандлёвай сетцы.

Супрацоўнік фэрмы Сяргей Гапоненка кажа, што афрыканскі страўс прыстасаваны да беларускіх зімаў. Праўда, кажа спадар Гапоненка, страўса трэба адмыслова даглядаць:

У аднаго нашага кліента птушка, сям'я, знаходзіцца прыкладна на 1,5 сотках зямлі. І вельмі мала яек яны атрымліваюць
“Прыкладам, у нашых умовах, калі не прытрымлівацца патрабаваньняў — перадусім каб была парадку 80 мэтраў даўжыня загону — то яйканоснасьць падае прапарцыйна даўжыні загону. У аднаго нашага кліента птушка, сям'я, знаходзіцца прыкладна на 1,5 сотках зямлі. І вельмі мала яек яны атрымліваюць. У іншых людзей, якія ня так даўно купілі маладую сям'ю, каля 10 сотак на тры галавы, і вось яны ўжо пачалі зьбіраць яйкі як ад добрай сям'і. Хоць сям'я зусім маладая. Шмат што залежыць ад добрага корму, якога, дарэчы, ім трэба ня вельмі шмат. Так, дарослая галава спажывае ў дзень прыкладна 2 кіляграмы камбікорму. Тры асноўныя кампанэнты: ячмень, авёс, пшаніца. І плюс самыя разнастайныя дадаткі. П'юць ваду. Нібыта і няшмат, але бывае, што ў гарачы летні дзень выпівае да 20 літраў”.

На некаторых падворках можна ўбачыць яшчэ адну замежную экзотыку — паўлінаў. Гэтыя птушкі таксама вызначаецца суровым норавам. У асобных выпадках іх трымаюць замест вартавых сабакаў — убачыўшы чужога на сваёй тэрыторыі, паўліны крычаць надзвычай голасна. У дэцыбэлах зь імі не зраўнаецца ніякі сабака.
XS
SM
MD
LG