Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За што “ўтылізавалі” 277 папугайчыкаў?



Супрацоўнікі вэтэрынарнага пункту Мінсельгасхарчу, як гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні, “утылізавалі” 277 кантрабандных папугаяў. Такім чынам вэтэрынары засьцерагліся ад распаўсюду птушынага грыпу.

Зьнішчэньне птушак выклікала актыўную дыскусію на форумах. У большасьці сваёй аўтары допісаў асуджаюць дзеяньні вэтэрынараў.

Ці затрымліваюць забароненых да ўвозу ў краіну жывёлаў і птушак беларускія памежнікі і мытнікі? Які лёс іх чакае?

Вэтэрынар Берасьцейскага вэтэрынарна-памежнага пункту паведаміў:

“Апошнім часам па ўвозу птушак – поўная забарона. Вэтэрынарная служба вызначае перасоўваньне ў залежнасьці ад сытуацыі на бягучы момант па інфэкцыйным захворваньням ў сьвеце. Так, можна везьці шмат чаго, але калі ў нейкіх краінах успышкі нейкіх хваробаў, то аўтаматычна ўводзіцца поўная забарона”.

Лёс папугаяў вырашалі не памежнікі, а вэтэрынары

Ці часта адбываюцца такія выпадкі на мяжы? Супрацоўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Аляксандар Цішчанка распавёў:

«Гэта факты адзінкавыя, масавых спробаў перамясьціць праз мяжу вялікія партыі кантрабанднай экзатычнай жыўнасьці не было. Вось і апошнія папугаі – нейкі нетыповы выпадак. Нехта пралічыў, што можна падзарабіць... Што тычыцца іх утылізацыі – памежная служба не прымае рашэньня па канфіскаваных таварах, па той жа самай жыўнасьці. Мы канфіскуем і перадаём усё ў кампэтэнтныя службы, якія і вырашаюць лёс таго ці іншага тавару».

Усясьветны абарот незаконнага гандлю дзікімі жывёламі і расьлінамі паводле ацэнкі Інтэрполу выйшаў на другое месца пасьля гандлю наркотыкамі, абагнаўшы нелегальны гандаль зброяй, і дасягнуў 15 мільярдаў даляраў у год. Галоўнымі пастаўшчыкамі «жывога тавару» зьяўляюцца Афрыка, Паўднёвая Амэрыка – экзатычныя птушкі і жывёлы (папугаі, малпы); Паўднёва-Ўсходняя Азія -- рэптыліі, земнаводныя, амфібіі (чарапахі, зьмеі, яшчаркі), Эўропа – энтамалягічныя калекцыі насякомых.

Што з экзатычных відаў флёры і фаўны можна ўвозіць ў Беларусь?

Беларусь далучылася да Канвэнцыі «Аб міжнародным гандлі відамі дзікай фаўны і флёры, што знаходзяцца пад пагрозай зьнікненьня”.

Сьпіс забароненых да ўвозу ў Беларусь жывёлаў і расьлінаў – болей за 30 старонак. Дарэчы, забаронена перамяшчаць празь мяжу больш за 50 відаў папугаяў.

Некалькі разоў транзытам праз Беларусь ў Эўропу кантрабандысты нелегальна спрабавалі вывезьці вялікія партыі чарапах з Сярэдняй Азіі. Іх лёс склаўся даволі шчасьліва – пасьля каранціну раздалі ў заапаркі, жывыя куткі, прадалі праз заалягічныя крамы. Аднойчы, калі мяжу перасякаў полькі цырк, там аказаўся лішні кракадзіл без дакумэнтаў. Яго вярнулі ў Польшчу.

У гарадзенскім заапарку жывуць выратаваныя вярблюд і папугаі

Некалькі гадоў таму ў Берасьці ў вэтэрынарным пункце на каранціне знаходзілася 4 аднагорбыя вярблюды, якіх транзытам везьлі з Казахстану ў Чэхію, але не ў парадку былі дакумэнты на вываз. Жывёлы вельмі цяжка перанесьлі доўгую дарогу, хварэлі. Урэшце, тры вярблюды загінулі, а аднаго ўдалося выратаваць, распавядае супрацоўніца Гарадзенскага заапарку:

“Мы, можна сказаць, адваявалі аднагорбых вярблюдаў. Жывёлы былі вельмі зьнясіленыя, у іх была хвароба скуры, падобная на каросту. Аднаго мы выратавалі, гэта Фая ў нас і дагэтуль жыве. Проста прыгажуня! Калі б своечасова была аказаная мэдыцынская дапамога, жывёліны жылі і зараз. Некалькі гадоў таму мы ў Берасьці забралі німфавых папугайчыкаў, якія жывуць і размнажаюцца і зараз”.

Супрацоўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Аляксандар Цішчанка кажа, што апасацца, што і да Беларусі дакоціцца мода на экзатычных жывёлаў, пакуль ня варта:

“Слана ў нас наўрад ці хто купіць, праўда? І тыгра трымаць няма дзе... У нас проста службы працуюць вэтэрынарныя, санітарныя. І, відаць, мэнталітэт беларуса не арыентаваны на экзатычных жывёлаў. Так, хвалістых папугайчыкаў купляюць дзецям. Ну колькі там маленькі папугайчык каштуе? 20 даляраў. Я не так часта сустракаў, каб людзі куплялі дарагіх экзатычных папугаяў, тым больш, ён каштуе 2 тысячы даляраў. Ну хто можа на такую птушку раскашэліцца? Нават тыя людзі, якія маглі гэта сабе дазволіць, глядзяць рэальна – навошта гэта трэба?”
Коткі і сабачкі павінны мець міжнародны пашпарт і чып

Але часьцяком людзі, якія зьяжджаюць у іншыя краіны, вымушаныя перавозіць праз мяжу хатніх жывёлаў, котак, сабачак, тых жа самых папугайчыкаў. Якія дакумэнты для гэтага патрэбныя, распавядае вэтэрынар Берасьцейскага памежнага пункту:

“Што тычыцца хатніх жывёлаў – котак, сабачак – то на іх патрэбна абавязкова мець міжнародны вэтэрынарны пашпарт, жывёла павінна абавязкова мець чып (без чыпу ў краіны Эўразьвязу не пускаюць), татуіроўку. Жывёла абавязкова павінна прайсьці вакцынацыю супраць шаленства”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG