Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асноўны дэвіз перапісу — канфідэнцыйнасьць


З 14 па 24 кастрычніка ў Беларусі будзе праводзіцца перапіс насельніцтва. У чым асаблівасьці сёлетняга перапісу, хто будзе яго праводзіць, якія будуць пытаньні ў анкеце, ці маюць грамадзяне абавязак адказваць на ўсе пытаньні?


Перапісам будуць займацца Нацыянальны статыстычны камітэт, Міністэрствы ўнутраных спраў, абароны, адукацыі, аховы здароўя, працы і сацыяльнай абароны, Дзяржаўны памежны камітэт. Намесьнік начальніка Нацыянальнага статыстычнага камітэту Сьвятлана Навасёлава распавяла пра мэты перапісу:

“Мы хочам атрымаць інфармацыю пра разьмеркаваньне насельніцтва паводле нейкіх сацыяльна-дэмаграфічных характарыстык. Трэба ведаць, якія зьмены адбыліся ў грамадзтве. Да прыкладу, у нас зьявіліся новыя праявы — грамадзянскія шлюбы. Мы хочам атрымаць толькі статыстычную інфармацыю пра колькасьць насельніцтва ў спалучэньні з дэмаграфічнымі паказьнікамі — гэта адзіная мэта перапісу”.

Перапісчыкі будуць абыходзіць кватэры, дамы, але для тых, хто ня хоча зь нейкіх прычынаў пускаць у хату перапісчыка, будуць створаныя стацыянарныя перапісныя ўчасткі. Тлумачыць супрацоўніца Белстату Сьвятлана Навасёлава:

“Перапіс ажыцьцяўляецца “дэ факта”, а не “дэ юрэ” — то бок месца фактычнага пражываньня чалавека можа не супадаць зь месцам яго прапіскі альбо рэгістрацыі. То бок мы перапісваем рэспандэнта там, дзе ён пражывае са сваёй сям’ёй”.
Пры перапісе ніколі не задаюць пытаньняў, якія закранаюць вельмі асабістыя бакі жыцьця


Іншагароднія студэнты, навучэнцы ВНУ будуць перапісвацца па месцы вучобы. Вайскоўцы тэрміновай службы — па месцы службы. Што да спэцкантынгенту — распавядае першы намесьнік начальніка Галоўнага ўпраўленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі МУС Аляксандар Барсукоў:

“У месцах пазбаўленьня волі, закрытых і адкрытых установах мы будзем самастойна перапісваць тых, хто там знаходзіцца. Гэта тычыцца і лячэбна-працоўных прафілякторыяў, і ізалятараў часовага ўтрыманьня, і сьледчых ізалятараў, турмаў. Будуць створаныя камісіі з кампэтэнтных супрацоўнікаў, якія пройдуць навучаньне”.

У праграму перапісу ўключана 37 пытаньняў па сямі асноўных блёках. Акрамя звычайных анкетных дадзеных, будуць і пытаньні пра крыніцы прыбытку, пра месца працы, нацыянальнасьць, наяўнасьць кампутара, нават падключэньне да інтэрнэту. Перапісчык ня мае права нічога патрабаваць ад рэспандэнта, кажа Сьвятлана Навасёлава:

“У Законе запісана, што рэспандэнт абавязаны не перашкаджаць правядзеньню перапісу і абавязаны даваць поўную і праўдзівую інфармацыю. Пры перапісе ніколі не задаюць пытаньняў, якія закранаюць вельмі асабістыя бакі жыцьця. Але калі чалавек не захоча даць інфармацыю, да прыкладу, пра нацыянальнасьць — гэта ягонае права”.

Сьвятлана Навасёлава пераконвае, што ўся інфармацыя будзе строга засакрэчаная. Усе апазнавальныя прыкметы на момант апрацоўкі перапісных лістоў зьнішчаюцца, ня бачна ні імёнаў, ні прозьвішчаў рэспандэнтаў:

“На ўсіх перапісных аркушах пазначана пра забесьпячэньне канфідэнцыйнасьці. Перапісны пэрсанал падпісвае абавязаньне пра неразгалошваньне інфармацыі і нясе адміністрацыйную адказнасьць. Пры апрацоўцы выкарыстоўваюцца ўсе мэтады па інфармацыйнай бясьпецы пэрсанальных дадзеных. Ніякім падатковым органам гэтая інфармацыя не дастанецца. Яна выкарыстоўваецца толькі ў статыстычных мэтах для атрыманьня абагульненых дадзеных”.

Падрыхтаваныя перапісныя лісты на расейскай і беларускай мовах. Дарэчы, у іх ёсьць некалькі пытаньняў, якія тычацца мовы: якую мову чалавек лічыць роднай, на якой размаўляе, якімі іншымі мовамі валодае. Перапісчыкі павінны валодаць беларускай мовай, запэўніла Сьвятлана Навасёлава:

“Акрамя таго, што перапісчыкі павінны мець пэўныя чалавечыя якасьці, умець правесьці апытаньне, разгаварыць, быць камунікабэльнымі, яны павінны прайсьці адмысловае навучаньне. Перапісныя лісты на беларускай мове падрыхтаваныя, а перапісчыкі павінны таксама працаваць і на беларускай мове”.

Міліцыя падчас перапісу будзе аказваць дапамогу перапісчыкам, кажа палкоўнік МУС Аляксандар Барсукоў.

“Ёсьць кватэры з рэпутацыяй прытонаў. Там мы будзем аказваць дапамогу перапісчыкам, каб не было якіх-небудзь інцыдэнтаў. Альбо прыходзяць перапісчыкі, а там чалавек у стане алькагольнага ап’яненьня — участковы інспэктар проста падстрахуе. А на стацыянарных перапісных пунктах будзем кругласутачна дзяжурыць, будзем ахоўваць, у тым ліку і падпісныя лісты”.

Па першым сыгнале міліцэйскі нарад павінен прыехаць у горадзе праз 7 хвілін, у сельскай мясцовасьці — праз 30.

Для працы перапісчыкамі будуць прыцягваць у асноўным студэнтаў, якія пройдуць навучаньне і тэставаньне. Кожнаму перапісчыку за 10 дзён давядзецца абысьці 300 чалавек. Плата за гэтую працу — 4 базавыя велічыні. А ўвогуле на правядзеньне перапісу выдаткаваны 21 мільярд рублёў бюджэтных грошай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG