Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чытаць па-беларуску я вучыўся два разы. Першы раз у другой палове 1960-х, калі пайшоў у пачатковую школу ў Гародчыне на Падляшшы. Беларуская мова ў нас пачалася з другой клясы. Мне цьмяна прыгадваецца нейкі савецкі буквар з Гагарынам і Ленінам, зь якога мы пачыналі завучваць кірыліцу і белмову. А расейская мова пачалася адно зь пятай клясы.

Здаецца, з трэцяй клясы мы ўжо мелі несавецкія падручнікі па белмове, складзеныя і надрукаваныя ў Народнай Польшчы. Канешне, ва ўсіх тых хрэстаматыях большасьць месца займалі савецкія пісьменьнікі, але трапляліся ўжо і нашыя, беластоцкія, зь Літаратурнага аб’яднаньня "Белавежа". Неяк не прыгадваецца, каб у свае школьныя гады я натрапіў на нешта, напісанае Васілём Быкавым. У кожным разе, у беларускіх "чытанках" у Польшчы Быкава ў той час не зьмяшчалі.

Потым я паступіў у ліцэй у Гайнаўцы, у той "польскі", у якім не было прадмету "беларуская мова", а таму за чатыры гады (1973-1977) я фактычна амаль забыўся, як чытаць і пісаць па-беларуску. Больш за палову вучняў у маёй гайнаўскай клясе складалі беларусы-падляшукі, і па-за заняткамі мы гаварылі паміж сабою па-свойму. Але тады я яшчэ не даўмеўся, што па-свойму можна ня толькі гаварыць, але і пісаць. А пісанага слова па-падляску на той час проста не існавала ў прыродзе.

Завучваць беларускую мову, "усур’ёз і надоўга", мне прыйшлося ўжо ў Варшаве, калі я паступіў на фізычны факультэт тамтэйшага ўнівэрсытэту. У 1978 годзе, у клюбе Беларускага грамадзка-культурнага таварыства ў Варшаве на вуліцы Сэнатарскай, 8, я адкрыў ладную калекцыю нумароў "Маладосьці" і "Полымя", пачынаючы з другой паловы 1950-х. Закарцела даведацца, што сабою ўяўляе беларуская літаратура, і заадно вярнуцца да мовы, якой мяне вучылі, як ніяк, ажно сем гадоў.

Паводле звычкі таго часу, "Маладосьць" і "Полымя" друкавалі поўнасьцю аповесьці і раманы, якія потым выходзілі асобнымі кніжкамі. Дык вось, па гэтых часопісных варыянтах прозы я і склаў сабе ўяўленьне пра беларускую савецкую літаратуру. Тады я ўпершыню і прачытаў Быкава, відаць, "Альпійскую баляду" і "Сотнікава" на пачатак. Васіль Быкаў і Іван Пташнікаў — гэта два пісьменьнікі, дзякуючы якім я да сёньня помню пра беларускую савецкую літаратуру. І дзякуючы якім далей яшчэ чытаю па-беларуску.

З аповесьцяў Быкава ніякі ўцямны вобраз Беларусі для мяне ня ўзьнік. Аповесьці на гэта былі занадта „абстрактныя". Фактычна, быкаўскія псыхалягічна-фабулярныя калізіі можна было зьмясьціць у любыя геаграфічна-сацыяльныя абставіны, або і проста ў "нікуды", як ён гэта зрабіў, прыкладам, у выдатным апавяданьні "Сьцяна" з аднайменнай кнігі прозы. Але яны, дзякуючы якраз сваёй "абстрактнасьці" ці "ўнівэрсальнасьці", былі больш даступнымі для несавецкага і небеларускага чытача. Практычна ўсе быкаўскія творы, як з франтавой, так і партызанскай тэматыкай, можна чытаць як прыпавесьці, дзе побытавая рэчаіснасьць служыць усяго другарадным тлом для ідэі твору.

Другарадным, але не невыразным. Як правіла, тло ў Быкава вымалявана рукой руплівага жывапісца-рэаліста, так і хочацца сказаць, з ХІХ стагодзьдзя. Аб гэтым я дакладна пераканаўся, калі ў 1999 годзе стаў перакладаць "Сьцяну" на польскую мову і знаёміцца з прозай Быкава ўжо не як чытач, а як перакладчык, а гэта значыць, значна больш "інтымна". Там усе рэчы матэрыяльнага сьвету названыя сваімі дакладнымі імёнамі, там няма ніякай "абстракцыі" ці недаакрэсьленасьці. Ці то хата беларускага калгасьніка, ці то дамок у альпійскім мястэчку — усё абмалявана вельмі дэталёва. Аўтару верыш, што ён бачыў і адно, і другое. А таму перакладчыку трэба, заціснуўшы зубы, пакорпацца ў розных слоўніках, каб адшукаць тое адзінае слова, якое можна выкарыстаць у быкаўскім кантэксьце... Перакладаць Быкава няцяжка ў тым сэнсе, што ў яго няма ніякіх моўных гульняў ці стылістычных закавыкаў. Але цяжка таму, што трэба разгрэбці розныя пласты спэцыяльнай лексыкі — вайсковай, архітэктурнай, побытавай — якая ніколі не была ў агульным ужытку, але безь якой твор Быкава будзе гучаць фальшыва.

Наш пераклад "Сьцяны" — я падзяліўся працай з Чэславам Сэнюхам — меў надзвычай добрыя рэцэнзіі, і то ў дзьвюх вядучых польскіх газэтах, „Рэчыпаспалітай" і "Газэце Выборчай".

Пашанцавала мне асабіста сустрэцца зь пісьменьнікам у сакавіку 2003 году, у Празе. Быкаў падпісаўся мне на памяць на асобніку перакладу. Помню, ён панаракаў тады, што цяпер выдаюць ягоныя кнігі, ня плацячы ніякіх ганарараў. Натуральна, польская "Сьцяна" выйшла такім жа чынам — маім калегам у Беластоку ўдалося дастаць грошы на друк і на сымбалічны ганарар для перакладчыкаў, але пра аўтара ніхто тады не падумаў. Мне было вельмі прыкра і балюча чуць гэтыя словы ад пісьменьніка, які апошнія гады свайго жыцьця жыў з дапамогі немцаў і фінаў, то бок, "ворагаў", зь якімі ён змагаўся падчас вайны...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG