Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Be2gether” стартаваў на беларуска-літоўскай мяжы


У Літве на беларуска-літоўскай мяжы праходзіць трэці Міжнародны фэстываль музыкі і мастацтва “Be2gether”.

Сёлетні фэстываль пад голым небам, у часе якога адбываюцца і мастацкія, і спартовыя імпрэзы, паводле арганізатараў, сабраў значна больш удзельнікаў і гледачоў, чым папярэднія.

Назва фэстывалю, які праходзіць каля Нарвіліскага замку, літаральна за 100 мэтраў ад беларуска-літоўскай мяжы, у перакладзе азначае “Будзьма разам”.

На працягу амаль трох дзён на трох вялікіх сцэнах і ў клюбных памяшканьнях выступяць паўсотні выканаўцаў і гуртоў з усяго сьвету.

“Mario Basanov & Vidis feat”, “Jazzu” ды іншыя зоркі электроннай музыкі прадстаўляюць на фэстывалі ад сёньняшняга вечара 7 праектаў жывой танцавальнай музыкі, для якой сёлета, як і летась, аддадзеная асобная сцэна.

Сёлета фэстываль, паводле арганізатараў, зьбірае яшчэ больш удзельнікаў, чым мінулыя фэсты, людзей не напалохалі і прагнозы дажджлівых выходных у Літве. Для беларускіх грамадзянаў, якія мелі кветкі на фэстываль, літоўская амбасада забясьпечыла бясплатныя візы на пэрыяд з 11 да 15 чэрвеня.

Размаўляю зь беларускімі студэнтамі, якія едуць на фэстываль. Аляксандра Ігнатовіч была на ўсіх фэстывалях ад самага пачатку, цяпер едзе трэці раз:

“Мне здаецца, што гэты фэстываль, паколькі ён найбольш даступны для беларускай моладзі ў параўнаньні з усімі іншымі фэстывалямі, стварае добрую магчымасьць менавіта для беларускай моладзі далучыцца да эўрапейскай моладзевай традыцыі, традыцыі open air фэстаў, дзе зьбіраецца вельмі шмат людзей – можа быць і пяць, і дзесяць тысяч чалавек.

І людзі зьбіраюцца, каб мець радасьць ад стасункаў аднаго з адным, з музыкамі, ад адчуваньня вольнасьці, бесклапотнасьці. Мне здаецца, беларускай моладзі якраз гэтага не хапае, бо ў Беларусі не разьвітая культура такіх мерапрыемстваў, такога менавіта маштабу, і таму для беларускай моладзі гэта – найфайнейшая магчымасьць прычыніцца і да эўрапейскіх каштоўнасьцяў сучаснай моладзі, і таксама пашырыць свой кругагляд, і сустрэць новых людзей”.

Аляксандар Ханін, які вучыцца у ЭГУ, на “Be2gether” едзе ўпершыню:

“Гэты фэст – ня проста спосаб бавіць час, але й дачыненьне да эўрапейскай супольнасьці... Мяркую, што будзе шмат новых знаёмстваў, адкрыцьцяў. Я еду не каб паслухаць нейкіх пэўных выканаўцаў, а каб знайсьці там новыя любімыя гурты. Ну й, вядома, паслухаць “Ляпіса Трубяцкога”: я ніколі ня чуў, як яны сьпяваюць жыўцом”.

Беларусь будуць прадстаўляць гурты “The Toobes” и “Ляпис Трубецкой”, якіх дырэктар “Be2gether” Гедрус Клімкявічус прадстаўляе як амбасадараў сёлетняга фэстывалю. “Ляпісы” былі ўдзельнікамі самага першага фэстывалю два гады таму і мелі добры посьпех. У ліку ўдзельнікаў сёлета – “Gogol Bordello”, “Polarkies 18”, “Touch and Go”, “Clawfinger”, літоўская зорка Андрус Мамантавас (праграма фэстывалю).

Летась на фэстывалі найбольш было грузінскіх і бел-чырвона-белых сьцягоў. Бел-чырвона-белыя моладзь прывезла й сёлета.

Галоўны ініцыятар і дырэктар фэстывалю Гедрус Клімкявічус нагадвае, што дэвіз “Be2gether” – “Музыка адчыняе межы”, і таму й месца правядзеньня фэстывалю мае сымбалічнае значэньне:

“Мяркуецца, што ў пару сярэднявечча ў гэтай мясцовасьці знаходзіўся геаграфічны цэнтар Вялікага Княства Літоўскага, а цяпер – геапалітычная вось Эўразьвязу, беларуска-літоўскае памежжа. Гэта вельмі сымбалічна і цікава”.

Апрача музычнай праграмы, на фэстывалі адбываюцца мастацкія і спартовыя імпрэзы, спаборніцтвы і мастацкія варштаты.

Міжнародны фэстываль музыкі і мастацтва “Be2gether” на беларуска-літоўскай мяжы каля Нарвіліскага замку ладзіцца сёлета трэці раз. З кожным годам праграма фэсту пашыраецца. Удзельнікамі фэстаў былі “Morcheeba”, “Gloove Armada”, “Tricky”, “Bloodhound Gang”, “Fools Garden”, “Infected Mushroom”, “Fishbone” і многія іншыя. Сёлета ў праграме фэстывалю “Roni Size & MC Dynamite”, “Delorean”, “Mario Basanov & Vidis feat”, “Jazzu”, “Few Nolder”, “Golden Parazyth”, “Amenų Broliai”. Зь беларускіх гуртоў на фэстывалях ужо выступалі “Drum Extasy”, “NRM”, “IQ-48”, “Ляпис Трубецкой”, магілёўскі гурт “Маўзэр” (былы “Таварыш Маўзэр”), Osimira.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG