Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лявон Вольскі: “На “Be2gether” усё бездакорна" <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Адной з самых цікавых падзеяў першага дня другога Міжнароднага фэстывалю “Be2gether” было выступленьне беларускага гурту "NRM”.

Фактычна, канцэртам “NRM” адкрывалася менавіта музычная частка фэсту. Прымала суседзяў-беларусаў літоўская публіка надзвычай цёпла. Было вельмі шмат беларускіх прыхільнікаў каманды: народ танчыў і весяліўся пад праліўным дажджом зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Гутару з фанатамі гурту:

“Толькі што закончыўся канцэрт “NRM” пад такім дажджом праліўным, нават Лявон Вольскі пажартаваў, што ў Беларусі такога надвор’я не бывае. Не сапсавала надвор’е настрой?”

Слухач: “Не, не сапсавала. Зь іншага боку, ўсё нагадвала становішча ў Беларусі: ідзе дождж, нехта сьпявае, нехта... ня дбае. Гэта ж нармальна”.

Карэспандэнтка: “А ў Беларусі часта даводзіцца слухаць “NRM”?”

“Мне – даволі часта, ня ведаю наконт іншых. Іншым, хутчэй за ўсё, не”.

Карэспандэнтка: “А чаго ехалі – “NRM” слухаць?”

“Ня толькі. На фэст ехалі, добрую музыку паслухаць. Атмасфэра тут цудоўная. І таксама нашых паслухаць”.

“Калі б ня ехалі “NRM” слухаць, пад дажджом бы не стаялі”.

Карэспандэнтка: “А каго яшчэ марыце паслухаць?”

“Ну, гэта даволі вялікі сьпіс: “Infected Mushroom”, “Tricky”,тут шмат цікавага. Маладосьць будзем узгадваць...”



Лявон Вольскі публіку пастаянна падбадзёрваў: нават загадаў так інтэнсіўна танчыць, каб высахнуць за пару кампазыцыяў. Як заўсёды, да выступленьня пад праліўным дажджом паставіўся з гумарам:

“Як ні дзіўна, зь беларускай тэрыторыі ўсё было чысьценька, сонца сьвяціла. А тут празь мяжу літаральна сто мэтраў – і дождж, навальніца. Самі бачыце, які дзяржаўны лад перамагае. Беларусь – гэта краіна стабільнасьці і сонца. А тут самі бачыце, што было, у гэтым капіталізьме жахлівым”.

Карэспандэнтка: “Ну канечне, вам было лепш, чым слухачам – над сцэнай не ня капала. Але я бачыла цалкам мокрую публіку, якая танчыла пад дажджом. Грэе гэта?”

“Грэе. Але публіка была, дарэчы, у дажджавіках, так што нічога страшнага...”

Карэспандэнтка: “А ты бачыў, які бруд быў на зямлі, і як яны босыя танчылі?”

“Я б сам з задавальненьнем са сваёй камандай пакачаўся ў гразі-брудзе, супэр! Гэта ж маладога чалавека толькі натхняе!”

Карэспандэнтка: “Ну а наагул, чаго сюды прыехалі? Чулі раней пра гэты фэстываль?”

“Так, чулі. Сёлета і нас запрасілі. Дарэчы – адна зь лепшых працаў людзей, якія выстаўлялі апаратуру. Мы шмат дзе выступалі, але тут кляс, нездакорна ўсё было. І без усялякіх беларускіх “пантоў”. Людзі спакойныя, класныя, добразычлівыя”.

Карэспандэнтка: “А самі каго хацелі б паслухаць?”

“Застаецца большая частка гурту на заўтра на канцэрты. А я, на жаль, мушу зьяжджаць – справы у сталіцы нашай радзімы. Але з задавальненьнем паслухаў бы “Fishbone” – выдатная каманда, мы разам гралі на адным фэстывалі. Хацелася б паслухаць “хэдлайнэра”, “Fools Garden”, ёсьць тут і старыя панкавыя цікавыя каманды. Хлопцы з гурту паслухаюць”.

XS
SM
MD
LG