Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Be2gether” перавысіў чаканьні


У нядзелю ў літоўскім мястэчку Нарвялішкіс, на самай мяжы зь Беларусьсю, завяршыўся другі міжнародны фэстываль музыкі і мастацтва “Be2gether”.

Калі мінулагодні фэст быў чыста музычным, то сёлета гэта сапраўды было сьвятам мастацтва і спорту. Чаго тут толькі не было: фіеста з удзелам 300 барабаншчыкаў, акцыі салідарнасьці з Грузіяй, экстрэмальныя скачкі на роварах ў басэйн з паралёнам, “Парк граючых скульптур”, спартовыя спаборніцтвы, ну і, канечне, добрая музыка – больш за 70 гуртоў выступіла на фэсьце. Дарэчы, адкрыўся фэстываль выступам беларускага гурту NRM. Ну, а беларусаў на фэсьце было багата: у намётавым лягеры лунала шмат бел-чырвона-белых сьцягоў. Гутару зь землякамі:
Юнак: “Я быў у мінулым годзе на такім фэстывалі, вельмі спадабалася, вырашыў прыехаць яшчэ раз”.
Карэспандэнтка: “А надвор’е не сапсавала сьвята? Такая навальніца, залева была, калі, дарэчы, NRM выступаў...”
Дзяўчына: Гэта ж выступаў NRM, і ніякі дождж ня мог перашкодзіць пайсьці да сцэны і таньчыць пад NRM у брудзе. Але пасьля была вада, дождж, пад якім можна было памыцца. А сёньня сонейка, пад якім прасохлі ўсе рэчы, таму гэта не перашкода”.
Спадарыня: “Вельмі добрыя ўражаньні”.
Юнак: “Вельмі добрая атмасфэра на фэстывалі,адпачываеш сэрцам і душой”.
У другі фэстывальны дзень выступілі беларускія гурты “Маўзэр” і OSIMIRA. Публіка надзвычай цёпла прымала і гаспадароў фэстывалю – літоўскі гурт “Skyle”.
“Я Айстэ Смінгівічутэ, салістка гурту. Я сама не чакала такога цёплага прыёму, вельмі-вельмі задаволеная, як нас прымалі, і самім відовішчам вельмі ўражаная. Атмасфэра, публіка цудоўныя, сама ідэя такога фэстывалю – “быць разам” – вельмі добрая”, – кажа салістка “Skyle”.
Пра ўзровень і папулярнасьць “Be2gether” сьведчыць і тое, што сюды прыяжджаюць вельмі папулярныя музыкі з усяго сьвету. Летась былі Morchiba, Bloodhound Gang, “Ляпіс Трубецкой”, сёлета прыехалі Tricky, Groove Armada, Fishbone. Як ні дзіўна, ня гледзячы на тое, што публіка на фэстывалі была даволі юная, гіты 90-х у выкананьні Fools Garden яна добра ведала і падпявала.
XS
SM
MD
LG