Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нарвэгіі крытыкуюць рэлігійныя свабоды ў Беларусі


Нарвэская праваабарончая арганізацыя “Форум 18” апублікавала на сваім сайце штогадовую справаздачу аб стане рэлігійнай свабоды ў Беларусі.

Паводле справаздачы, дзяржаўная палітыка адносна рэлігійных меншасьцяў у краіне застаецца рэпрэсіўнай.

У якасьці прыкладу перасьледу згадваюцца выгнаньне замежных каталіцкіх і пратэстанцкіх сьвятароў, пакараньне актывістаў неасноўных канфэсіяў штрафамі, адміністратыўныя перашкоды для правядзеньня набажэнстваў.

Крытыкуецца таксама заканадаўчая база, якая, паводле аўтараў справаздачы, супярэчыць абавязаньням у галіне міжнародных стандартаў правоў чалавека, якія Менск узяў на сябе ў рамках АБСЭ. Канкрэтна гаворка вядзецца пра абавязковую рэгістрацыю ўсіх рэлігійных суполак. Рэпрэсіўнымі лічацца і артыкулы беларускага заканадаўства, якія забараняюць выкарыстаньне прыватных кватэраў для набажэнстваў, а таксама патрабуюць спэцыяльнай ухвалы ўладаў для выкарыстаньня ў гэтых мэтах іншых памяшканьняў.

Праваабарончая арганізацыя “Форум 18” названая паводле 18-га артыкулу Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека, займаецца падтрымкай рэлігійных свабодаў у сьвеце і маніторынгам іх парушэньняў. 18-ты артыкул Дэклярацыі акрэсьлівае права чалавека на свабоду веравызнаньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG