Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Хрысьціянскія каштоўнасьці і дэмакратыя – зусім не адное і тое ж”


Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня – Сяргей Луканін. Яму 39 гадоў. Пасьля службы ў войску закончыў юрфак БДУ, тры гады працаваў у Менскай абласной калегіі адваката. Аднак яшчэ на другім курсе заснаваў уласную юрыдычную фірму, якую ўзначальваў да 2005 году. Менавіта тады паверыў у Бога, і з тае пары – юрыст царквы “Новае Жыцьцё”, таксама нясе служэньне пастара хатняй царквы. Цяпер набывае другую вышэйшую адукацыю ў Менскім тэалягічным інстытуце па спэцыяльнасьці “Багаслоўе”. Жанаты, дачцэ восем гадоў. Сёньня Сяргей Луканін разважае пра хрысьціянскія каштоўнасьці і дэмакратыю.

Апошнім часам у нашай краіне шмат кажуць пра свабоду, пра дэмакратыю, пра неабходнасьць дэмакаратычных пераўтварэньняў дзеля дасягненьня свабоды, пра эўрапейскія каштоўнасьці – у тым сэнсе, што яны і зьяўляюцца найлепшым узорам агульначалавечых каштоўнасьцьяў.

І калі акцэнт робіцца менавіта на апошнім, дык тут любімымі тэмамі зьяўляюцца цярпімасьць, талерантнасьць, паліткарэктанасьць.
Так у цэлым ствараецца ўражаньне, што якраз да гэтага і трэба імкнуцца, калі мы думаем пра дэмакратычнае (у сэнсе самае правільнае, свабоднае) грамадзтва – жыць у згодзе са ўсімі, каб кожны меў магчымасьць рабіць тое, што яму падабаецца, не парушаў пры гэтым на правы і свабоды іншых людзей. Кропка.

У выніку мярылам усяго становіцца чалавек, ягоныя патрэбнасьці, ягоным памкненьні. Усё, што падабаецца чалавеку, зьяўляецца правільным, усё, што не падабаецца, – мусіць выкараняцца.

“У кожнага свая ісьціна” – гэтая думка ўжо стала палітычнай канцэпцыяй у сучасным сьвеце. Гэтая канцэпцыя кладзецца ў аснову ідэалёгіі, пад гэту канцэпцыю прымаюцца законы, распрацоўваюцца напрамкі ў мастацтве.

Увесну 2008 году мне давялося пабываць у Брусэлі па запрашэньні прэзыдэнта Эўрапарлямэнту. Першае, што кінулася ў вочы, – сам будынак Эўрапарлямэнту. Стваралася ўражаньне, што архітэктар якраз і спрабаваў занайсьці гармонію ў хаосе нагрувашчваньня розных аб’ёмаў, падкрэсьліваючы ўсё тую ж ідэю – адной ісьціны не існуе.

Такім чынам, вось яна – дэмакратыя ў завершанай, практычна ідэальнай форме? Якая дазваляе рабіць тое, што ў грамадзтве прынята нормай, і абараняе інтарэсы кожнага, на чыі правы нацэльваюцца?

Першае, што я зрабіў, калі атрымаў прапанову выступіць з прамовай перад эўрадэпутатамі, – дык заявіў: у сьвеце існуе толькі адна Ісьціна, і гэтая Ісьціна – Іісус Хрыстос. “Я ёсьць Шлях, Ісьціна і Жыцьцё”, – гэтыя словы са Сьвятога Пісаньня прагучалі ў залі, дзе прымаліся законы, што дазваляюць аднаполыя шлюбы, законы, з-за якіх садзяць у турмы сьвятароў, калі тыя дазваляюць сабе сьцьвярджаць, што, кожны, хто зьдзяйсьняе ўчынкі, не адпавядаючыя Бібліі, зьяўляецца грэшнікам. Законы, якія абавязваюць хрысьціянскія прытулкі для дзяцей прымаць на працу выхавальнікамі актыўных гомасэксуалістаў.

Немагчыма мярыла, стандартам чаго-небудзь рабіць велічыню, што хістаецца, вагаецца. Чалавек зьменлівы. Чалавечая мараль недасканалая. Аднак Бог – дасканалы. Ягоныя стандарты вечныя. Ягоная любоў да людзей пастаянная. Біблія не ўстарэла – і менавіта біблейскія, хрысьціянскія каштоўнасьці павінны легчы ў аснову здаровага грамадзтва.

Здаровае грамадзтва – гэта калі кожны чалавек свабодны паступаць па сваёй волі, аднак пры ўмове, што ягоная воля абмежаваная біблейскімі стандартамі. Прычым, у першым выпадку слова “абмежаваньне” не азначае гвалт над сувэрэннай воляй чалавека. Гэта ёсьць добраахвотная адмова ад граху, якая адбываецца, ў момант, калі чалавек цалкам аддае сябе на волю Божую, цьвёрда прымае рашэньне стаць хрысьціянінам, вось тады Іісус Хрыстос і робіць чалавека свабодным, звышнатуральна мяняючы ягоную сьвядомасьць, мэты і памкненьні.

Жыць у свабодзе – гэта не азначае жыць ва ўседазволенасьці. Быць свабодным ад граху – гэта і ёсьць сапраўдная свабода. Гэта стан, калі табе проста ня хочацца грашыць – ня хочацца быць няверным у адносінах да жонкі, ня хочацца ўжываць алькаголь або наркотыкі, ня хочацца дрэнна думаць аб кімсьці.

Толькі грамадзтва, якое ў масе ўтвараецца людзьмі, вызваленых Богам ад улады граху, будуючых жыцьцё на грунце хрысьціянскіх каштоўнасьцяў, можа па-сапраўднаму быць свабодным, якім бы тэрмінам гэта свабода ні называлася.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG