Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зможа царква падвысіць узровень грамадзкай маралі?


Чаму рэлігійныя арганізацыі Беларусі пазьбягаюць закранаць вострыя грамадзкія пытаньні? Cтыль дзейнасьці цэркваў — ці адпавядае ён сучаснасьці?


Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”.

Удзельнікі: філёзаф, дыякан Пятро Рудкоўскі і філёзаф Валянцін Акудовіч.

Чаму цэрквы пазьбягаюць закранаць вострыя грамадзкія пытаньні?

Валер Карбалевіч: “Галоўнай тэмай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі зь ярархамі праваслаўнай царквы быў уплыў царквы на грамадзкую мараль. Тэма вельмі актуальная. І таму, што змаганьне за маральнасьць грамадзтва – гэта адна з галоўных сацыяльных функцыяў царквы ў сьвеце. І таму, што праблемы маралі вельмі актуальныя для сёньняшняга беларускага грамадзтва.

Але складаецца ўражаньне, што ўсе беларускія канфэсіі выяўляюць нейкае раўнадушша да вострых грамадзкіх праблемаў, пазьбягаюць іх закранаць. Нібыта грамадзтва са сваімі праблемамі існуе само па сабе, а цэрквы – самі па сабе. Ці згодныя вы з такою ацэнкаю? Калі так, то ў чым прычыны такой зьявы?”

Пятро Рудкоўскі: “Цэрквы выкарыстоўваюць катэгорыю быцьця па-за палітыкай. Гэта цалкам натуральна ў кантэксьце разьдзелу царквы і дзяржавы. Усё пытаньне ў інтэрпрэтацыі гэтай катэгорыі. Напрыклад, крытыка парушэньняў правоў чалавека – гэта ўваход у прастору палітыкі ці маральная місія царквы? Гэта прадмет паглыбленай рэфлексіі. Большую праблему я бачу ў тым, што недастаткова яшчэ інтэлектуальных сілаў у канфэсіяў, каб асэнсаваць розныя вымярэньні быцьця па-за палітыкай”.

Карбалевіч: “Адна справа — быцьцё па-за палітыкай, іншая справа – быцьцё па-за грамадзкіх праблем”.

Валянцін Акудовіч: “Праблема пастаўлена правільна. Існуе міт пра ўплыў царквы на грамадзтва, прынамсі беларускае. Насамрэч, хутчэй грамадзтва ўплывае сёньня на царкву.

Царква – гэта вельмі стары інстытут улады. Прычым ня толькі духоўнай, але і сацыяльнай, палітычнай. Царква страшэнна стамілася. У яе ёсьць патэнцыял толькі для захаваньня самой сябе. Створаная ў зусім іншыя эпохі, яна існавала 2 тысячы гадоў і дажыла да нашага часу. Але калі да мадэрновых эпох яе існаваньне было актыўным, плённым, то зь пераходам да эпохі мадэрнізму, а асабліва постмадэрнізму, царква перастала адказваць на выклікі грамадзтва. І сёньня мы сапраўды маем сытуацыю, калі грамадзтва існуе само па сабе, а царква – сама па сабе. І разумеючы, што ёй няма чаго сказаць гэтаму грамадзтву, яна і ўхіляецца ад рэальных праблем, якія хвалююць людзей”.

Карбалевіч: “Але царква – адзіны грамадзкі інстытут, які захаваўся цягам 2 тыс. гадоў. І гэта сьведчыць пра яе здольнасьць да выжываньня.

І другое. Сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што царква, у прыватнасьці праваслаўная, мае самы высокі давер насельніцтва ў параўнаньні з усімі іншымі дзяржаўнымі і грамадзкімі інстытутамі”.

Ці адпавядае стыль дзейнасьці цэркваў сучаснасьці?

Карбалевіч: “Таксама зьдзіўляе стыль дзейнасьці беларускіх рэлігійных арганізацыяў. Цэрквы застаюцца нейкімі закрытымі структурамі, якія дзейнічаюць мэтадамі стогадовай даўніны. Нібыта яны баяцца зьвяртацца да грамадзтва з выкарыстаньнем такога магутнага сродку ўзьдзеяньня, як мэдыі. У іншых краінах, напрыклад у ЗША, існуе шмат тэлеканалаў, дзе ўвесь час прапаведнікі зьвяртаюцца да аўдыторыі з казанямі.

У Беларусі ўсё інакш. Нават дзяржаўныя інстытуты, пры ўсёй тэндэнцыі да засакрэчваньня, больш адкрытыя. Вось нядаўна прэсавую канфэрэнцыю праводзіў старшыня КДБ. А ці можна ўзгадаць, калі апошні раз прэсавую канфэрэнцыю праводзіў сп. мітрапаліт Філарэт? (Праўда, вось новы кіраўнік каталіцкай царквы Беларусі сп. Кандрусевіч дэманструе большую адкрытасьць да камунікацыі з грамадзтвам). І на гэтым фоне прапанова стварыць праваслаўную радыёстанцыю — гэта амаль рэвалюцыйны крок. Прычына тут у аўтарытарным рэжыме ці ў чым іншым?”

Рудкоўскі: “Няма дылемы, ці патрэбна цэрквам выкарыстоўваць сучасныя мэтады ўзьдзеяньня на грамадзтва. Кожная з канфэсіяў прысутнічае ў мэдыях, мае свае выданьні. Пытаньне ў ступені такога выкарыстаньня. І тут сапраўды ёсьць праблемы.

Большая праблема — недавер кіраўніцтва цэркваў да нізавых ініцыятываў з боку моладзі, інтэлігенцыі, сьвятароў-энтузіястаў. У касьцёле з гэтым лепш, чым у праваслаўнай царкве, але таксама недастаткова.

Што да касьцёла, то пэўныя надзеі я ўскладаю на архібіскупа Кандрусевіча. Гэта чалавек, адкрыты і да грамадзтва, і да розных ініцыятываў”.

Карбалевіч: “А папярэднік сп. Кандрусевіча, сп. Сьвёнтак, амаль адсутнічаў на беларускім інфармацыйным экране”.

Акудовіч: “Прыклад са сп. Кандрусевічам як раз вельмі паказальны. Ён быў кіраўніком касьцёла ў Расеі, паводзіў сябе адкрыта, шукаў новыя формы кантактаў з грамадзтвам. У выніку яго выціснулі з Масквы. Калі ён будзе паводзіць сябе гэтаксама і ў Беларусі, то яго хутка пашлюць далей і адсюль.

Адсутнасьць царквы ў інфармацыйнай прасторы Беларусі зьвязана са спэцыфікай улады. Калі грамадзкі, культурны, рэлігійны дзеяч пачынае актыўна прысутнічаць у публічным полі, то, нават незалежна ад узроўню сваёй ляяльнасьці да ўлады, ён робіцца канкурэнтам і апанэнтам рэжыму. У такога чалавека няма шанцаў доўга заставацца ў сваім статусе. І кіраўнікі рэлігійных арганізацыяў гэта цудоўна разумеюць.

Вельмі паказальна інтэрвію, якое даў муфцій беларускіх мусульманаў пасьля жахлівага прысуду журналісту Зьдзьвіжкову. Ён казаў: мы нешматлікія, слабыя, і нам трэба паводзіць сябе асьцярожна”.

Чаму цэрквы часта зьвяртаюцца да адміністрацыйных мэтадаў?

Карбалевіч: “Сапраўды, падаецца, што цэрквы больш зьвяртаюцца да ўладаў, чым да грамадзтва. Прычым больш апэлююць да адміністрацыйных мэтадаў вырашэньня грамадзкіх праблемаў: забараніць аборты, забараніць казіно, забараніць рэкляму акультызму і інш.

Вось учора сп. Філарэт заявіў , што аборты – гэта пагроза дэмаграфічнай бясьпецы краіны. Зьдзіўляе ня толькі палітычная тэрміналёгія, але сам падыход да вырашэньня праблемаў. Вядома, што ў аўтарытарнай дзяржаве, як у крэпасьці ў аблозе, усе праблемы разглядаюцца скрозь прызму бясьпекі: ваенная бясьпека, энэргетычная бясьпека, харчовая бясьпека, дэмаграфічная бясьпека. І тое, што такі мэтад мысьленьня характэрны для царкоўных ярархаў, вельмі паказальна.

То бок нават калі царква зьвяртаецца да грамадзкіх праблемаў, то яна імкнецца іх вырашаць з дапамогаю адміністратыўных мэтадаў. Вось прагучала прапанова дзеля падвышэньня маралі стварыць грамадзкую раду па маралі. То бок стварыць яшчэ адну бюракратычную структуру, якая, хутчэй за ўсё, нешта будзе забараняць. Існуе пагроза, што цэрквы ператворацца ў бюракратычныя інстытуты, якія будуць працаваць тымі ж мэтадамі, што і дзяржаўныя органы. Ці згодныя вы з такою ацэнкаю?”

Рудкоўскі: “Найперш хачу не пагадзіцца з такім дэтэрмінізмам, які прапанаваў сп. Акудовіч, што дзяржава і раней, і цяпер адназначна акрэсьлівала тыя ці іншыя крокі і пазыцыі царквы. Насамрэч такога дэтэрмінізму і такой наканаванасьці няма. І пры аўтарытарызьме ці нават таталітарызьме заўсёды застаецца немалая прастора адкрытых магчымасьцяў.

Нельга казаць, што цэрквы разьлічваюць выключна на адміністрацыйныя мэтады. Нярэдка слухаю радыёперадачы, найперш праваслаўныя, дзе на даволі добрым узроўні прэзэнтуецца маральная дактрына. А вось у вырашэньні такіх праблем, як аборты, акультызм — цалкам апраўдана выкарыстоўваць грамадзкія мэханізмы”.

Акудовіч: “Буду гаварыць толькі пра праваслаўную царкву. Яна заўсёды была падуладнай у эпоху дэспатызму. І структуры, і жыцьцё царквы былі люстраным адбіткам дэспатычнай дзяржавы. Але калі ўлада ў эпоху мадэрнасьці змагла памяняць свае ўстаноўкі на дэмакратычныя, то схема функцыянаваньня царквы засталася старая.

Другі бок справы. Царква сёньня ня можа трымацца ўласным патэнцыялам. Таму яна робіць стаўку на падтрымку палітычнай улады. Таму яна працуе з грамадзтвам праз тыя мэханізмы, якімі карыстаецца ўлада.

Мне сустрэча Лукашэнкі з Сынодам праваслаўнай царквы нагадала сэлектарную нараду. Прыйшоў начальнік і — праўда, у іншай, мякчэйшай форме — сказаў, чым яны павінны займацца. А тыя адказалі: “Ёсьць”. Хоць сэнсу і толку з гэтага ніякага ня будзе.

Лукашэнка казаў, што ў царквы і ў дзяржавы адны задачы. У выніку атрымліваецца, што задачай царквы становіцца не душа чалавека, а дзяржаўныя справы. Насамрэч у царквы і дзяржавы няма і не было агульных задач. У царквы задача — чалавек, а ў дзяржавы – соцыюм”.

Рудкоўскі: “Тэза пра прыродны аўтарытарызм праваслаўя трохі навязаная звонку. Калі ўзяць сацыяльную дактрыну праваслаўнай царквы, то там шмат прасторы для разнастайнасьці.

Другая рэч. Філёзаф Юрген Хабэрмас лічыць, што дзякуючы менавіта хрысьціянству сфармавалася дэмакратычная культура. Ідэя богападобнасьці, якая перакладаецца на ідэю недатыкальнай годнасьці чалавека, стала асновай канцэпцыі правоў чалавека. Царква застаецца аўтаномнай структурай, яна мае свае мэты і сваю спэцыфіку дзеяньня”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG