Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьнікамі старшыні абраныя Андрэй Бастунец, Аліна Суравец, Аляксандар Старыкевіч і Андрэй Аляксандраў.

Сёньня ў Менску адбываецца VII справаздачна-выбарчы зьезд грамадзкага аб'яднаньня “Беларуская асацыяцыя журналістаў”. Удзел у ім бяруць каля 80 дэлегатаў, абраных у рэгіёнах, дзе ёсьць суполкі БАЖ, а таксама ў рэдакцыях мэдыяў, дзе працуюць сябры арганізацыі.

Жана Літвіна
У сваім справаздачным дакладзе на зьезьдзе старшыня БАЖ Жана Літвіна адзначыла, што з новым законам аб мэдыях журналістам у Беларусі ня стала працаваць лягчэй. Зьявілася шмат складанасьцяў з акрэдытацыяй. Закон застаецца даволі рэакцыйным. На дзейнасьць журналістаў вельмі паўплываў закон аб супрацьдзеяньні экстрэмісцкім арганізацыям. Ён прадугледжвае адміністрацыйныя меры супраць мэдыяў.

Жана Літвіна заявіла, што БАЖ вітае далучэньне Беларусі да праграмы “Ўсходняе партнэрства”. Яна адзначыла, што ў гэтай праграме значная частка адводзіцца мэдыям. Беларускія мэдыі з дапамогай гэтай праграмы мусяць працаваць больш прафэсійна, паварочвацца да дэмакратычных стандартаў.

Таксама Літвіна адзначыла, што эканамічны крызіс адбіўся на дзейнасьці беларускіх мэдыяў.

“Дагэтуль дзяржава значна датуе дзяржаўныя мэдыі і гэта скажае як дзейнасьць гэтых мэдыяў адносна грамадзтва, так і ўяўленьне грамадзтва адносна мэдыяў і ўяўленьне грамадзтва адносна самога сябе”.

БАЖ быў створаны ў 1995 годзе. У ім 1157 сяброў больш чым з 30-ці рэгіёнаў.


XS
SM
MD
LG