Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзначылі “кроў, мазгі і душу” незалежнай журналістыкі


Да Сусьветнага дня свабоды прэсы, які традыцыйна адзначаецца 3 траўня, Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) уганаравала пераможцаў творчага конкурсу “Вольнае слова”. Сярод ляўрэатаў — журналіст “Свабоды” Віталь Цыганкоў.

Дыплём і прэмія “Вольнае слова” ўручаюцца журналістам недзяржаўных выданьняў другі год запар. Журы Беларускай асацыяцыі журналістаў назвала ляўрэатаў у наступных Праваабаронцы аналізуюць вынікі 2008 годуамінацыях: інфармацыйныя паведамленьні, аналітычныя матэрыялы, мастацка-публіцыстычныя жанры.

Як кажа старшыня журы, якое вызначала ляўрэатаў сёлетняга конкурсу, Юрась Карманаў, згаданыя намінацыі — сапраўдныя “кроў, мазгі і душа” журналістыкі. Апроч таго, ацэнены творчы дэбют маладых талентаў у намінацыі “Будучыня журналістыкі”.

Жанна Літвіна
Перад абвяшчэньнем пераможцаў слова ўзяла старшыня БАЖ Жанна Літвіна:

“Апошнім часам у журналісцкім асяродку шмат дыскусіяў: што такое журналістыка? Шмат вызначэньняў ужо прагучала. То гэта палітычны інстытут, то журналісты — трансьлятары ісьціны ў апошняй інстанцыі. То няшчырая журналістыка. Рознае і ўсялякае. Але адно абсалютна зразумела: вельмі важна журналістам у сёньняшняй сытуацыі вызначыцца — хто мы, дзе нашае месца ў грамадзтве. І, падводзячы вынікі конкурсу, уручаючы дыплёмы, прэміі, сёньня мы ганаруем прафэсійную, сапраўдную, сумленную журналістыку”.

Юрась Карманаў
Старшыня журы Юрась Карманаў канстатаваў, што геаграфія ўдзельнікаў імкліва пашыраецца, і, каб абраць сапраўды вартых, давялося прыкласьці нямала намаганьняў:

“Конкурс наш праводзіцца ўжо другі год запар, і геаграфія прысутнасьці надзвычай шырокая — ад Кубы да Баранавічаў, ад Асэтыі да Менску. Журналісты Беларусі працуюць у розных пунктах сьвету. Таксама хачу сказаць пра вельмі багатую тэматыку — гэта як зварот да нашай гісторыі, так і аналіз сучаснага”.

У інфармацыйным жанры месцы разьмеркаваліся наступным чынам. Трэцяе месца заняў незалежны журналіст Руслан Гарбачоў. На другой прыступцы разьмясьцілася Віталіна Грахоўская з “Эўрапейскага радыё для Беларусі”. Першынстваваў у гэтай намінацыі малады журналіст Глеб Лабадзенка з матэрыялам пра жывых яшчэ нашчадкаў славутага роду Радзівілаў. Слова — ляўрэату першай прэміі:

Глеб Лабадзенка
“Ня буду расказваць пра тэкст, зраблю маленькі анонс: 24 траўня Эльжбета Радзівіл прылятае ў Беларусь. 92-гадовая дачка апошняга князя, апошняга ўладара Нясьвіскага замку будзе мець тут чатырохдзённы візыт, і мяркую, што шмат каго гэта зацікавіць. А яшчэ хачу сказаць, што калі ўчора намесьнік старшыні БАЖ Аляксандар Тамковіч павіншаваў мяне з Сусьветным днём свабоды прэсы, я зразумеў: дата 3 траўня мае для мяне яшчэ адно значэньне — у гэты дзень 2000 году быў надрукаваны мой першы журналісцкі матэрыял. Усе гэтыя 9 гадоў я не супастаўляў дзьве даты, і літаральна да ўчорашняга дня яны для мяне існавалі неяк асобна”.

Традыцыйна “цяжкавагавая” намінацыя — лепшы аналітычны матэрыял. Сёлета арганізатары вырашылі не ўручаць трэцяй прэміі, а вось другая дасталася нашаму калегу Віталю Цыганкову. На журы зрабіла ўражаньне ягоная аналітычная праца пад назвай “Казус Абрамавай, альбо Пусты гранатамёт Кучынскага”. Першае месцы аднагалосна прысуджанае палітолягу Аляксандру Фядуту за глыбінны аналіз пастаноўкі “Пінскай шляхты” ў Купалаўскім тэатры.

Аляксандар Фядута
Аляксандар Фядута: “Для кожнага мужчыны ў жыцьці важна хоць раз давесьці жонцы, што яна ня мае рацыі. Калісьці мая жонка сказала: „Фядута, супакойся, ты ніколі не атрымаеш ніводнай журналісцкай прэміі ў Беларусі“. Таму дзякуй, што я маю доказ, што мая жонка хоць адзін раз у жыцьці ня мела рацыі”.

У намінацыі мастацка-публіцыстычных матэрыялаў ляўрэаты разьмясьціліся наступным чынам, у парадку ўзрастаньня вартасьці: Алесь Гізун з баранавіцкай газэты “Інтэкс-прэс”, згаданы ўжо Руслан Гарбачоў, і лідэр — журналіст “Нашай нівы” Сямён Печанко з нарысам “Аднагодак БНР”.

Лепшымі дэбютанткамі назвалі маладых журналістак Тамару Савіч з “Інтэкс-прэс”, а таксама карэспандэнтку “Народнай волі” Вольгу Пруднікаву.

Сямён Печанко
Вольга Пруднікава



Апроч таго, сёньня былі ўганараваныя пераможцы мэдыя-кампаніі “Журналісты за гістарычную спадчыну”, таксама ініцыяванай Беларускай асацыяцыяй журналістаў. Сярод ляўрэатаў — карэспандэнт газэты “Інфа-кур'ер” Сяргей Багдашыч, намесьнік рэдактара “Газэты Слонімскай” Сяргей Чыгрын, галоўны рэдактар газэты “Вольнае Глыбокае” Ўладзімер Скрабатун, а таксама згаданы ўжо Глеб Лабадзенка. Спэцыяльнымі дыплёмамі ўзнагароджаныя супрацоўнікі “Інтэкс-прэс” Людміла Пракопава і Алесь Гізун.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG