Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Савецкі суд Менску адмовіў праваабаронцу Алегу Воўчаку ў задавальненьні яго пазову да газэты адміністрацыі прэзыдэнта “СБ-Беларусь сегодня” аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі.


Праваабаронца патрабаваў ад газэты 70 мільёнаў рублёў кампэнсацыі і абвяржэньня зьвестак пра сябе, якія ён лічыць зьняважлівымі.

Судзьдзя Эдуард Якубоўскі матываваў адхіленьне пазову тым, што газэта нібыта спасылалася на шэраг матэрыялаў у іншых мэдыях. А.Воўчак не задаволены гэтым рашэньнем. Ён лічыць, што газэта распаўсюджвала супраць яго паклёпніцкія зьвесткі і мае намер абскардзіць гэтае рашэньне ў Менскім гарадзкім судзе.

Нагадаю, 6 сакавіка ў газэце “СБ-Беларусь сегодня” быў надрукаваны артыкул “Много у нас диковин, каждый чудак —Бетховен”. Аўтар артыкула, нехта Ксенафонт Суперфасфатаў, выказаўся адносна праваабаронцаў Алега Воўчака і Яны Паляковай. Наконт Воўчака быў згаданы інцыдэнт на паркоўцы, які здарыўся яшчэ ў 2003 годзе. Паводле аўтара, Алег Воўчак тады беспадстаўна паведаміў мэдыям, што на яго напалі спэцслужбы, і назваў гэта помстай за праваабарончую дзейнасьць. Такія выказваньні Алег Воўчак абвяргае. Таксама ён на свой адрас прыняў словы ў канцы артыкула, паводле якіх беларускія праваабаронцы насамрэч нібыта “леваабаронцы”. Нагадаю, Яна Палякова празь дзень пасьля гэтага артыкула павесілася. Яе ж калега Алег Воўчак зьвярнуўся ў суд.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG