Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Воўчак падаў у суд на "СБ — Беларусь сегодня"


Алег Воўчак

Алег Воўчак

31 сакавіка праваабаронца Алег Воўчак падаў пазоў у суд Савецкага раёна Менску аб абароне гонару і годнасьці ў дачыненьні да газэты "СБ — Беларусь сегодня".


Паводле БелаПАН, праваабаронца патрабуе абвяржэньня інфармацыі, пададзенай у артыкуле "Много у нас диковин, каждый чудак — Бетховен" у нумары "СБ" за 6 сакавіка 2009 году.

Артыкул напісаны ў форме фэльетона і распавядае пра беларускіх праваабаронцаў. Апрача Воўчака ў ім фігуруе праваабаронца з Салігорску Яна Палякова, якая скончыла жыцьцё самагубствам у ноч на 7 сакавіка.

У матэрыяле, да прыкладу, апісаны інцыдэнт, які адбыўся з А.Воўчакам увосень 2003 году. "Удзельнік дробязнай прыдарожнай валтузьні — не падзяліў парковачнае месца! — праваабаронца Алег Воўчак рухава аббегаў рэдакцыі менскіх газэт з горкай скаргай, што на яго, сярод белага дня, на скрыжаваньні (!), напалі супрацоўнікі спэцслужбаў (!!), узброеныя кастэтамі (!!!), і што гэта была, без сумненьня, помста за яго вельмі праваабарончую дзейнасьць (!!!!)", — піша аўтар артыкулу Ксенафонт Суперфасфатаў.

"Сапраўды, — адзначае ў інтэрвію БелаПАН А.Воўчак, — 24 верасьня 2003 года невядомы мне грамадзянін у адказ на мае заўвагі аб тым, што ён стварыў аварыйную сытуацыю, прымусіў мяне выехаць на сустрэчную паласу, нанёс мне два мэтанакіраваныя ўдары ў твар. У руцэ грамадзяніна быў мэталёвы прадмет. Ад другога ўдару я ўхіліўся. Той, хто нападаў, парваў мне пінжак і пакінуў месца злачынства. Я выклікаў міліцыю і хуткую дапамогу і зьвярнуўся ва УУС Савецкага раёна Менска з заявай аб прыцягненьні да адказнасьці вінаватага".

Паводле А.Воўчака, у яго заяве аб пачатку крымінальнай справы не было ні слова пра тое, што абвінавачаны зьяўляецца супрацоўнікам спэцслужбаў і што яго дзеяньні — помста за праваабарончую дзейнасьць.

"Такім чынам, па віне адказчыка было не толькі дапушчана скажэньне фактаў, гэта было зроблена ў зьневажальнай для мяне форме", — лічыць праваабаронца.

А.Воўчак патрабуе абвяржэньня апублікаваных у газэце зьвестак і спагнаньня з рэдакцыі газэты "СБ — Беларусь сегодня" грашовай кампэнсацыі за маральны ўрон у 70 мільёнаў рублёў.

Паводле А.Воўчака, у рэдакцыі яму заявілі, што Ксенафонт Суперфасфатаў у штаце газэты не працуе. "Няма такога чалавека і сярод пазаштатных супрацоўнікаў газэты, з чаго я дапускаю, што гэта псэўданім кагосьці са штатных супрацоўнікаў газэты", — адзначае А.Воўчак.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG