Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні ў пякарню на таксі ня езьдзяць


Гарадзенскія ўлады канстатуюць, што таксісты ад пачатку новага году страцілі палову прыбыткаў. Сытуацыю ўскладняе тое, што прыватныя вазьніцы ня могуць сплаціць крэдыт за новыя машыны і таму змушаныя іх прадаваць.

Адна з прыбытковых раней прыватных фірмаў таксі ў Горадні “Сцяпаныч” яшчэ нядаўна налічвала да 150 таксістаў. А цяпер, са слоў кіраўніка фірмы Валера Палуйчыка, больш за 30 чалавек пакінулі працу:
Шмат хто з таксістаў адыходзіць, паколькі ня бачыць ніякай пэрспэктывы...


“Пачынаючы са студзеня ідзем у мінусе на 50%. А праблема яшчэ ў тым, што людзі панабіралі новых машынаў у крэдыт і цяпер зьбіраюцца іх прадаваць, бо крэдыт бралі ў далярах, а даляр падняўся і няма чым яго выплачваць. Шмат хто з таксістаў адыходзіць, паколькі ня бачыць ніякай пэрспэктывы”.

Спадар Палуйчык кажа, што ў гэтых умовах ім вельмі складана манэўраваць. Даводзіцца адпраўляць людзей у адпачынак за свой кошт:

“У мяне працавалі 8 дыспэтчараў, пакінуў толькі 6, бо няма сэнсу працаваць па 2 чалавекі ў зьмену”.

Кіраўнік фірмы кажа, што нават на каталіцкі Вялікдзень заказаў было нашмат менш, чым летась. Цяпер за 4 км праезду ў гарадзенскай таксоўцы плацяць 6 тысяч рублёў і за кожны наступны кілямэтар яшчэ тысячу. Спадар Палуйчык спрабаваў зьнізіць цэны:

“Я пачаў казаць сваім хлопцам: маўляў, давайце панізім кошт. Яны падлічылі ўсё і прынесьлі мне аналіз таго, колькі за падаткі, запчасткі — і выходзіць, што працаваць можна толькі на нуль”.

Таксісты на такое не пагаджаюцца, і шмат хто адыходзіць, каб шукаць новую працу. Што тычыцца дапамогі дзяржавы ў крызісных умовах, то, са слоў спадара Палуйчыка, за апошні час яму двойчы зьмянілі нумар тэлефону на выклік таксоўкі. Давялося ўкладаць грошы ў рэкляму.
Горш стала з аплатай нам за паслугі ад дзяржаўных арганізацыяў ...


Яшчэ адна гарадзенская фірма — “Зэт” — займаецца перавозам пасажыраў пераважна на заказ. Яе дырэктар, Сяргей Яшкевіч, кажа, што заказы на паездкі надалей існуюць, бо людзі па службовых справах працягваюць езьдзіць, але з крызісам зьявілася іншая праблема:

“Горш стала з аплатай нам за паслугі ад дзяржаўных арганізацыяў. Просім, молім, каб плацілі вось так. У выніку атрымліваецца, што нам вінныя і мы вінныя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG