Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таксістам без ліцэнзіяў абвясьцілі вайну


Ігар Карней, Менск Ад сёньняшняга дня па ўсёй Беларусі абвяшчаецца вайна ўладальнікам аўто, якія без адпаведнай ліцэнзіі возяць пасажыраў. Як мяркуюць у дзяржаўных таксапарках, у адным толькі Менску канкурэнцыю ім складаюць больш за тры тысячы “нелегалаў”. За незаконнае таксаваньне Адміністрацыйны кодэкс прадугледжвае штраф да 50 базавых велічыняў. У рэцыдывістаў рашэньнем суду можа быць сканфіскаваны аўтамабіль.

Спэцапэрацыяй дзеля выяўленьня падпольных таксовак кіруе Міністэрства ўнутраных справаў. Асноўная роля падчас рэйдаў адведзеная дружыньнікам, якія будуць сачыць за падазронымі аўтамабілямі, а таксама выконваць ролю пасажыраў. На заключным этапе плянуецца падключаць брыгады Дзяржаўтаінспэкцыі. Гаворыць прадстаўніца ДАІ Ганна Банадык:

(Банадык: ) “Так, сёньня пачынаецца гэта працэс. Апроч ДАІ, па нелегалах будуць працаваць таксама дружыньнікі й прадстаўнікі таксапаркаў. Я не магу сказаць, што гэта будзе рабіцца круглыя суткі. Але што гэтаму будзе надавацца пэўная колькасьць часу кожны дзень — гэта факт”.

Камэрцыйным падвозам пасажыраў у Беларусі займаюцца тры катэгорыі таксістаў — кіроўцы дзяржаўных таксаматорных паркаў, ўладальнікі прыватных аўтамабіляў, якія плацяць падаткі й маюць ліцэнзіі на гэты від дзейнасьці, і так званыя нелегалы, якія таксуюць на прыватных машынах бяз жоўтых налепак. Як кажуць прадстаўнікі легальнай часткі таксовак, апошнія забіраюць да траціны агульных прыбыткаў.

(Таксіст: ) “Падатак жа ўсе павінны плаціць. Бо ў іншым выпадку падаткі нашы проста абясцэньваюцца. Мы плацім, а яны — не. І, канечне, перашкаджаюць. Бо мы, дапусьцім, стаім, чакаем кліента, а ён — раз наперад, і таньней можа адвезьці. А мы зноў стаім і чакаем. Крадуць наш час. Праўда, яны пераважна па ўскрайках гораду езьдзяць, у цэнтры меней”.

(Іншы таксіст: ) “Усе гэтыя рэйды апраўданыя. Яны наш хлеб забіраюць, чаго іх шкадаваць?”

(Карэспандэнт: ) “Па-вашаму, кіроўцаў, якія працуюць безь ліцэнзіі, шмат? І яны сапраўды вам сур’ёзныя канкурэнты?”.

(Таксіст: ) “Працэнтаў трыццаць яны ў нас перабіваюць. Бо сярод пяці машынаў нармалёвых, зь ліцэнзіямі, абавязкова знойдуцца тры звычайныя, не пазначаныя адмысловымі знакамі, што гэта таксоўка”.

(Карэспандэнт: ) “Бачыце вы такога нелегала — што можаце зрабіць?”

(Таксіст: ) “Перадусім, на гэта ёсьць улады. А што я буду рабіць? Прабачце, морду біць, ці што? Дык гэта ўжо крымінальны артыкул супраць мяне будзе”.

Кіраўнік Асацыяцыі кіроўцаў і ўладальнікаў аўтатранспарту Алег Маркевіч гатовы кансультаваць абедзьве катэгорыі таксістаў. З досьведу ранейшых рэйдаў спадар Маркевіч усё ж раіць нелегалам не рызыкаваць, каб ня страціць апошняга. А што да легальных прыватнікаў, то, паводле Маркевіча, ня трэба быць такімі катэгарычнымі хоць бы на прыкладзе таксі “052”: выплата падаткаў не перашкодзіла ўладам пазбавіць таксістаў радыёчастаты.

(Маркевіч: ) “Ідзе палітыка зацісканьня гаек. Мы бачым, як пазбаўляюць ліцэнзіяў камэрцыйныя структуры, бачым, як пагаршаецца агульны эканамічны клімат у Рэспубліцы Беларусь. Таму цяпер у Беларусі лепш нічым не займацца — цалейшыя будуць грошы. Паверце мне”.

Ужо ёсьць выпадкі, калі кіроўцаў прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці за парушэньне правілаў прадпрымальніцкай дзейнасьці. Санкцыі — штрафы ад 20 да 50 базавых велічыняў. Ёсьць прэцэдэнты, калі за паўторнае парушэньне заканадаўства ўжывалася крайняя мера — канфіскацыя аўтамабіля.

МУС Беларусі агучыў прапанову дзяржаўных таксаматорных паркаў: крымінальная адказнасьць за прыватны падвоз пасажыраў за плату, пры гэтым — абавязковая канфіскацыя аўтатранспарту. Дзеля ўдасканаленьня прававой базы ў галіне супрацьдзеяньня нелегальнаму падвозу міністар Уладзімер Навумаў лічыць, што трэба падрыхтаваць адпаведны зварот да Аляксандра Лукашэнкі як суб’екта заканадаўчай ініцыятывы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG