Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску падаражэла таксі


Ігар Карней, Менск У Менску чарговым разам падаражэлі паслугі таксі. Калі пад канец 2006 году кожны кілямэтар паездкі абыходзіўся пасажыру 800 рублёў, то цяпер трэба заплаціць за тую ж адлегласьць 1 100. У таксапарках прымусовую карэктыву тлумачаць новымі эканамічнымі ўмовамі, у якіх даводзіццца існаваць.

Нядаўняе падвышэньне кошту бэнзыну склала меней за 5%, а расцэнкі таксовак тым часам вырасьлі амаль на 30%. Неадэкватныя захады прывялі да таго, што цяпер таксісты “зьбіваюцца ў зграі” і гадзінамі прастойваюць у чаканьні кліентаў.

Таксіст: “Ну, вось ужо гадзіну стаю. Народ яшчэ не прызвычаіўся. Але звыкнуцца паціху”.

Таксіст: “Надвор’е ўсё адно людзей у машыны заганяе. Таму хто езьдзіў раней, той і надалей будзе езьдзіць”.

Таксіст: “Яно стала ўсё роўна крыху лягчэй пасьля таго, як нелегалаў прыціснулі. Нават машыны ў іх канфіскуюць”.

Прыканцы 2006 году міністар унутраных спраў Уладзімер Навумаў правёў нараду, прысьвечаную становішчу ў краіне з таксістамі-нелегаламі. Нагодай паўстала скарга кіраўнікоў таксапаркаў: нелегалы давялі законных перавозчыкаў да мяжы эканамічнага крызысу. Міністар загадаў разабрацца і санкцыянаваў татальныя аблавы з боку міліцыі і рэвізораў падаткавых інспэкцый. Напярэдадні Навумаў пацьвердзіў: у мэтах ліквідацыі нелегальнага падвозу практыкуюцца радыкальныя захады, ажно да канфіскацыі транспарту. Працягам кампаніі сталася ўвядзеньне для беларускіх таксовак рэгістрацыйных нумароў жоўтага колеру, што, паводле генэрала, дазволіць больш эфэктыўна выяўляць “шэрых таксістаў”.

Аднак патэнцыйныя пасажыры скардзяцца: ад таксістаў на звыклых “Волгах” сюрпрызаў можна чакаць ня меншых: падчас кожнага падвышэньня яны спрабуюць выкарыстаць неразьбярыху ў лічбах на сваю карысьць.

Пасажыр: “Вось на такіх жоўтых машынах, пазначаных 061, падвышэньне адбілася, у прынцыпе, вельмі адчувальна. Я ехаў ад вуліцы Гвардзейскай да Маскоўскай. Тая адлегласьць заўсёды каштавала 5-6 тысяч, а тут раптам кіроўца кажа: ну, што, давай 20 тысяч. Я абурыўся: шэф, ты што? Дваццаць, натуральна, ня даў. Разышліся інакш. Дык вось: палохае, што насамрэч падвысілася зусім не на 200 рублёў, як яны кажуць”.

Пакуль што спрабуе дэмпінгаваць на рынку таксі прыватная служба 052 – тут кошт трымаецца на адзнацы 980 рублёў за кілямэтар. Аднак кіраўнік Асацыяцыі кіроўцаў і ўладальнікаў аўтатранспарту Алег Маркевіч лічыць: з улікам складанасьцяў, якія летась нават пасунулі кіроўцаў да страйку, доўга заставацца ўбаку ім не дадуць. Між тым, як кажа спадар Маркевіч, спробы абараніць інтарэсы прыватнікаў, якія лічаць жорсткую дзяржаўную палітыку ў галіне аўтаперавозак неабгрунтаванай, застаюцца бясплённымі. Ніводная з ініцыятыў аўтакіроўцаў атрымаць сваю “дзялянку” на рынку таксі не знайшла паразуменьня з боку ўладаў.

Маркевіч: “Гэта ўсё сабе даражэй цяпер. Таму я ў гэтым выпадку нават раю: ня трэба нічога спрабаваць ініцыяваць ці зарэгістраваць. Ёсьць супольнасьць людзей, і трэба заставацца людзьмі, перш за ўсё. А фармальна ці нефармальна – гэта ўжо ня так важна. Дастаткова прыгадаць нефармальны Беларускі народны фронт, які прыканцы 1980-х -- пачатку 1990-х меў вельмі моцныя пазыцыі. І ўладны супраціў не перашкаджаў людзям адстойваць сваё меркаваньне”.

У Камітэце стандартызацыі Савету міністраў нашаму карэспандэнту не пацьвердзілі інфармацыі, якая цыркулявала ў асяродку таксістаў, што неўзабаве давядзецца цалкам перафарбоўваць у жоўты колер машыны таксі. Досыць мець 25-сантымэтровую жоўтую паласу праз бакавіны машыны з указаньнем прыналежнасьці да таго ці іншага таксапарку. А вось маршрутныя таксі на базе мікрааўтобусаў насамрэч паступова будуць прыводзіцца да жоўтай аднастайнасьці.

На здымках: Пасьля чарговага падаражаньня “скучанасьць” таксовак на квадратны мэтар заўважна падвысілася (фота аўтара).











Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG