Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кліентаў таксі стала менш у два-тры разы


У Горадні скарацілася колькасьць кліентаў таксі. Можна меркаваць, што ў розных фірмах кіроўцы цярпяць неаднолькавыя страты.


Гарадзенскі кіроўца таксоўкі Мікола працуе ў фірме, якая даволі даўно замацавалася на гарадзкім рынку. Ён адзначае істотнае зьмяншэньне кліентаў ад самага пачатку студзеня. Мікола:

“Я працаваў у навагоднюю ноч, і мяне ўразіла, што я не вазіў п’яных. Я папытаўся ў сваіх калегаў, і выявілася, што так было ўва ўсіх. Адразу было відно, што людзі сьвяткуюць ня тое што спалохана, а спакойна, ня ведаючы — чаго чакаць. Народ катаўся да “старога новага году”, чысла да 15-га, а потым адразу кліентаў стала менш у два-тры разы”.

Звычайна кіроўцы таксовак працуюць па выкліку, чакаючы яго ад дыспэтчара.

Спадар: “Калі раней у нас у фірме стаяў у чарзе пятым-сёмым, дванаццатым-трынаццатым — гэта была ўжо рэдкасьць, то цяпер можаш чакаць выкліку дваццатым-дваццаць пятым у чарзе. Заказу нават даводзіцца чакаць па дзьве, па тры гадзіны”.

Гарадзенцы пачалі эканоміць на таксоўках, адзначае кіроўца.

Спадар: “І людзі сталі езьдзіць на больш кароткія адлегласьці, на шэсьць-сем-восем тысяч. А мінімальны праезд — шэсьць тысяч. У выходныя сытуацыя лепшая, але ўсё роўна розьніца вялікая, таксама ў два разы горш, чым было ўвосень ці летам”.

Сытуацыяй з кліентамі я пацікавіўся таксама ў іншай гарадзенскай фірме таксовак, якая дзейнічае адносна нядаўна і прапануе кліентам толькі паездкі ў камфартабэльных мэрсэдэсах.

Спадар: “Стала менш кліентаў на адну траціну, гэта дакладна. Званкоў адна трэцяя частка зьнікла проста”.

Ці ня думаюць у фірме кагосьці з кіроўцаў звальняць з гэтай нагоды?

Спадар: “Кардынальных захадаў яшчэ не рабілі, ва ўсіх пазыцыя чаканьня. Але давядзецца, канечне, што ж рабіць. Трэба пакідаць будзе нейкі “касьцяк”, які будзе працаваць. Таму што ўсім чакаць цэлыя суткі замовы — гэта ня рэч, сям’ю сваю не пракормяць”.

У такой сытуацыі падвышаць цану паездкі ў таксоўцы ніхто ня будзе, зазначылі ў гэтай гарадзенскай фірме.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG