Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнікі прадпрыемстваў, якія выпускаюць алькагольную прадукцыю, кажуць пра нізкую рэнтабэльнасьць галіны. Сыравіна для моцных напояў істотна падаражэла, а экспартныя пастаўкі амаль згорнутыя.

Прадстаўнікі лікёра-гарэлачных заводаў папярэджваюць пра непазьбежнасьць падвышэньня коштаў на прадукцыю. Не дадаюць аптымізму і дні цьвярозасьці, якія вызначаныя адмысловым графікам і ладзяцца па ўсёй Беларусі. Апроч таго, міліцыя прапануе спыніць продаж алькаголю ў дні заробкаў.

Начальнік аддзелу збыту Віцебскага лікёра-гарэлачнага заводу “Прыдзьвіньне” Сьвятлана Ціханава кажа, што для вытворцаў алькаголю падаражэла практычна ўсё — ад сыравіны да накрывак на бутэлькі. Шкло, дарэчы, вырасла ў кошце таксама:

“Самая асноўная складанасьць — з намі кепска цяпер пачаў разьлічвацца гандаль. Дзесьці зьнізілася пакупніцкая здольнасьць, хтосьці раней знаходзіў крэдытныя лініі ў банках, маглі атрымліваць грошы ня толькі ад рэалізацыі, але і іншым чынам знаходзілі грошы для разьлікаў. Цяпер гэта ўсё вельмі ўскладнілася, разьлікі сталі вельмі складаныя. Адпаведна, ад гэтага і ў нас таксама праблемы: бракуе сродкаў, каб закупіць сыравіну, матэрыялы для выпуску прадукцыі. Праблемы, вядома, значныя: сыравіна падаражэла, бутэлька падаражэла, каўпачок. Натуральна, паслугі на выраб этыкетак. І ўсё гэта накладае адбітак на канчатковы кошт”.

Зьміцер Дайнэка, адзін з кіраўнікоў прадпрыемства “Беларускае пітво”, якое ў апошнія дні мінулага году прэзэнтавала новую лінейку абноўленай “Крамбамбулі”, прагназуе падвышэньне цэнаў на алькагольную прадукцыю. І хоць попыт на “Крамбамбулю” пакуль перавышае здольнасьці вытворчасьці, па іншых пазыцыях рэнтабэльнасьць амаль нулявая:

“Мы адчуваем, што попыт падае на ўсё, у тым ліку і на алькаголь. Цяпер рэнтабэльнасьць у нас практычна роўная нулю, і ў хуткім часе мы проста вымушаныя будзем падняць цэны. Сыравіна ўвесь час даражэе, таму працаваць у мінус ніякага жаданьня няма, разумееце? Пакуль рэаліі такія, што ўсё даражэй і даражэй робіцца сыравіна для нашай вытворчасьці. Так што сытуацыя не аптымістычная. Але трэба жыць, працаваць”.

Карэспандэнт: “Як вы ставіцеся да таго, што праваахоўныя органы ініцыююць кампаніі цьвярозасьці — у тым ліку прапануюць забароніць продаж алькаголю ў дзень авансу і заробкаў?”

Так не бывае, каб за дзень усе піць перасталі.
“Гэта нейкія сьмешныя акцыі. Эфэкту ня будзе, мне здаецца. Бо тлумачальную працу трэба праводзіць ня раз на год ці раз на месяц, а штодзённа і на працягу масы гадоў. А так не бывае, каб за дзень усе піць перасталі. Ня веру я ў такія акцыі”.

А вось першы намесьнік генэральнага дырэктара заводу “Мінск Крышталь” Сяргей Машкоў заяўляе, што іхнае прадпрыемства крызіс калі і закрануў, то ў меншай ступені. Як руплівыя гаспадары, “крышталеўцы” загадзя паклапаціліся пра сыравіну і цяпер ня маюць патрэбы набываць яе задорага:

“Патлумачу: мы купілі збожжа на цэлы год. Як нарыхтавалі яго летась, так яго кошт і застаецца нязьменным. У сваю чаргу, мазут патаньнеў, што таксама нам на карысьць. Вось шкло — так, бутэлька падаражэла. Этыкетка даражэйшая стала. Але асноўная сыравіна для нас не падаражэла. Зь верасьня, магчыма, якіясьці праблемы будуць. А да жніўня пакуль нармальна. Адзіны істотны момант — гэта экалягічны падатак на ваду. Ён значна ўзмацняе затраты: па-мойму, колькі каштуюць 2,5 грама золата, столькі для нас вада каштуе. Ёсьць такая праблема, але рэнтабэльнасьць дазваляе яе пагасіць”.

Карэспандэнт: “То бок вельмі моцна крызіс вас не зачапіў?”

Экспарт сьпіртовых напояў апошнім часам даводзіцца страхаваць.
“Нас — не. Але, на ўсялякі выпадак, каб у курсе былі: у часе крызісу апошнія памруць алькаголікі, а не вытворцы алькаголю”.

Толькі генэральны дырэктар Гарадзенскага лікёра-гарэлачнага заводу “Nemanoff” Анатоль Бубен запэўнівае, што прадпрыемства працуе ў ранейшым рэжыме. Пасьля атрыманьня эксклюзіўнага права на выпуск горкай настойкі “Зуброўка” наладжаны яе экспарт у Польшчу, дзе напой карыстаецца ўстойлівым попытам:

“Мы пакуль ніякіх крызісных наступстваў не адчулі. І рэнтабэльнасьць у нас якой была, такой і засталася. Таму пакуль працуем без аніякіх зьменаў. Пакуль нас усё задавальняе”.

Вытворцы алькаголю кажуць, што экспарт сьпіртовых напояў апошнім часам даводзіцца страхаваць: фінансавыя праблемы ў замежных пакупнікоў, асабліва ў расейскіх, не дазваляюць гарантаваць, што пастаўленая прадукцыя будзе аплочана ў час.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG