Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму дзяржаве нявыгадна змагацца з алькагалізмам?


Ці рэальна паставіць заслон легальнаму спойваньню насельніцтва? Як прызнаўся сёньня ў гутарцы з журналістамі расейскіх СМІ Аляксандар Лукашэнка, “наўрад ці славяне могуць перамагчы гэтае зло”.

І сапраўды, сусьветная практыка паказвае, што ўвядзеньне сухога закону ці ўсталяваньне завоблачных коштаў на алькаголь ня надта дапамагае — аматары Бахуса пераходзяць на тэхнічныя заменьнікі, што цягне за сабой яшчэ больш суровыя наступствы. Ці існуе парытэт паміж вытворчасьцю і спажываньнем алькаголю?

Спажываньне алькаголю ў Беларусі імкліва расьце. У трэцяе тысячагодзьдзе беларусы ўвайшлі з наступнай статыстыкай: ад 6 літраў на кожную душу насельніцтва, як было за савецкім часам, сувэрэнныя паказьнікі вырасьлі амаль удвая, перавысіўшы 11,5 літра на чалавека, калі лічыць і немаўлятаў, і цяжка хворых. Пры гэтым Сусьветная арганізацыя аховы здароўя лічыць крытычнай для дзяржавы лічбу ў 5 літраў на чалавека.

Эканаміст Сяргей Балыкін кажа, што перадусім у разьвіцьці алькагольнай вытворчасьці зацікаўленая дзяржава. Пры невялікім сабекошце алькагольная прадукцыя абкладаецца значнымі акцызамі і падаткамі і рэалізуецца праз гандлёвую сетку ўжо па досыць высокіх цэнах. На кожнай бутэльцы, у залежнасьці ад гатунку, дзяржава зарабляе даляр і больш — тым часам як вытворцу застаюцца 5—10 цэнтаў.

Згодна з афіцыйнымі дадзенымі, у 2007 годзе ў Беларусі выраблена 12 мільёнаў дэкалітраў лікёра-гарэлкавай прадукцыі, што на 18% больш, чым годам раней. Сёлета, мяркуючы па дынаміцы, будзе адкарэктаваны і гэты рэкорд. З улікам аднаго з найвышэйшых паказьнікаў спажываньня алькаголю ў сьвеце, як кажа Сяргей Балыкін, грошы куюцца дзяржавай проста на роўным месцы:

“Грошы дзяржава атрымлівае ў выглядзе ўскосных падаткаў — акцызаў і падаткаў на даданую вартасьць. Яшчэ адзін момант, чаму шмат прадаюць гарэлкі і так званай “барматухі”, — розьнічным гандлярам гэта выгадна. Напрыклад, харчовымі таварамі гандляваць ня так выгадна, але ж трэба падтрымліваць працу крамаў. Таму практычна ў кожнай краме ёсьць вінна-гарэлачны аддзел. Ён дае грошай нашмат больш, чым гандаль яйкамі ці мясам. Але насамрэч насельніцтва спойваюць не гарэлкай, а ўсялякімі “крыжачкамі”, якія няшмат каштуюць. Гарэлка на гэтым тле досыць дарагая. Дэклясаваныя элемэнты, так званыя “сінія”, яны ж гарэлку ня п’юць. Яны сьпіваюцца якраз на гэтых танных “вінах”.

Сёньня ўскосна адрэклямаваў айчынную гарэлку Аляксандар Лукашэнка, які ў часе сустрэчы з расейскімі журналістамі заявіў: найлепшыя ў сьвеце гатункі гарэлкі — беларускія і харвацкія. Калі гэта ня тычыцца нейкіх элітных партыяў пад замову, з выказваньнем можна паспрачацца.

Аднак асноўны прадукт вясковых сельпо, яшчэ больш хадавы за хлеб, — гэта згаданая спадаром Балыкіным “барматуха”. Яблыкі, асноўную сыравіну для разнастайнага “чарніла” пад кідкімі назвамі, заводы скупляюць у людзей за капейкі. Такі ж капеечны і сабекошт гатовага прадукту — “фугас” (0,75 літра) абыходзіцца вытворцу не даражэй за бутэльку піва. Стаўка — на колькасьць рэалізаваных дэкалітраў. Балазе аматараў 18-градуснага “месіва” хапае, чым і карыстаюцца шматлікія вінзаводы. Паводле статыстыкі, вінаспажыўцы складаюць і асноўную масу ахвяраў злоўжываньня алькаголем. Штогод у Беларусі больш за 3 тысячы чалавек паміраюць ад алькагольнага атручэньня, амаль усе яны — людзі працаздольнага ўзросту.

Аднак калі паслухаць кіраўнікоў кансэрвавых заводаў, якія паралельна з восеньскімі “закаткамі” ціснуць “чарніла”, дык уражаньне такое, што іх прадукцыю трэба сілком уводзіць у рацыён за багаты вітамінны складнік. Гаворыць дырэктар аднаго з заводаў на Талачыншчыне Анатоль Анюхоўскі:

“Спажываюць нашыя віны людзі сярэдняга дастатку. Гэта нармальная сыравіна, якасны яблык. А ўвогуле мы нарыхтавалі ўжо 500 тонаў ягадаў. Больш за 100 тонаў штогод нарыхтоўваем журавінаў, чарніц, нарыхтоўваем парэчкі, маліны, агрэст, чарнаплодныя рабіны. Паглядзіце, колькі я назваў ягадных культураў, якія паводле складу незаменных амінакіслотаў, утрыманьня вітамінаў перасягаюць вінаград, віны зь якога таксама спажываюць нашы грамадзяне!”

Змагацца з алькагалізацыяй насельніцтва спрабавалі рознымі спосабамі, ажно да радыкальнай забароны п’янства як зьявы. Не дапамагло. Апошнім часам распаўсюдзілася практыка абмежаваньня гандлю падчас масавых мерапрыемстваў. Але людзі навучаныя досьведам і запасаюцца загадзя.

Праціўнікі такіх “сухіх” дзён — уладальнікі дробных забягалавак, кавярняў, бараў. Некалькі апошніх гадоў для іх як кара нябёсаў розныя дзяржаўныя сьвяты, дні гарадоў, рознакалібэрныя дажынкі, выпускныя вечарыны і г.д. У гэтыя дні ўлады накладаюць мараторый на гандаль нават півам, ня кажучы пра мацнейшыя напоі. Тым часам для пунктаў грамадзкага харчаваньня гандаль алькаголем з падвойнай нацэнкай — асноўны прыбытак. На закуску ў лепшым выпадку ідуць танныя бутэрброды, а такім асартымэнтам не адаб’еш нават арэнду. Гаспадар аднаго з бараў у цэнтры Менску абураецца:

“Прыходзяць наведнікі і наяжджаюць — якія ж мы выпускнікі? Мы вось зараз пасядзім крыху ў бары, вып’ем і пойдзем далей. То бок яны не на вынас бяруць, не з сабой, а замаўляюць у бары салідны напой. Чаму нельга гэтага зрабіць? Прычым яны аб’ектыўна ня пойдуць удзельнічаць у нейкіх дэбошах, бо людзі сталага веку. Але ў такой сытуацыі можа, груба кажучы, і да бойкі дайсьці, калі пачнеш ім штосьці забараняць. Бо ў каго ёсьць грошы, хто хоча пасядзець з камфортам, аўтаматычна пазбаўляецца магчымасьці гэта зрабіць у цэнтры гораду”.

Спэцыялісты салідарныя ў меркаваньні: працэс спойваньня насельніцтва мае ня столькі эканамічныя, колькі сацыяльныя карані. Псыхоляг Вячаслаў Цырлін шмат гадоў працуе з “замшэлымі алкашамі”, спрабуе высьветліць сапраўдныя прычыны, якія прывялі кожнага да тупіка, у якім — сямейныя праблемы і ў лепшым выпадку прымусовае лячэньне. Ён перакананы, што алькагольная залежнасьць прыходзіць не ад добрага жыцьця:

“Што тычыцца любой залежнасьці, то гэта заўсёды пэўная несвабода. Калі вы прадстаўляеце Радыё Свабода, то ў дадзеным выпадку гаворка якраз пра несвабоду. Перадусім пра ўнутраную несвабоду, пра нейкі спосаб жыць і адначасна быць нявольнікам ці то алькаголю, ці то наркотыкаў, ці іншай залежнасьці — бо залежнасьцяў насамрэч вельмі шмат рознага кшталту. Гэта зьвязана найперш з асобай чалавека. А ўжо ад таго, якая канкрэтна асоба чалавека, якую філязофію ў жыцьці ён вызнае, якія ў яго перакананьні і г.д., залежаць і ягоныя жыцьцёвыя прыярытэты”.

У Беларусі на наркалягічным уліку стаяць амаль 180 тысяч хранічных алькаголікаў, зь іх блізу 25 тысяч — жанчыны. Паводле неафіцыйнай вэрсіі, колькасьць тых, хто злоўжывае алькаголем, даходзіць да 300 тысяч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG