Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На дзень цьвярозасьці ў Магілёве выцьвярэзьнік не пуставаў


19 лютага крамы Магілёўшчыны не прадавалі алькагольных напояў. Аблвыканкам абвясьціў у рэгіёне Дзень цьвярозасьці. Першы такі дзень адбыўся летась 27 жніўня.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, тады не было зарэгістравана забойстваў, цяжкіх цялесных пашкоджаньняў, згвалтаваньняў ды разбояў. Афіцыйна пра сёньняшні Дзень цьвярозасьці дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі пачалі паведамляць ад сямнаццатага лютага. Ня ўсе, аднак, да яго пасьпелі падрыхтавацца.

Апоўдні крама алькагольных напояў “Крышталь” сустракае наведнікаў зачыненымі дзьвярыма. На іх абвестка: “У сувязі з Днём цьвярозасьці крама зачыненая на санітарны дзень”. Людзі спачатку грукаюць у дзьверы, а потым чытаюць саму абвестку.

Спадарыня: “Мы проста прыйшлі падарунак набываць. Да дваццаць трэцяга. Хацела бутэльку каньяку добрага купіць падарыць. Напрыклад, зяцю”.

Спадар: “Гэта зусім не нармальна. У кагосьці выходныя, у кагосьці сьвяты, дзень народзінаў альбо яшчэ што. Дзе можна набыць сьпіртное? Нідзе! Крыху няправільна гэта”.

Спадар сталага веку: “Гэта ня дужа добра. Я, напрыклад, не сабе хацеў узяць, а чалавеку. Адудзячыць. Хацеў узяць бутэльку каньяку, а крама зачыненая. Гэта ўжо нязручнасьці”.

Так выказваліся людзі каля зачыненай крамы “Крышталь”. Алькаголікамі яны не выглядалі. Між тым улада тлумачыць неабходнасьць правядзеньня Дня цьвярозасьці прафіляктыкай асацыяльных паводзінаў грамадзян.

У нашай культуры алькаголь зьяўляецца неад’емным атрыбутам штодзённага жыцьця.
Ці ёсьць сэнс у правядзеньні Дзён цьвярозасьці? — пытаюся ў супрацоўніцы наркалягічнага дыспансэру. Яна спадзяецца, што такія дні дазволяць людзям хаця б задумацца пра зьмяншэньне ўжываньня алькаголю.

“У нашай культуры, субкультуры алькаголь зьяўляецца неад’емным атрыбутам штодзённага жыцьця. Сьвяты ніколі не абыходзяцца без алькаголю, паховіны не абыходзяцца без алькаголю. Людзі арыентаваныя на тое, каб ня проста выпіць, а выпіць так, каб усё гэта адбылося з “карысьцю”.

Колькасьць хворых на алькагалізм на Магілёўшчыне расьце. Першага студзеня на ўліку ў наркадыспансэры стаялі 5924 чалавекі. “Гэтую колькасьць трэба памножыць на дзесяць, каб атрымаць больш-менш дакладную лічбу алькаголікаў”, — зазначаюць мэдыкі.

Паводле іх слоў, міністэрства аховы здароўя цяпер пераглядае падыходы да выяўленьня колькасьці алькаголікаў:

“З улікам дзяржаўнай праграмы па пераадольваньні п’янства і алькагалізму і з улікам усіх гэтых прапагандысцкіх і прафіляктычных мерапрыемстваў колькасьць хворых павінна зьмяншацца. У 2007 годзе — 317 хворых на сто тысяч насельніцтва, а ў 2008 годзе выяўленьне складае 300 хворых на сто тысяч”, — кажа супрацоўніца наркалягічнага дыспансэру.

Днём цьвярозасьці незадаволеныя адміністрацыі магілёўскіх крамаў.
Днём цьвярозасьці незадаволеныя адміністрацыі магілёўскіх крамаў. У адной зь іх паведамілі, што сёньня не далічацца прыкладна каля адзінаццаці мільёнаў рублёў выручкі.

Адчувальныя страты зьведаюць і шапікі на прыпынках гарадзкога транспарту. Асноўны прыбытковы тут тавар — піва.

“У прынцыпе, выручка ўпадзе прыкладна ў два разы. Эфэкту ніякага для людзей. Яны ўчора бралі, каму трэба, у два разы болей. Сёньня ж яны глог у аптэцы набываюць”, — кажа гандлярка з шапіка на прыпынку.

У аптэках спальных раёнаў Магілёва не хаваюць, што сёньня больш прадалі лекавых прэпаратаў на сьпірце — настойкі глогу й сардэчніку.

Сёньня ж яны глог у аптэцы набываюць.
27 жніўня, калі ўлады праводзілі першы дзень цьвярозасьці, магілёўскі мэдвыцьвярэзьнік не пуставаў. Сёньня таксама. А палове на шаснаццатую там было трое чалавек. Пытаюся: а колькі чакаеце яшчэ? Ня больш за дзесяць, адказаў супрацоўнік медвыцьвярэзьніка:

“Сярэдняя напоўненасьць за суткі — сямнаццаць чалавек прыблізна. У мінулы дзень цьвярозасьці ў нас было восем чалавек. Сёньня ж працуюць толькі кавярні, бары, рэстараны, а крамы ж не прадаюць. Ну, яшчэ аптэкі для іх ёсьць — глог і ўсё такое”.



Летась кожны беларус выпіў у сярэднім 12,4 літра ў пераліку на чысты сьпірт. Плянка, пасьля якой пачынаецца актыўная дэградацыя, — 8 літраў на чалавека за год.

Паводле міністра аховы здароўя Беларусі Васіля Жарко, з 2005 па 2008 гады спажываньне алькаголю ў пераліку на чысты сьпірт на душу насельніцтва ўзрасло ў 1,3 раза. Паводле Белстату, у 2008 годзе продаж гарэлкі павялічыўся на 8,1%, лікёра-гарэлкавых вырабаў — на 16,8%, вінаградных вінаў — на 3%.

У краіне было зьдзейсьнена 2 662 самагубствы, зь іх 60% — у стане алькагольнага ап’яненьня, ад атручэньня алькаголем загінула больш за 2,5 тыс. чалавек. Кожнае трэцяе злачынства (з больш як 158 тысяч) у 2008 годзе было зьдзейсьненае асобамі ў стане алькагольнага ап’яненьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG