Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея стварыла апэратыўныя сілы пад сябе


Дакумэнт аб стварэньні калектыўных сілаў апэратыўнага рэагаваньня падпісалі сёньня ў Крамлі лідэры краінаў, якія ўваходзяць у АДКБ — Арганізацыю дамовы аб калектыўнай бясьпецы.

Гэтыя сілы будуць выкарыстоўвацца для адбіцьця ваеннай агрэсіі, правядзеньня апэрацыяў супраць міжнароднага тэрарызму і экстрэмізму, ліквідацыі наступстваў надзвычайных сытуацыяў.

Новая вайсковая структура стваралася пад ціскам з боку Расеі. Адсутнасьць супольнага апэратыўнага падразьдзяленьня не дазваляла дагэтуль, з пункту гледжаньня міжнародных стандартаў, лічыць АДКБ паўнавартасным вайскова-палітычным блёкам. Цяпер гэтай перашкоды ўжо не існуе.

Аналітык Раман Якаўлеўскі выказвае ўласнае меркаваньне, чаму Маскве так важна было ўзьняць статус АДКБ:

“Як бы хто там свайго сувэрэнітэту ні аберагаў, але АДКБ — адзін з асноўных інструмэнтаў увасабленьня ў жыцьцё расейскай палітыкі. Той самай палітыкі, якую апошнім часам усё часьцей называюць імпэрскай. Гэта палітыка расейскага ўплыву на постсавецкай прасторы. Іншыя краіны прывязваюцца вайскова-тэхнічным супрацоўніцтвам, пастаўкамі зброі па ўнутрырасейскіх цэнах. І Расеі выгадна трымаць на сваёй арбіце былыя савецкія рэспублікі. Яшчэ раз падкрэсьлю, АДКБ — адзін з найважнейшых складнікаў такой палітыкі, якая ўзмацнілася за кошт калектыўных сілаў апэратыўнага рэагаваньня”.
АДКБ — адзін з інструмэнтаў увасабленьня ў жыцьцё расейскай палітыкі...


Маскоўскі палітоляг Андрэй Суздальцаў кажа: новае падразьдзяленьне скіравана найперш на азіяцкі рэгіён:

“Там ёсьць мноства праблемаў, у тым ліку энэргетычная. Стаіць пытаньне аб устойлівасьці сьвецкіх рэжымаў на фоне ісламскага фундамэнталізму. Існуе агульная нестабільнасьць рэгіёну, праблемы Кітаю, Аўганістану... Карацей кажучы, праблемы там сур’ёзныя”.

Такім чынам, не выключаецца, што беларускія вайскоўцы могуць трапіць, напрыклад, у Таджыкістан. Ці не супярэчыць гэта дзейнай Канстытуцыі Беларусі? Мечыслаў Грыб, які ў 1994 годзе падпісваў Асноўны закон, цьвердзіць:

“Я ня памятаю, які там дакладна артыкул, але грамадзяне Беларусі ня маюць права браць удзел у ваенных дзеяньнях на тэрыторыі іншай краіны. Дазвол патрэбны парлямэнту ў такіх выпадках”.

Спадар Суздальцаў лічыць, што Беларусь, калі нешта і здарыцца ў Азіі, апэрацыю праігнаруе:
Сёньня Лукашэнка падпісаў дакумэнт за каманду...


“Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка стаяў за калектыўныя сілы, калі ў яго былі складанасьці з Захадам. Тады ён імкнуўся на нешта абаперціся. Цяпер у яго такой праблемы няма.

А сёньня ён падпісаў дакумэнт, так бы мовіць, за каманду. Было калектыўнае рашэньне — падпісаць. Я думаю, удзельнічаць у калектыўных сілах Лукашэнка ня будзе”.

А вось Раман Якаўлеўскі бачыць прычыну, чаму кіраўнік Беларусі падпісаў сёньня дамову:

“Вайсковы складнік — галоўны ў АДКБ. Але ж АДКБ не зьяўляецца арганізацыяй дэмакратычных краінаў. І, безумоўна, узмацненьне вайсковага складніка — у інтарэсах і рэжыму, які цяпер кіруе ў Беларусі”.

Плянуецца, што калектыўныя сілы будуць дысьлякавацца ў Расеі і да іх будуць прылучаць вайсковыя падразьдзяленьні іншых краінаў АДКБ. У складзе АДКБ — Беларусь, Армэнія, Расея, Казахстан, Кіргізстан, Таджыкістан і Узбэкістан.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG