Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаго Масква чакае ад Менску ў абмен на дапамогу?


Cёньня ў Маскве А. Лукашэнка возьме ўдзел у нечарговых самітах Эўразійскай эканамічнай супольнасьці і Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы.

Ці ўдасца Расеі з дапамогай гэтых структураў ажывіць СНД?

Падчас пасяджэньня вышэйшага дзяржсавету “саюзнай дзяржавы”, які адбыўся напярэдадні ў Маскве, прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў, што на самітах ЭўрАзЭС і АДКБ будуць абмеркаваны пытаньні інтэграцыйнага ўзаемадзеяньня на постсавецкай прасторы, а больш высокі ўзровень расейска-беларускіх стасункаў павінен стаць прыкладам. Ён адзначыў, што Беларусь і Расея гатовыя актывізаваць фармаваньне мытнага саюза і адзінай эканамічнай прасторы ня толькі ў двухбаковым фармаце, але і ў рамках “тройкі” ЭўрАзЭС (Беларусь, Казахстан, Расея). Удзельнікі саміту АДКБ маюць абмеркаваць стварэньне калектыўных сілаў апэратыўнага рэагаваньня.

На днях расейскі міністар замежных спраў Сяргей Лаўроў нагадаў, што Расея зацікаўленая, каб краіны-сябры АДКБ прызналі незалежнасьць Абхазыі і Паўднёвай Асэтыі. Расейскі палітоляг Сяргей Маркаў бачыць тут пэўныя праблемы:

Адзінае, магчыма, прызнаньне з боку Беларусі, бо яна ня мае свайго сэпаратысцкага рэгіёну
“Шэраг дзяржаў мае праблемы з уласным сэпаратызмам. Кыргыстан баіцца, што поўдзень краіны населены ўзбэкамі можа адыйсьці Ўзбэкістану. Узбэкістан баіцца, што яго частка заселеная таджыкамі можа далучыцца да Таджыкістану. Апроч таго, ёсьць ісламісцкае цячэньне. У Казахстане ёсьць поўнач, якая заселена пераважна расейцамі, і там могуць узьнікнуць свае сэпаратысцкія настроі. Таму ўявіць сабе, што яны цяпер могуць пасьпяшацца з прызнаньнем Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі цяжка. Адзінае, магчыма, прызнаньне з боку Беларусі, бо яна ня мае свайго сэпаратысцкага рэгіёну. Да таго ж Лукашэнка значна меней залежыць ад ЗША, чым кіраўніцтва Казахстану, Узбэкістану ці Таджыкістану. Прызнаньне Беларусі значна больш важнае, бо адкрывае для Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі сяброўства ў саюзе Расеі і Беларусі”.

Ці будзе Расея выкарыстоўваць усясьветны эканамічны крызіс, каб уцягнуць краіны СНД у свае інтэграцыйныя праекты? На гэта Сяргей Маркаў адзначыў:

“Даючы нешта, Расея, канечне, хоча мець нешта ў адказ. Гэта абсалютна нармальна. Іншыя краіны патрабуюць ад Расеі дапамогі, і Расея, дапамагаючы ім, у праве разьлічваць на нейкія жэсты ў адказ у інтарэсах Расеі”.

Паводле палітоляга зь Менску Аляксандра Класкоўскага, Расея і раней старалася гэта рабіць:

Мала толькі нейкіх імпэрскіх амбіцый, вялікадзяржаўнай пыхі, заяваў, што Расея ўстае з
каленяў
“Цяпер тым болей, калі крызісная сытуацыя, мы бачым, што прынамсі выкручваюць рукі беларускаму кіраўніцтву, змусілі нарэшце да падпісаньня дамовы пра адзіную сыстэму супрацьпаветранай абароны. Але ня ўсё так проста. Найперш гэты самы крызіс закрануў і Расею. Мала толькі нейкіх імпэрскіх амбіцый, вялікадзяржаўнай пыхі, заяваў, што Расея ўстае з каленяў. А, банальна, трэба мець рэсурсы, перадавую эканоміку, каб прывабіць такім чынам краіны наўкол сябе. Гэтага ў Расеі няма. Яе яшчэ будзе доўга ліхаманіць. Яна яшчэ далёка не дасягнула дна крызісу. Таму такія памкненьні будуць, але, я ня думаю, што вялікая карысьці Маскве ад гэтага атрымаецца”.

Сёньня ж стала вядома, што неўзабаве у Вільні адбудзецца сустрэча міністраў замежных спраў Беларусі, Літвы і Ўкраіны. І гэты факт, паводле спадара Класкоўскага, сьведчыць, што кіраўніцтва Беларусі будзе і надалей балянсаваць паміж Масквой і Захадам.

У складзе АДКБ – Беларусь, Армэнія, Расея, Казахстан, Кыргыстан, Таджыкістан і Узбэкістан. Сябрамі ЭўрАзЭС зьяўляюцца Беларусь, Расея, Казахстан, Кыргыстан і Таджыкістан. Малдова, Украіна і Армэнія маюць статус назіральнікаў. Напрыканцы мінулага года сваё сяброўства ў ЭўрАзЭС прыпыніў Узбэкістан.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG