Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“СНД можа існаваць доўга, бо нікому ня шкодзіць”


Як можна ацаніць цяперашні стан разьвіцьця Садружнасьці незалежных дзяржаваў?


Дзеля чаго існуе СНД – толькі дзеля традыцыі і грамадзкай думкі ў краінах-удзельніцах альбо гэтая структура сапраўды патрэбная для рашэньня нейкіх супольных праблемаў? Ці можна сёньня назваць СНД прарасейскай арганізацыяй? На гэтыя пытаньні ў перадачы Экспэртыза Свабоды адказваюць палітолягі Віталь Сіліцкі і Андрэй Фёдараў.

Цыганкоў: “Шмат разоў гаварылася, што СНД вось-вось памрэ, што рэальных рашэньняў там не прымаецца. Тым ня менш кіраўніцтва гэтых краінаў стала сустракаюцца, падпісваюць нейкія дакумэнты. Як можна ахарактарызаваць сытуацыю у СНД? Ці развод даўно адбыўся і прэзыдэнты і прэм’еры сустракаюцца паводле палітычнай інэрцыі, ці гэтыя сустрэчы ім рэальна патрэбныя – ня толькі дзеля грамадзкай думкі ў сваіх краінах, але і дзеля вырашэньня нейкіх канкрэтных пытаньняў?”

Фёдараў
: “Улічваючы, што сёньняшняя сустрэча кіраўнікоў урадаў з усімі фармальнасьцямі цягнецца ўсяго 3 гадзіны, ажно з гэтага можна зрабіць выснову, што яна будзе ў значнай ступені фармальнай. Нейкія паперы яны падпішуць – мы ведаем, што ў СНД іх падпісана каля 2 тысячаў, а рэальна зь іх працуе толькі працэнтаў 10.

Мяркую, што мы маем поўнае права сьцьвярджаць, што СНД фактычна існуе ў вельмі малой ступені. Фармальна – так, гэта ўсё захоўваецца пераважна дзеля грамадзкай думкі ў сваіх краінах. Казаць пра існаваньне агульнай супольнасьці, дзе некалькі краінаў знаходзяцца ў стане фактычна вайны (Азэрбайджан і Армэнія) – не выпадае”.

Праз СНД Расея “пазначае тэрыторыю”

Сіліцкі: “Я думаю, што СНД якраз трансфармавалася ў нешта, падобнае на нейкі клюб. І ў такім фармаце яно можа існаваць вечна, бо нікому ня шкодзіць. СНД як нейкая інтэграцыйнае аб’яднаньне – зразумела, гэтага даўно няма і ўжо ня будзе. Але ёсьць сеціва даволі шчыльных двухбаковых стасункаў, ёсьць магчымасьць выкарыстоўваць гэтыя форумы для перамоваў, кааліцыяў і гэтак далей. У такім выпадку – чаму не?

Акрамя таго, існуе пэўная “група па інтарэсах”, якія так ці іначай стасуюцца з СНД. Напрыклад, АДКБ – гэта даволі сур’ёзная і рэальная сытуацыя. І ёсьць такое імкненьне – “пазначаць тэрыторыю”. Пакуль існуе СНД, гэта інструмэнт афармленьня сымбалічнай прасторы, які афармляе прэтэнзіі Расеі на дамінаваньне на гэтай тэрыторыі”.

СНД сёньня ні да чаго не абавязвае

Цыганкоў: “Сапраўды, кіраўнікі дзяржаваў вынайшлі такую мяккую форму існаваньня, якая дазваляе ім сустракацца, але ні да чаго не абавязвае. Але ці ня ўносіць у яе нестыкоўку той факт, што ў СНД існуюць побач ня толькі Армэнія і Азэрбайджан, але і дзяржавы ў стадыі халоднай вайны паміж сабой (Расея з Грузіяй і Ўкраінай). Наколькі такія стасункі магчымыя ў рэальных аб’яднаньнях накшталт Эўразьвязу і ці ня можа гэта стаць прычынай канчатковага разладу ў СНД?”

Фёдараў: “Варта ўзгадаць, што ў свой час быў вельмі моцны канфлікт з-за Кіпра паміж Турэччынай і Грэцыяй, сябрамі NATO. І менавіта ўдзел у гэтай арганізацыі ня дазволіў ім распачаць вайну паміж сабой.

Я, аднак, згодны з тым, што менавіта такая мяккая форма існаваньня СНД, якая нікога ні да чаго не абавязвае, і дазваляе кіраўнікам розных дзяржаваў сустракацца. Бо ў іх на вышэйшым узроўні двухбаковых сустрэчаў фактычна няма, Пуцін і Саакашвілі асабіста не сустракаліся даволі доўга – а ў рамках самітаў СНД сустрэчы адбываліся. Гэта якраз магчыма, кажа і на карысьць СНД, што такая форма існаваньня дазваляе ім сустракацца, дае нейкія надзеі на вырашэньня спрэчных момантаў”.

Цыганкоў: “А ці ня можа стаць новым сур’ёзным званочкам апошняя напружанасьць паміж Расеяй і Ўкраінай – тут і сытуацыя вакол Сімфэропалю, і гандлёвыя пытаньні, зьвязаныя з тым, што Ўкраіна ўступіла ў WTO і зараз ставіць свае ўмовы Расеі... Як кіраўнікі гэтых дзяржаваў могуць “разруліць” такую сытуацыю?”

Фёдараў: “Як яны “разруляць”, я ня ведаю, але ўпэўнены, што гэта будзе зроблены ня ў межах СНД, безумоўна. Калі ўдасца гэта вырашыць, то толькі на двухбаковым узроўні. Украіна можа зараз паставіць Расеі бар’ер на ўступленьне ў WTO, і лічу, што Кіеў цалкам мае права на такія дзеяньні. Бо гэта будзе вынікам безадказных заяваў пэўных расейскіх палітыкаў. Такім чынам, паўтаруся, СНД як структура ў залагоджваньні гэтага канфлікту ніякай ролі не згуляе. Можа, кіраўнікі сустрэнуцца на нейкім саміце і вырашаць гэтае пытаньне”.

СНД – плятформа для дыялёгу з Расеяй і “супраць Расеі”

Цыганкоў: “Віталь, вы казалі, што пэўны элемэнт расейскай прысутнасьці і геапалітычнага ўплыву ў СНД усё ж існуе. Але ў СНД уваходзяць у тым ліку і такія краіны, якія імкнуцца ў NATO. Дык усё ж ці можна лічыць СНД у пэўным сэнсе мяккім, нэўтральным аб’яднаньнем, ці ўсё ж гэта структура, у якой галоўную ролю адыграе Расея?”

Сіліцкі
: “Тыя краіны, пра якія вы казалі, яны ўжо дзейнічаюць не зусім у фармаце СНД, і іхні ўзровень у розных структурах СНД абмежаваны. Так што тут вялікай супярэчнасьці я ня бачу. Акурат таму, што для іх у СНД ёсьць плятформа для дыялёгу з Расеяй.

Тыя, хто больш прывязаны да Расеі, яны больш шчыльна супрацоўнічаюць паміж сабой у рамках іншых інстытуцыяў. Узгадаем АДКБ і асабліва ШАС (Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва) – гэта ужо зусім не СНД. Гэта якраз для тых, хто больш задаволены патранажам Расеі.

Таму калі мы кажам пра ролю Расеі ў СНД – безумоўна, у першую чаргу гэта сымбалічная роля, потым – роля такога стрыжня. Бо апошні чыньнік, які спрыяе захаваньню СНД – гэта тое, што тут ёсьць пэўная плятформа для дыялёгу з Расеяй. І, як гэта ня дзіўна, у тым ліку і для дыялёгу “супраць Расеі”. Напрыклад, пытаньне пра сустрэчы Юліі Цімашэнкі ў Менску вельмі цікавае”.

Цыганкоў: “У свой час шмат было ўвагі нададзена ўтварэньню гэтак званага ГУАМу (Грузія, Украіна, Азэрбайджан, Малдова) – і многія называлі яго антырасейскім. Цяпер на гэтую структуру нібыта неяк забыліся. Як можна ацаніць ягонае існаваньне зараз?”

Сіліцкі: “ГУАМ мог існаваць толькі пад гарантыі таго, што будуць існаваць альтэрнатыўныя пастаўкі паліва з Цэнтральнай Азіі ў абыход Расеі. Гэта даволі складаная геапалітычная канструкцыя, і тут ня шмат ад самога ГУАМу залежала”.

Фёдараў: “Думаю, што гэта меркавалася ня тое, што антырасейскае, а хутчэй празаходняе ўтварэньне. Зараз мы бачым, што Малдова патроху адыходзіць убок, бо Расея дае ёй нейкія абяцаньні, што прыднястроўская праблема будзе вырашана на карысьць Кішынёву. Азэрбайджан як галоўны ў рэгіёне пастаўшчык энэрганосьбітаў актыўна ўдзельнічае і вельмі моцна зацікаўлены ў дывэрсыфікацыі паставак свайго энэргетычнага багацьця. Таму як палітычная структура ГУАМ наўрад ці адбудзецца, але як эканамічная супольнасьць, у якой ня будзе ніякага аб’яднаўчага цэнтру, проста больш шчыльныя эканамічныя ды энэргетычныя стасункі, – ГУАМ будзе існаваць”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG