Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У замаху на спадчыну абвінавацілі некалькіх інвэстараў


Камітэт дзяржаўнага кантролю падрыхтаваў справаздачу па выніках праверкі ходу рэканструкцыі і аднаўленьня гістарычнага цэнтру Менску.

На факты масавага парушэньня ахоўнага заканадаўства ўжо даўно зьвярталі ўвагу прадстаўнікі грамадзкасьці, аднак дагэтуль у кантрольных органах такія звароты ігнараваліся. Гісторыкі, архітэктары, мастацтвазнаўцы зьвярталі ўвагу, што руйнаваньне адбываецца з санкцыі дзяржаўных структураў, якія павінны першымі клапаціцца пра захаваньне гісторыка-культурнай спадчыны. У выніковым дакумэнце КДК падкрэсьліваецца, што выяўленыя парушэньні толькі з боку асобных інвэстараў.

Справаздача Камітэту дзяржкантролю стала вынікам праверкі, распачатай летась у сярэдзіне году. Дарэчы, да таго, што праверка ўсё ж адбылася, прыклаў шмат намаганьняў старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч:

Але асноўныя вынікі праверкі – гэта ўсё ж гаспадарчыя і фінансавыя блохі і ў гарвыканкама, і ў інвэстараў
“На працягу доўгага часу я закідваў іх інфармацыяй – адбываюцца парушэньні заканадаўства ў гістарычным цэнтры Менску. Летам яны пачалі праверку; тэлефанавалі, зьвярталіся па пэўных пытаньнях. Я ведаў, што праверка вялікая, але, шчыра кажучы, асаблівага плёну яна ня дала. У газэце “Рэспубліка” быў матэрыял па выніках праверкі. Прачытаўшы артыкул, я быў расчараваны. Мяне перадусім цікавіла татальнае парушэньне, брутальнае абыходжаньне з гісторыка-культурнай спадчынай у Менску. Але асноўныя вынікі праверкі – гэта ўсё ж гаспадарчыя і фінансавыя блохі і ў гарвыканкама, і ў інвэстараў. Тое, што тычыцца асноўнага – зьнішчаецца гістарычны цэнтар, зьнішчаюцца аўтэнтычныя помнікі – прагучала толькі адным выразам: былі пэўныя нэгатыўныя факты руйнаваньня помнікаў, на што Міністэрства культуры выпісала прадпісаньне. І калі гэта будзе працягвацца, то такія парушальнікі прадпісаньняў будуць мець справу з фінансавай міліцыяй. І ўсё. Зноўку на ўзроўні неакрэсьленых абяцанкаў”.

Цяпер практычна ўвесь гістарычны цэнтар Менску ўяўляе сабой будаўнічую пляцоўку. Аднак да працэсу прафэсійнай рэстаўрацыі, на думку экспэртаў, цяперашняе камэрцыйнае “засваеньне” тэрыторыі ніякіх адносінаў ня мае. У працэсе так званай “бульдозэрнай рэстаўрацыі” нават на тэрыторыі з найвышэйшымі ахоўным узроўнем “недатыкальнасьці” зьнішчаныя дзясяткі аўтэнтычных падмуркаў і збудаваньняў, чый узрост вымяраецца стагодзьдзямі.

Практычна не ўжываецца распаўсюджаны ў іншых эўрапейскіх краінах мэтад глыбокай кансэрвацыі аб’ектаў, а таксама максымальнага захаваньня арыгінальных будаўнічых кампанэнтаў. На месцы зьнішчаных помнікаў паўстаюць “муляжы” – навабуды з сучасных матэрыялаў, пакрытыя мэталячарапіцай. Буяе офісная забудова са шкла і бэтону, што ніяк не стасуецца з абліччам ужо і так далёкага ад арыгіналу Старога гораду. Як адзначае Антон Астаповіч, у бальшыні выпадкаў лёс старых будынкаў вырашаецца радыкальным спосабам – яны гінуць пад каўшом экскаватара.

Хто вінаваты ў фактах масавага парушэньня ахоўнага заканадаўства? Абаронцы гістарычнага цэнтру унесьлі ў свой “чорны сьпіс парушальнікаў” і Міністэрства культуры, і Менгарвыканкам, ад якіх наўпрост залежыць лёс гісторыка-культурнай каштоўнасьці сталіцы. Аднак Камітэт дзяржкантролю ня стаў акцэнтавацца на дзейнасьці дзяржаўных установаў і раскрытыкаваў асобных інвэстараў, якія перавысілі свае паўнамоцтвы – перадусім, справа тычыцца зносу будынкаў у гістарычнай частцы гораду. Як кажа Антон Астаповіч, складваецца адчуваньне, што кантралёры самі не зацікаўленыя заглыбляцца ў сытуацыю, якая падпадае пад шматлікія артыкулы Крымінальнага кодэксу:

Ідзе татальнае парушэньне, якое санкцыянуецца на самым версе, і адпаведна ніякі Зянон Кузьміч Ломаць у гэта лезьці ня будзе
“Парушальнікі – гэта, у першую чаргу, Менгарвыканкам. У другую чаргу – прыватныя інвэстары, якія вельмі блізкія да гарвыканкаму і да высокапастаўленай улады. Ім гэта – як з гусі вада. Пазбавілі некаторых інвэстараў правоў уласнасьці, але гэта ніяк ня зьвязана з парушэньнямі закону “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны”. Скажу так: нашаму б камітэту Дзяржкантролю стаяць з сэкундамерамі пад дзяржаўнымі ўстановамі і лавіць дзяржслужачых, якія спазьніліся на працу. На іншае яны ня здольныя. А папера папросту завісла ў паветры, на сытуацыю яна ніяк не паўплывае. Менавіта гэтае пытаньні ніхто “разрульваць” ня хоча. Проста сьвядома ня хочуць. Ідзе татальнае парушэньне, якое санкцыянуецца на самым версе, і адпаведна ніякі Зянон Кузьміч Ломаць у гэта лезьці ня будзе”.

Як паведаміла прэсавая служба Камітэту дзяржкантролю, Аляксандар Лукашэнка даручыў у другім паўгодзьдзі стварыць спэцыяльную камісію і дэталёва разгледзець выкананьне дырэктываў па ахове гісторыка-культурнай спадчыны.
XS
SM
MD
LG