Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Астаповіч: Страты аўтэнтычных помнікаў -- тэндэнцыя па ўсёй Беларусі


Госьць “Начной Свабоды” -- старшыня Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч.


Юрась Бушлякоў: “На мінулым тыдні прадстаўнікі прадпрыемства "Мінская спадчына” апячаталі сталічны офіс Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры ў доме № 5 на вуліцы Старажоўскай. Паводле "Мінскай спадчыны" прычына апячатаньня -- гэта адсутнасьць дагавора арэнды памяшканьня паміж прадпрыемствам "Мінская спадчына” і Таварыствам аховы помнікаў. Ад кіраўніцтва таварыства патрабуюць падпісаць дагавор арэнды памяшканьня, заплаціць за арэнду і тады офіс зноў будзе даступны. Так паведамляе інфармацыйная кампанія БелаПАН. Аднак на тых умовах, якія вам прапаноўвае "Мінская спадчына", вы падпісваць дагавор адмаўляецеся, чаму?”

Мы цяпер, як гаворыцца, на вуліцы, нягледзячы на тое, што будынак на 60 працэнтаў пабудаваны на грошы Таварыства аховы помнікаў яшчэ за савецкім часам
Антон Астаповіч:
“Па-першае, "Мінская спадчына" нам не прапановаўвае падоўжыць дамову арэнды. Гэтае прадпрыемства скасавала арэнду і ўсё. Мы цяпер, як гаворыцца, на вуліцы, нягледзячы на тое, што будынак на 60 працэнтаў пабудаваны на грошы Таварыства аховы помнікаў яшчэ за савецкім часам. У 2004 годзе ён перададзены на балянс гарвыканкаму і адпаведна структуры гарвыканкаму "Мінская спадчына". І таварыства стала арандатарам. Былое кіраўніцтва, на жаль, не пайшло ў гэтым прынцыповым пытаньні да канца. Як гаворыцца, капітулявалі, і цяпер прыходзіцца нам з усім гэтым разьбірацца, і мы ўжо рыхтуем усе дакумэнты для Гаспадарчага суду. Сутнасьць пазову -- каб таварыству кампэнсавалі яго фінансава-долевы ўдзел у будаўніцтве гэтага будынку, што прадугледжана беларускім заканадаўствам.”

Бушлякоў: “Гэта азначае, што на працягу трох ці чатырох гадоў таварыства плаціла арэндную палту за тое памяшканьне ў доме № 5 па вуліцы Старажоўскай?..”

Астаповіч: “Так, за тое памяшканьне, якое было адбудавана на 60 працэнтаў на грошы таварыства. 40 працэнтаў Камітэт міру інвэставаў у гэты будынак, у якім зараз і Камітэт, і Фонд міру на правах арандатара, які мусіць плаціць”.

Бушлякоў: “На сёньняшні дзень таварыства ня хоча плаціць гэтых грошай і хоча аднавіць свае правы як долевы інвэстар?”

Астаповіч: “Так, таму што мы маем і юрыдычнае, і маральнае права. Але ж гэтае пытаньне мы вырашым толькі праз суд, таму што на іншым узроўні гэтае пытаньне не вырашаецца”.

Бушлякоў: “Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры існуе больш за 40 гадоў з 1966 году. Да нядаўняга часу таварыства не выступала адкрыта супраць дзяржаўных органаў, ад пазыцыі якіх залежыць захаваньне гістарычных і культурных помнікаў. Што зьмянілася? Пазыцыя кіраўніцтва зьмянілася, бо ў кіраўніцтва таварыства прыйшлі новыя людзі?”

Астаповіч: “Так яно атрымалася. Ужо амаль што год у кіраўніцтве таварыства новыя людзі. Практычна поўнасьцю аднавілася і рэспубліканская рада, і прэзыдыюм, і іншыя кіраўнічыя органы. Проста я хачу сказаць, што складаная сытуацыя ў нас у краіне ў сфэры аховы гісторыка-культурнай спадчыны. У гэтым і віна таварыства, таму што менавіта сваёй пазыцыяй, досыць вялай у пляне грамадзкага кантролю... Зараз мы стараемся і маніторынг рабіць. Мы прынамсі стараемся забясьпечыць інфармаваньне нашага грамадзтва пра тыя парушэньні заканадаўства, якія адбываюцца ў галіне аховы гісторыка-культурнай спадчыны. І гэта хоць нейкі плён дае. Ужо значна болей пашырылася кола тых асобаў, якія заклапочаныя станам нашай нацыянальнай спадчыны. Гэта і то ўжо вельмі вялікі прарыў”.

Бушлякоў:
“За апошнія 25 гадоў толькі ў Менску ад 220 архітэктурных помнікаў, якія складалі асновы архітэктурнай спадчыны, ў больш-менш некранутым выглядзе засталіся толькі чатыры дзясяткі. Яшчэ летась Беларускае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры перадала на разгляд Менскага гарвыканкаму альтэрнатыўны праект рэгенэрацыі гістарычнага цэнтру Менску. Спадар Антон, што прадугледжвае гэты праект і які яго лёс?”

Ненармальна, калі ня толькі гістарычны цэнтар, а ўвогуле цэнтральная частка гораду прыцягвае да сябе дадатковыя транспартныя патокі, што зараз робіцца ў нас у сталіцы
Астаповіч:
“Па-першае, невялічкая прыамбула. Страты аўтэнтычных помнікаў -- гэта тэндэнцыя па ўсёй Беларусі. У першую чаргу з той прычыны, што нават пазыцыя нашых дзяржаўных органаў -- гэта рэгулярнае скарачэньне сьпісу ахоўваемай гісторыка-культурнай спадчыны. А то, што тычыцца праекту, то пра яго шмат гаварылася ў і эфіры Радыё Свабода. Распрацаваны ён Уладзімерам Папругам і прадугледжвае рэгенэрацыю гістарычнага цэнтру менавіта з мінімізацыяй парушэньняў ахоўнага заканадаўства і з вельмі цудоўнымі прапановамі па вываду транспартных патокаў за межы гістарычнага цэнтру, а гэта важна ня толькі для гістарычнага цэнтру, а для ўсяго гораду .

Ненармальна, калі ня толькі гістарычны цэнтар, а ўвогуле цэнтральная частка гораду прыцягвае да сябе дадатковыя транспартныя патокі, што зараз робіцца ў нас у сталіцы. І гэта ненармальная горадабудаўнічая сытуацыя і ненармальная сытуацыя аховы гістарычнага цэнтру. І адкрывае дадатковыя інвэстыцыйныя плошчы -- не тыя шкадобныя тысячы квадратных мэтраў, якія ёсьць зараз, а сотні тысячаў квадратных мэтраў плошчаў для інвэстыцыяў па пэрымэтры гістарычнага цэнтру. І самае галоўнае -- гістарычны цэнтар згодна з гэтым праектам будзе зьвязаны ў адно цэлае. Ён ня будзе пасечаны на 4 часткі, але ж, на жаль, гарвыканкам да гэтай прапановы паставіўся вельмі холадна. Было 2 нарады ў камітэце горадабудаўніцтва і архітэктуры, на гэтым усё і скончылася. Да гэтага часу мы ня можам узяць нармальныя экспэртныя заключэньні на праект. Ім няма чаго сказаць. А тыя лісты ад камітэту архітэктуры, ад інстытуту "Мінскградо", якія менавіта па праекце нам прыходзілі, не зьяўляюцца экспэртнымі заключэньнямі. І там канкрэтных заўвагаў няма. Ім няма нават падставы крытыкаваць праект, яны проста яго ігнаруюць. Таму што яны гуляюць з гістарычным цэнтрам у сваю гульню і цьвярозую думку слухаць ня хочуць”.

Бушлякоў: “Спадар Антон, яшчэ ў лютым Вы як старшыня рады Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры зьвярнуліся ў міністэрства культуры Беларусі з прапановай надаць бел-чырвона-беламу сьцягу статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасьці. Пад увагу, калі Вы зьвярталіся з такой прапановай, быў узяты і той факт, што герб “Пагоня” з 1995 году ўключаны ў дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў менавіта як нематэрыяльная гісторыка-культурная спадчына. Ці атрымалі вы адказ з міністэрства культуры?”

Астаповіч: “Так, атрымаў. Тут зноўку пачынаецца звычайная гульня. Я, ў прынцыпе, падаваў гэтую прапанову без надзеі, што яна ажыцьцявіцца. У прынцыпе, я прагназаваў пэўны негатыўны варыянт, як я гаварыў, гэта быў такі пробны шар праверкі -- як зрэагуе наша міністэрства культуры, навукова-мэтадычная рада менавіта на нашу нацыянальную сымболіку. А міністэрства культуры мне адказала наступным чынам: мае абгрунтаваньні няпэўныя, і таму яны перадалі матэрыялы для далейшай прапрацоўкі ў інстытут гісторыі і ў інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру.

калі і пазбавяць нас рэгістрацыі, то справа грамадзкага маніторынгу, рэагаваньня грамадзкага не заглохне, таму што, калі мы гэтага не зробім, гэтага ня зробіць ніхто
Дарэчы, я накіраваў лісты ў гэтыя дзьве ўстановы з прапановай падключыць да гэтага дасьледаваньня незалежных спэцыялістаў з боку таварыства. Ад інстытуту гісторыі калі двух тыдняў таму я атрымаў афіцыйны адказ за подпісам дырэктара інстытуту спадара Кавалені. Напісана, што пытаньне патрабуе дадатковых дасьледаваньняў, чым інстытут гісторыі будзе займацца. З інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру я адказу не атрымаў. Дарэчы, ужо прайшлі ўсталяваныя заканадаўствам тэрміны на атрыманьне адказу. Абавязкова буду пісаць ліст на імя М.Мясьніковіча, страшыні прэзыдыюма Беларускай Нацыянальнай Акадэміі Навук, што спадар Лакотка Аляксандар Іванавіч як дырэктар вышэйназванага інстытуту парушае заканадаўства Беларусі ў галіне афіцыйнай перапіскі. Праўда, пакуль яшчэ рукі не дайшлі. Таму што вельмі шмат часу займае вось гэтае арэнднае пытаньне. Але ж толькі зьявіцца вольны час, абавязкова буду гэтае пытаньне прапрацоўваць, таму што хачу расставіць усе кропкі над і”.

Бушлякоў: “Спадар Антон, днямі таварыства заявіла, што будзе працягваць сваю дзейнасьць нават у выпадку пазбаўленьня яго рэгістрацыі. Вы не выключаеце такога змрочнага разьвіцьця сытуацыі?”

Астаповіч: “Я аптыміст, але ж проста гэтыя дзеяньні з арэндай я расцэньваю проста як спробу ліквідаваць арганізацыю, і таму я прагназую і горшы варыянт разьвіцьця, хаця спадзяюся і на лепшае. А калі і пазбавяць нас рэгістрацыі, то справа грамадзкага маніторынгу, рэагаваньня грамадзкага не заглохне, таму што, калі мы гэтага не зробім, гэты актыў, які зараз працуе, гэтага ня зробіць ніхто. Мы хоць дакумэнтальна зараз фіксуем усе парушэньні, якія адбываюцца. Мы хоць складаем храналёгію падзей. Пакуль мы больш нічога зрабіць ня можам, але ж гэта таксама вельмі важна і вельмі карысна. І самае галоўнае -- мы інфармуем грамадзтва. Раней інфармацыя была дзякуючы толькі журналістам, зараз за гэта нарэшце ўзялася і нашае грамадзкае аб'яднаньне”.

  • 16x9 Image

    Юрась Бушлякоў

    Нарадзіўся у 1973 годзе ў Менску. Беларускі мовазнаўца. Кандыдат філялягічных навук. Ад пачатку 2000-х гг. супрацоўнік Беларускае службы Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG