Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Харэўскі:”Менск прайграе катастрафічна”


Як уплываюць на якасьць жыцьця ў Менску новабудоўлі? Ці робяць яны горад прывабным і ўтульным?


Для шэрагу новабудоўляў абраныя пляцоўкі ў старым Менску. Да прыкладу, у парку імя Янкі Купалы мяркуецца пачаць будаўніцтва рэстарацыі больш як на сто месцаў. Праекты пераплянаваньня паркаў ад опэрнага тэатру да парку Купалы ацэньвае культуроляг Сяргей Харэўскі:

“Гэта адзін з найцікавейшых ансамбляў, ядро гэтак званага водна-зялёнага дыямэтру Менску, што ствараўся паэтапна яшчэ з дарэвалюцыйных часоў. І зараз тыя праекты, якія я бачыў, будуць азначаць фактычна іх зьнішчэньне. Давядзецца зноў чакаць 50-60 гадоў, пакуль гэтыя паркі набрыняюць нейкай памяцьцю. Там ужо сёньня выразаюць дрэвы. Зрэзалі, напрыклад, цудоўны партэр з туяў у парку Купалы, які рос там паўстагодзьдзя. Закопваюць грошы”.

Паводле спадара Харэўскага, ў пляне аднаўленьня гістарычнага цэнту Менск катастрафічна прайграе параўнальна з суседнімі сталіцамі
Усе намаганьні улады — максымальна выціснуць грошай з кожнага лапіка зямлі
.

“Вось гэты штучны асяродак, які ствараецца на месцы гістарычнага цэнтру — гэта дамы сылікатнай цэглы, шклопакеты, бэтонная плітка. Прайдзіце зараз па Верхнім горадзе, што там цікавага? Ну, два храмы — і ўсё. Няма новых музэяў, якія плянаваліся ў свой час. І замест музэяў, выставачных заляў — танныя, нецікавыя, стандартныя піўнухі. Усе намаганьні цяперашняй улады — гэта максымальна выціснуць колькі можна грошай з кожнага лапіка зямлі ў горадзе. І як мага больш транспарту пусьціць акурат праз гістарычны цэнтар. Сёньня Няміга, напрыклад, самая загазаваная вуліца ў горадзе”.

Разгарнуць новабудоўлі плянуецца і ў Севастопальскім парку Менску. Дзеля гэтага сьпілуюць 1662 дрэвы. Мясцовыя жыхары спрабуюць пратэставаць. Што яны страчваюць у зьвязку з плянаваным тут будаўніцтвам жыльля, рэстарацыі і кавярні, адміністрацыйнага будынку з паркінгам? Актывіст руху “За свабоду”, эколяг Юрась Меляшкевіч сказаў:

“Акрамя самой зялёнай зоны, якая мае спэцыяльны статус, таксама страчваецца такі вельмі важны аб’ект, як водазабор “Зеляноўкі”. Гэта спэцыяльныя сьвідравіны, празь якія жыхары атрымліваюць чыстую, артэзіянскую ваду, якая зьяўляецца лепшай у Менску. Гэтыя сьвідравіны таксама патрапляюць у межы дзейнасьці гэтых забудоў, што можа пагоршыць якасьць вады. Гэта вельмі моцна паўплывае як на здароўе людзей, так і на ўтульнасьць раёна”.

Паводле Юрася Меляшкевіча, гарадзкія ўлады насамрэч недастаткова ўвагі аддаюць азеляненьню Менску. Таму сьцьверджаньне, што Менск адзін з самых зялёных гарадоў, застаецца хутчэй толькі мітам.

“Я ведаю выпадкі, калі жыхары раёнаў, якія скардзіліся на тое, што не хапае зялёных насаджэньняў у іхніх дварах, атрымлівалі лісты, што ў іх ледзь ня тысячы дрэваў пасаджаныя ў тым раёне. І калі яны зьбіраліся разам са сваімі дэпутатамі і пачыналі лічыць гэтыя дрэвы, то яны не знаходзілі нават паловы”.

XS
SM
MD
LG