Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Росьпісы будуць уратаваныя. A Верхні горад? <img src="/img/icon-photogallary.gif" border=0 />


Адбылося грамадзкае абмеркаваньне будучыні сьценавых росьпісаў, знойдзеных падчас рэстаўрацыі гістарычнага будынку ХІХ стагодзьдзя на вуліцы Камсамольскай у Менску. Фрэскі, агульная плошча якіх перавышае 40 квадратных мэтраў, маюць вялікую гістарычную каштоўнасьць. Знайшлі іх дзякуючы высілкам актывістаў Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Гэта ці ня першы прыклад за час татальнага вынішчэньня гістарычнага цэнтру, калі дзяржаўныя структуры адгукнуліся на голас грамадзкасьці.

Шум вакол неабходнасьці прыпыненьня далейшых працаў на доме ХІХ стагодзьдзя, які многія ведаюць дзякуючы арыгінальна аформленай краме “Швайцарскія гадзіньнікі”, узьняў старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч.

Росьпісы на ўнутраных сьценах заўважыў адзін зь сябраў таварыства Аляксей Фралоў. Мяркуецца, што гэта самадзейная праца мастака, які жыў у ХІХ стагодзьдзі і для афармленьня свайго інтэр’еру скарыстаў тагачасную тэхніку росьпісу. А каб ня пільнасьць добраахвотных дасьледчыкаў? Галоўны інжынэр прадпрыемства Менгарвыканкаму “Менская спадчына” Міхаіл Жых запэўніў, што росьпісы ня зьніклі б:

“Мы б самі заўважылі. Раней ці пазьней, але заўважылі б таксама. Таму што працы па гэтым будынку толькі пачаліся, і будынак вельмі цяжкі ў пляне рэстаўрацыі. Уся цэгла мае якасныя характарыстыкі толькі 10—12% нясучай здольнасьці. Таму трэба адразу рэстаўраваць будынак, а ўжо потым глядзець заўважаны тут фрэскавы жывапіс”.
Мы б самі заўважылі. Раней ці пазьней, але заўважылі б таксама.

На пытаньне, як будзе вырашацца пытаньне захаваньня росьпісаў, калі ў будынку разьмесьцяцца офісы, спадар Жых адказаў:

“Па цяперашнім стане і ў адпаведнасьці з рашэньнем Менгарвыканкаму гэта адміністратыўны будынак. То бок офіснае памяшканьне. Але, можа, ёсьць сэнс яшчэ падумаць — і за той тэрмін, які ў нас ёсьць для рэканструкцыйных працаў, зьмяніць яго функцыянальнае прызначэньне. Можа, гэта будзе якаясьці антыкварная крама, можа, музэй нейкага мастака. Падумаць можна”.

На нарадзе таксама прысутнічалі мастак-рэстаўратар Фёдар Сарока, архітэктарка дзяржаўнага прадпрыемства “Праектрэстаўрацыя” Лілія Чарняўская, дырэктар Цэнтру рэгенэрацыі гісторыка-культурных ляндшафтаў і тэрыторый Аляксандар Крокатаў, спэцыяліст у галіне рэстаўрацыі і кансэрвацыі архітэктурных помнікаў Уладзімер Папруга, а таксама ўжо згаданы Антон Астаповіч. Ён расказаў, што ў выніку перамоваў прынятае рашэньне цягам тыдня зрабіць хімічны аналіз росьпісаў. Мэта — вызначыць тып жывапісу і спосабы захаваньня яго фрагмэнтаў. Агульная іх плошча складае 42 квадратныя мэтры.

“Гэта гістарычная каштоўнасьць, якая паказвае, што нашы мяшчане (хоць яшчэ ад савецкіх часоў павялося, што мяшчанства — гэта ня вельмі добрая характарыстыка) цягнуліся да прыгажосьці. Сапраўды, гэта сьведчаньне разуменьня прыгожага вось гэтым клясам мяшчанства. Гэта якраз тое, што яны запазычвалі ў верхняга, арыстакратычнага сацыяльнага слою”.

Штогод з дазволу уладаў пры так званым аднаўленьні гістарычнага цэнтру Менску нішчацца дзясяткі архітэктурных помнікаў, на іх месцы ўзводзяцца навабуды, а культурныя пласты без археалягічных дасьледаваньняў вывозяцца на сьметнік.
Тое, што мы на сёньняшні дзень маем Верхні горад - гэта толькі дзякуючы ўмяшаньню Пятра Машэрава.

Былы галоўны дзяржаўны інспэктар аховы гісторыка-культурнай спадчыны Менгарвыканкаму Ўладзімер Папруга перакананы: уратаваць Менск у цяперашняй сытуацыі можна толькі ўмяшаньне кіраўніка краіны. Ён згадвае, што трыццаць гадоў таму разбурэньню гістарычнай часткі сталіцы перашкодзіў тагачасны лідэр Пётар Машэраў:

“На гэта ёсьць вельмі моцны аналяг, які нават прыдумляць ня трэба. У нас абсалютна аналягічная сытуацыя з гістарычным цэнтрам канца 1970-х. Тое, што мы на сёньняшні дзень маем Верхні горад, гісторыка-культурную каштоўнасьць найвышэйшай нацыянальнай катэгорыі (першай), — аказваецца, гэта толькі дзякуючы ўмяшаньню савецкага прэзыдэнта тагачаснай Беларусі Пятра Машэрава. Ён тады адрэагаваў на сыгналы грамадзкасьці.

Калі б адэкватна, карэктна матываваны меў розум умяшацца ў цяперашні працэс Аляксандар Лукашэнка, то ў выніку мы мелі б ня толькі Верхні горад, які сёньня пад небясьпекай поўнай страты сваіх базавых характарыстык гісторыка-культурнай каштоўнасьці, мы мелі б гістарычны цэнтар Менску ў цэлым. Мелі б мажлівасьць карэктнага вырашэньня канфліктнай сытуацыі паміж Менскам савецкім і Менскам гістарычным. Што, праўдападобна, у пэрспэктыве зьявілася б галоўным дасягненьнем сёньняшняй адміністрацыі на ўсю гістарычную пэрспэктыву”.

Тым часам рэальная небясьпека пагражае яшчэ аднаму знакаваму будынку беларускай сталіцы. Антону Астаповічу трапіў у рукі пратакол даручэньняў прэзыдэнта Беларусі, дадзеных Савету міністраў і Кіраўніцтву спраў прэзыдэнта, які прадугледжвае знос старой Нацыянальнай бібліятэкі. У дакумэнце адзначаецца: прадугледзець у праекце дзяржаўнай інвэстыцыйнай праграмы на 2009—2010 гады ўзьвядзеньне новага будынку для разьмяшчэньня дзяржаўных установаў па вуліцы Чырвонаармейскай, 9. Дзеля гэтага згаданым ведамствам сумесна з Нацыянальным сходам і Канстытуцыйным судом неабходна ў 2-месяцовы тэрмін унесьці прапановы на знос старога будынка і пабудовы на яго месцы новага для разьмяшчэньня там Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі, а таксама Канстытуцыйнага суду. Будынак Нацыянальнай бібліятэкі — адзін з рэдкіх ацалелых помнікаў канструктывізму першай паловы ХХ стагодзьдзя. Празь яго да пабудовы новай бібліятэкі прайшлі практычна ўсе студэнты, якія навучаліся ў Менску.

На здымках: фрагмэнты сьценавых росьпісаў




XS
SM
MD
LG