Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сусьветны фінансавы крызіс, які ўсё больш выразна набывае рысы крызісу эканамічнага, не шкадуе ні гігантаў прамысловасьці, ні дробныя прадпрыемствы, ні працаўнікоў. Наступствы сусьветнай навалы ўсё больш адчуваюцца ў беларускім сэктары эканомікі: днямі ці не ўпершыню афіцыйна абвешчана пра неабходнасьць скарачэньня людзкога “балясту”.

• На магілёўскім заводзе “Тэхнапрыбор”, які выпускае дрэваапрацоўчыя станкі і абсталяваньне для харчовай прамысловасьці, у І квартале зьбіраюцца скараціць 130 работнікаў. Гэта пакуль адзіны выпадак, калі адкрыта заяўляецца пра скарачэньне працоўных месцаў. Цяпер на складзе заводу назапашана прадукцыі на 10 мільярдаў рублёў. Прадстаўнік адміністрацыі аб’яднаньня так тлумачаць неабходнасьць непапулярных захадаў:

Баляст, калі ён ёсьць, — альбо знайдзіце ім працу й загрузіце, а калі не знайшлі працы, няхай ідуць зь мірам.
“Усяго 300 чалавек працоўных, а 700 чалавек — інжынэрна-тэхнічных работнікаў. Спэцыялісты павінны працаваць, а баляст, калі ён ёсьць, — альбо знайдзіце ім працу й загрузіце, а калі не знайшлі працы, няхай ідуць зь мірам. Сто трыццаць альбо сто сорак чалавек, ня ведаю”.

У 2007 годзе Дзяржкантроль выявіў прыпіскі на “Тэхнапрыборы”. Згодна з вынікамі праверкі, кіраўніцтва скажала статыстыку, каб завод прывабна выглядаў для банкаў і меў доступ да крэдытаў. Паведамлялася, што крэдыторская запазычанасьць прадпрыемства склала 40 мільярдаў рублёў, а банкам завод быў вінаваты блізу 20 мільярдаў рублёў.

• Прыватныя перавозчыкі Гарадзеншчыны скардзяцца, што сусьветны крызіс практычна прыпыніў іх бізнэс. Як кажа адзін з кіраўнікоў гарадзенскага прадпрыемства “Крыштальтранс” Ігар Прамохін, уплыў крызісу адчуўся яшчэ ў сьнежні мінулага году. Рабочых тут пакуль не скарачалі, але заробкі ў людзей зьнізіліся:

“У нас зьменшыліся аб’ёмы перавозак на 40% у кірунку Заходняй і Ўсходняй Эўропы”.

• Дырэктар лідзкай фірмы “Залатыя вагі”, якая займаецца міжнароднымі й унутранымі грузавымі перавозкамі, спадар Міхал, у поўным адчаі:

“Зусім упалі перавозкі. За сьнежань мы зрабілі адзін рэйс, а ў студзені яшчэ ніводнага”.

Фірма “Залатыя вагі” у асноўным займалася перавозкамі прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў у Расею й расейскіх у Беларусь. Цяпер фрахты ўпалі ў коштах на 40% і перавозкі сталі стратнымі.

• На Бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў з прычыны зьніжэньня паставак па каапэрацыі на Менскі трактарны завод ды экспарту ў Расею ўтварыліся вялікія запасы гатовай прадукцыі.

Паводле прадстаўніка завадзкой адміністрацыі, цягам месяца ахвотным набыць адну з мадыфікацыяў малагабарытнага трактара “Беларус” завод дае 10-працэнтную зьніжку альбо растэрміноўку плацяжу на 90 дзён:

“Тэлефануюць людзі пастаянна, але думаюць. Гэты трактар — мадэль новая ў нас, у плястыку, пад эўрапейскі стыль. Людзям нібыта цікава становіцца, і тое, што ў нас ёсьць, мы прадаём. Запасы свае на складзе мы зьмяншаем”.

Летась у лістападзе й сьнежні Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў паставіў прадукцыі ў Менск удвая менш, чым за папярэднія дзесяць месяцаў. У Расеі ж попыт на прадукцыю заводу зьменшыўся на 28%.

• Прадпрыемствы “Беларускага таварыства інвалідаў па зроку” (БелТІЗ) у Горадні і Наваградку працуюць па скарочаным графіку.

Дырэктар Наваградзкага прадпрыемства “Асатон” Аляксандар Бахар кажа, што са сьнежня і дагэтуль прадпрыемства працуе па скарочаным графіку. Раней прадпрыемства 75% прадукцыі накіроўвала на экспарт, а пасьля Новага году інфляцыя й дэвальвацыя рубля зрабілі сваю справу:

“Калі мы рыхтавалі прадукцыю да продажу, курс беларускага рубля адносна расейскага быў на адзнацы 90, а калі пачалі прадаваць, ён упаў да 74-76 рублёў. І атрымалася, што, самі таго не разумеючы, зрабілі кошты для расейцаў даражэйшымі на 25%”.

• На гарадзенскім прадпрыемстве “Фільтар” са сьнежня й да лютага таксама працуюць толькі чатыры дні на тыдзень. Гаворыць дырэктар прадпрыемства Віктар Уласаў:

“Заказаў няма — гэта самае галоўнае. Калі нас закранае крызіс, то гэта найперш азначае, што нам не хапае платаздольнага заказчыка”.

Абодва дырэктары ня называюць дакладныя лічбы заробкаў рабочых у гэты пэрыяд. Кажуць толькі, што яны значна панізіліся.

“Віцязь” сёньня выпускае прасы, мэблю і нават тратуарную плітку.
• Віцебскае прадпрыемства, якое спэцыялізуецца на вытворчасьці тэлевізараў “Віцязь”, сёньня выпускае прасы, мэблю і нават тратуарную плітку. Будматэрыялы, як спадзяюцца на “Віцязі”, будуць карыстацца заўсёдным попытам. А вось са збытам профільнай прадукцыі — тэлевізараў, як кажуць працаўнікі прадпрыемства, вялікія праблемы:

“Цяпер з экспартам праблемы — гэта я пра тэлевізары кажу. Раней мы пастаўлялі ў замежжа вялікую колькасьць, а цяпер кожная дзяржава клапоціцца пра свой рынак, бярэ ўсё меней, бо праз крызіс зьнізіўся спажывецкі попыт. Ён зьнізіўся і ў Беларусі, і ў Расеі, і ў іншых краінах. Значыць, цяпер верагодным выглядае зьніжэньне коштаў, а калі зьніжэньне коштаў ды зьніжэньне выпуску — дык могуць быць і скарачэньні”.

Супрацоўнік адміністрацыі прадпрыемства кажа, што пакуль ратаваць становішча “Віцязя” спрабуюць праз выпуск бытавой тэхнікі — спадзяюцца, што яна будзе прадавацца лепш за тэлевізары:

“Пакуль цяжка. Увесь час нейкія праблемы, нейкія пытаньні. Працуем у напружаньні. Спрабуем новую прадукцыю выводзіць на рынкі — гэта будуць электрафэны, а летась мы вывелі на рынак нашы чайнікі, пыласосы. І па тэлевізарах будзем пашыраць асартымэнт”.

• На Наваградзкім сумесным перапрацоўчым прадпрыемстве “Леор Пластык” ужо каля тыдня прастойвае рыбны цэх — нестае валюты закупіць рыбу.

Уявіце, што мы ў сьнежні аддалі прадукцыю, а на цэнах толькі ў Беларусі страцілі працэнтаў 20, а ў Расеі — 30%.
Дырэктар прадпрыемства Барыс Кроцін кажа, што праблемы пачаліся пасьля дэвальвацыі беларускага рубля:

“Ну што, зараз стаім, ужо каля тыдня, прычын гэтаму шмат. Самае страшнае для нас было, што ўпаў расейскі рубель і беларускі. Уявіце, што мы ў сьнежні аддалі прадукцыю, а на цэнах толькі ў Беларусі страцілі працэнтаў 20, а ў Расеі — 30%. Мы купляем сыравіну ў Літве, а рубель калі апусьціўся пасьля канвэртацыі, 30% страціла ўсё прадпрыемства”.

Лідзкае прадпрыемства “Харчканцэнтраты” — адно з найбуйнейшых на ўсю Гарадзенскую вобласьць у сваёй галіне. Тут працуюць звыш 300 чалавек.

Намесьніца дырэктара Зінаіда Машковіч кажа, што вытворчасьць не спыняецца, але крызіс адчулі, бо сыравіну купляюць у Расеі:

“У прыватнасьці, крупы, гарох, крупы кукурузныя. Праўда, мы купляем гэта ў беларускіх пастаўшчыкоў. За ўсё гэта цана паднялася на 20%. А яшчэ да ўсяго стала складаней браць крэдыты”.

Ільнозаводы і Аршанскі ільнокамбінат, якія перажываюць глыбокі заняпад, вырашана аб’яднаць у холдынг. На думку кіраўніцтва Віцебскага аблвыканкаму, гэта можа ўратаваць іх ад банкруцтва.

Каб наладзіць рэалізацыю айчыннай прадукцыі, да “ільнянога” холдынгу мяркуюць далучыць сетку фірмовых крамаў. Пакуль такія крамы існуюць толькі ў Воршы, але гандлююць у іх ня толькі ільнянымі вырабамі, але й дыванамі, мэбляй ды іншымі таварамі. Загадчыца фірмовай сэкцыі крамы “Беллён” Ірына Пятроўна распавяла, што сёньня пакупнікоў спрабуюць прывабіць зьніжкамі на прадукцыю льнокамбіната:

“У нас зьнізілася гандлёвая надбаўка з 20 да 10%, а на пасьцельную бялізну з 15 да 5%. Яшчэ будзе акцыя цягам паўгода — зьніжкі для пакупнікоў. Калі тавар будзе таньнейшы, дык, можа, хутчэй знойдзецца на яго пакупнік?”

Праблемы з рэалізацыяй не дазваляюць разьлічыцца з пастаўшчыкамі сыравіны — мясцовымі ільнозаводамі.

• Амаль тупіковай называюць экспэрты сытуацыю на рынку крэдытаваньня. Да некалькіх адзінак звузілася колькасьць банкаў, якія выдаюць пазыкі. Вось меркаваньне фінансавага аналітыка Кацярыны Сьмірновай:

“Калі казаць пра жыльлёвае крэдытаваньне, то вельмі мала такіх банкаў засталося ўвогуле. Адносна нават апошняга рэйтынга студзеньскага, новыя зьмены, якія пайшлі ўжо па гэтым тыдні, тое, што „Белаграпрамбанк“ прыпыніў жыльлёвае крэдытаваньне. У рублёвым крэдытаваньні засталіся літаральна „Беларусбанк“ — і тое толькі на будаўніцтва; „Белінвэстбанк“ — таксама толькі ў той частцы, у якой будуць рэсурсы. Але, зноў жа, пакуль мы маніторылі, рэсурсы яшчэ былі. Як будзе напачатку лютага — складана сказаць. Магчыма, дзесьці яны крэдытаваньне спыняць. Было такое меркаваньне, што гэта ўжо мінімум, які можа быць, але аказваецца, што можа быць яшчэ меней. Фактычна прастора безальтэрнатыўная. Варыянтаў з крэдытаваньнем практычна не засталося”.

• Пасьля аднамомантавай дэвальвацыі напачатку студзеня Нацыянальны банк абраў іншую стратэгію абясцэньваньня беларускага рубля. Цягам тыдня афіцыйны курс валютаў мяняўся амаль штодня. На 31 студзеня Нацбанк вызначыў курс рубля да даляру ў памеры 2752 рублі. Такім чынам, даляр зьведаў найбольшы аднадзённы рост пасьля 20% дэвальвацыі 2 студзеня. Тады курс быў ўсталяваны на адзнацы 2650 рублёў за даляр.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG