Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фінансавы крызіс ахоплівае ўсё большую колькасьць прамысловых аб’ектаў Беларусі, перадусім дзяржаўнай формы ўласнасьці. Прадпрыемствы скарачаюць колькасьць працаўнікоў, пакупнікі адмаўляюцца ад вырабленай прадукцыі. Прычым, найбольш наступствы крызісу адчуваюцца ў рэгіёнах.



З праблемамі рэалізацыі прадукцыі як на ўнутраным, так і на зьнешнім рынку сутыкнулася адно з самых пасьпяховых прадпрыемстваў Магілёва, акцыянэрнае таварыства “Магатэкс”. На “Магатэксе” працуе больш як 3500 чалавек, магілёўская прадукцыя прадаецца на рынках Расеі, Украіны, Казахстану, Малдовы, Індыі, Манголіі, у краінах Эўразьвязу. Прадпрыемства вырабляе 120 відаў тканіны і 600 мадэляў вопраткі. Аднак за лістапад спад вытворчасьці дасягнуў 30-40%. Замежныя пакупнікі тлумачаць гэта адсутнасьцю вольных сродкаў, бо банкі не даюць крэдытаў у патрэбных аб’ёмах. Паводле прагнозаў, такая сытуацыя захаваецца да ІІ кварталу 2009 году.

Між тым, на прадпрыемстве спадзяюцца ўратаваць
На прадпрыемстве спадзяюцца ўратаваць сытуацыю коштам сілавых структураў
сытуацыю коштам сілавых структураў. “Магатэкс” сярод іншага, вырабляе тканіну, зь якой шыюць форму вайскоўцам і міліцыянтам. Замежныя кантракты на яе выраб, упэўненыя на “Магатэксе”, у крытычнай сытуацыі выратуюць прадпрыемства:

“Мы зьезьдзілі ў Міністэрства ўнутраных спраў Украіны, Міністэрства абароны Ўкраіны, Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў Украіны. Там ёсьць цікавасьць да нашых узораў. Зразумела, невялікі часавы фактар у тым, што крызіс — ён будзе, аднак калі тэндэры будуць заключаць, а гэта вясной будзе, я думаю, што ўсё пацьвердзіцца. У любым выпадку войска, міліцыю і ўсіх астатніх трэба будзе апранаць. Бюджэтныя сродкі ж на гэта будуць выдзяляцца”.



Яшчэ адно магілёўскае прадпрыемства — “Электрарухавік” — ад лістападу мае праблемы са збытам у Расею, куды ідзе блізу двух трацінаў аб’ёму прадукцыі. Расейскія спажыўцы не пацьвярджаюць заяўкамі заключаныя дамовы на пастаўку электрарухавікоў і тлумачаць гэта адсутнасьцю грошай. А працоўныя “Электрарухавіка”, хутчэй за ўсё, новы год сустрэнуць у адпачынку за свой кошт.

У Маскоўскай кампаніі “Энэрал-цэнтар”, які забясьпечвае электратэхнічным абсталяваньнем расейскую сталіцу, паведамілі, што ня могуць набыць прадукцыі магілёўскага заводу з прычыны фінансавага крызісу. Паводле супрацоўніцы кампаніі Натальлі Разумоўскай, з усёй намэнклятуры прадукцыі запатрабаванымі застаюцца электрарухавікі, якія здольныя працаваць у выбухованебясьпечным асяродзьдзі. Аднак такая прадукцыя не патрабуецца ў вялікай колькасьці, — паведамілі ў аддзеле збыту магілёўскага заводу:

“Яны набываюць іх, але не ў такім аб’ёме, як раней. Замаўлялі па пяць тысяч. Бяруць не пад склад, а менавіта пад вытворчасьць. Вось ім сто штук патрэбна — яны сто штук бяруць, а ня сто дваццаць. У гэтым пляне, канечне, дрэнна”.

На постсавецкай прасторы ў “Электрарухавіка” 16 канкурэнтаў, таму пераарыентавацца на іншых спажыўцоў надзвычай цяжка. Зьмяншэньне попыту на прадукцыю нэгатыўна адбіваецца на фінансавай стабільнасьці прадпрыемства. Рабочым ужо паведамілі, што ад 25 сьнежня да 12 студзеня іх адпраўляюць у адпачынак за свой кошт. Каб вырашаць фінансавыя праблемы, “Электрарухавік” здае ў арэнду недабудаваныя завадзкія цэхі. Месяц таму ў сталоўцы прадпрыемства разьмясьцілася мэблевая крама.



Сумеснае прадпрыемства “Лідком” у Смаргоні, створанае пяць гадоў таму мясцовым ліцейна-мэханічным заводам і расейскім прадпрыемствам “Кастрама матор-дэталь”, упершыню цалкам спыніла вытворчасьць. СП выпускала поршневыя кольцы для рухавікоў, якія вырабляюць на расейскіх заводах у Ярцаве й Кастраме. Прычыны вымушанага кроку патлумачыў намесьнік дырэктара Мар’ян Калбасьнік:

“Гэта зьвязана з тым, што ў нас зараз няма рэалізацыі ў Расею. Мы адпраўлялі кольцы на Ярцава й Кастраму, але там прадпрыемствы стаяць, і мы сталі. Людзей адправілі на дзьве трэціх заробку, няма заказаў. Вось з гэтым зьвязана прыпыненьне прадпрыемства”.

Пра далейшы лёс прадпрыемства ніхто нічога ня ведае. Спадар Калбасьнік кажа, што спрабуюць уладкоўваць рабочых на іншыя месцы працы. цяпер занятыя некалькі рамонтнікаў, а таксама гадавую справаздачу рыхтуе бугальтэрыя.
У Расеі прадпрыемствы стаяць, і мы сталі.
Практычна працуюць толькі восем чалавек з 60-ці.

Знайсьці працу ў Смаргоні ня проста. Рабочы заводу “Лідком” спадар Віктар кажа, што ў Цэнтры занятасьці прапануюць непрымальныя варыянты працаўладкаваньня:

“Жанчынам прапаноўвалі перавучыцца ў швачак, а астатнім — дзесьці вартаўніком, але там заробак там усяго 200 тысяч. А мы тут атрымлівалі да 600-700 тысяч. На 200 тысяч цяпер пражыць немагчыма”.

Як адчуваюць наступствы крызісу шараговыя людзі? Апытаньне ў Горадні правёў наш карэспандэнт Міхал Карневіч:

“Адчуваецца, пэўна што. Затрымка заробкаў усё часьцей здараецца. Кошты кожны дзень, як ня зойдзеш у краму, усё вышэй і вышэй”.

“Ужо адчуваецца: ёсьць відавочныя зрухі, якія сьведчаць, што пагаршэньне сытуацыя будзе”.

“Заробак зьменшыўся. Загад зь міністэрства прыйшоў, што адпачынкавыя будуць урэзаныя. Кошты паступова падвышаюцца. Хутчэй за ўсё, закране гэты крызіс усіх”.

“На гэты момант я не адчуваю нічога. Якое было нізкае фінансавае становішча, такое і засталося. Студэнтам у бліжэйшай будучыні нічога яшчэ горшага не пагражае”.

“Я ведаю што, на карданных валах працуе мой знаёмы, і ў яго вельмі скараціўся графік. І натуральна, што заробак ад гэтага таксама зьменшыцца”.

“Не, яшчэ не адчула. Але мы напружаным чаканьні. Мяркуючы па усіх навінах, адчуваем сябе ня вельмі ўтульна. Аднак фактычна нас гэта пакуль ніяк не закранула. У нас не бюджэтная арганізацыя, а гасразьліковая, таму спадзяемся, што можа неяк пранясе. А пра беды бюджэтнікаў мы ўжо чулі: ім адразу дадалі, а потым зноў забралі. Гэта ўвогуле проста абуральна”.



На Гарадзеншчыне крызіс адчуваецца практычна ва ўсіх рэгіёнах. Ваўкавыскі камбінат будаўніча-аздабляльных машынаў апошнім часам адчуў праблему з разьлікамі за сваю прадукцыю з боку расейскіх і ўкраінскіх партнэраў. Больш за 50% прадукцыі прадпрыемства накіроўваецца на экспарт. Намесьнік дырэктара Віктар Пачобут не хавае, што заробкі працоўных за апошні месяц істотна зьнізіліся:

“Мы зараз ва ўмовах крызісу шукаем унутрыміністэрскую й унутрыабласную каапэрацыю з прадпрыемствамі Міністэрства прамысловасьці, у якое таксама ўваходзім. У нас ужо ёсьць тры такія прадпрыемствы, зь якімі мы зможам у наступным годзе працаваць у межах каапэрацыі. І калі дамовы падпішам, то будзем працаваць. А ліст у міністэрства даслалі дзеля страхоўкі”.

Цяжкасьці з разьлікамі ад партнэраў з Украіны зьявіліся і ў ваўкавыскага заводу мэталявырабаў. Пра гэта расказаў дырэктар прадпрыемства Валянцін Лісок:

“Цяпер стала цяжэй атрымліваць разьлікі з Украіны. Нешта ў іх там цяжэй набыць даляры ў банках. Вось з гэтым у нас праблемы. Праўда, павінен сказаць, што пакуль яны не падводзяць, але разьлікі ідуць вельмі натужна”.

Кіраўнік Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Павал Данэйка зьвяртае ўвагу на тое, што бальшыня праблемаў беларускіх прадпрыемстваў палягае ў залежнасьці ад расейскага рынку. Эканоміка суседняй дзяржавы істотна церпіць ад
Дрэнна тут ня тое, што мы ў эканамічнай палітыцы арыентуемся на Расею, а тое, што толькі на Расею.
фінансавага крызісу: зьніжаецца пакупніцкая здольнасьць, дае збой банкаўская сыстэма, скасоўваюцца ранейшыя кантракты:

“Дрэнна тут ня тое, што мы ў эканамічнай палітыцы арыентуемся на Расею, а тое, што толькі на Расею. Тэмпы разьвіцьця крызісу на розных рынках розны. І калі б у нас больш быў дывэрсыфікаваны экспартны складнік, то адназначна былі б меншыя страты, меншыя тэмпы скарачэньня і больш часу было б на адаптацыю ў складаных умовах. Канечне, экспартна арыентаваная эканоміка, прычым, толькі на адну краіну, мае свае выдаткі. Падзеньне вытворчасьці ў Расеі значнае, таму аўтаматычна ідзе скарачэньне і ў нас. Але гэта не мэтанакіравана дасягалася, гэта не выбар нашай палітыкі, такая проста аб’ектыўная рэальнасьць. Галоўны рынак — Расея”.

***

Пры канцы тыдня заўважна патаньнеў беларускі рубель адносна канвэртаваных валютаў. Упершыню курс рубля да амэрыканскага даляра перакрочыў адзнаку ў 2200 рублёў. У пятніцу большасьць банкаў набывалі даляр за 2220 рублёў, прадавалі — па 2240 рублёў. Курс эўра пасьля непрацяглага падзеньня зноў падвысіўся да 3000 рублёў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG