Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фінансавы крызіс працягвае свой нэгатыўны ўплыў на беларускую эканоміку. Многія прадпрыемствы, якія яшчэ нядаўна былі галоўнай крыніцай папаўненьня дзяржаўнага бюджэту, вымушаныя скарачаць працоўны тыдзень, аб’ёмы вытворчасьці, зьніжаць заробкі сваім работнікам.


Агляд эканамічнай сытуацыі за тыдзень

Міністэрства статыстыкі Беларусі паведаміла: запасы гатовай прадукцыі на складах прадпрыемстваў прамысловасьці павялічыліся да 60% ад сярэднямесячнай вытворчасьці. Сума замарожаных абаротных сродкаў перавысіла 5 трыльёнаў рублёў.

Тэрыторыя Беларускага аўтамабільнага заводу ў Жодзіне застаўленая самазваламі. Гэта пацьвярджае інжынэр БелАЗу Віктар Бабарыка:

“У папярэднія месяцы крыху аўтамабіляў прадалі ў Кітай і Вэнэсуэлу. А тое, што тэрыторыя застаўленая, то гэта мае месца. Ёсьць БелАЗы нерэалізаваныя”.

Таксама спадар Бабарыка паведамляе пра прыхаванае беспрацоўе на БелАЗе і адмову адміністрацыі плаціць заробак у поўным памеры:

“Было, да прыкладу, шэсьць чалавек па штатным раскладзе. А працавалі толькі тры. Ці, скажам, я раней атрымліваў даплату за выкананьне абавязкаў іншага інжынэра, за падмену таго, хто часова адсутнічае. Такія даплаты адмянілі цалкам”.

***

Таксама затаварваецца Беларускі мэталюргічны завод у Жлобіне. Расказвае былы галоўны энэргетык БМЗ Марат Афанасьеў:

“Прадукцыя дрэнна збываецца. Перадусім гэта тычыцца сталёвай арматуры. Трубы — увогуле гіблая рэч. З таго, што накаталі ў сьнежні, прадалі ўсяго 10%”.


***
Палова калектыву Слонімскай фабрыкі пухова-пер’евых вырабаў з 22 сьнежня мінулага году знаходзіцца ў вымушаным адпачынку. На фабрыцы не працуе швейны цэх, у якім каля ста рабочых — палова ўсяго калектыву. Вось што кажа дырэктар прадпрыемства Ўладзімер Іванашка:

“Усё залежыць ад таго, ці ёсьць заказы. У сьнежні мы павінны былі працаваць з датчанамі па сумесным выпуску швейных вырабаў з барысаўскай фабрыкай, але датчане з-за крызісу разарвалі кантракт. Знайсьці заказы на ўнутраным рынку адразу ня так проста: шукаем, пакутуем...”

Летась 7 кастрычніка каля 60 чалавек са швейнага цэху фабрыкі пакінулі працу й прыйшлі да Слонімскага райвыканкаму з патрабаваньнем падвысіць заробак, якія складаў усяго 200 тысяч рублёў. Адбыўся агульны сход, на якім раённае начальства паабяцала расфармаваць фабрыку, калі яна ня стане рэнтабэльнай да новага году. Да радыкальных захадаў пакуль не дайшло.

***

На найбуйнейшым у Беларусі Ялізаўскім шклозаводзе ў Асіповіцкім раёне не працуюць два з трох цэхаў. Работнікі ў вымушаных адпачынках. Пра спыненьне цэхаў паведаміў адзін з супрацоўнікаў:

“Зараз набываць шклабой даводзіцца ў Беларусі, але ён брудны, і важдацца шмат трэба, і не нашмат ён таньнейшы за замежны. А за мяжой каб набываць, трэба адмысловы дазвол. Першы й другі цэхі людзям працягваюць адпачынкі. Было да 20 студзеня, але цяпер працягваюць далей”.

Прадстаўнік адміністрацыі пацьвярджае, што на прадпрыемстве ёсьць цяжкасьці з вырабам прадукцыі, выкліканыя сусьветным крызісам:

“Усе праблемы, якія існуюць у сусьветнай эканоміцы і эканоміцы нашай краіны, яны, канечне ж, і на нас адбіваюцца”.

На шклозаводзе — сумесным беларуска-аўстрыйскім прадпрыемстве — працуе каля тысячы чалавек. Гэта жыхары Ялізава, а таксама Асіповічаў і Бабруйску.

***


Мае праблемы са збытам прадукцыі акцыянэрнае таварыства “Магілёўхімвалакно” — найбуйнейшае прадпрыемства абласнога цэнтра. Тут працуе 10 тысяч чалавек. Кіраўніцтва прызнае, што працяглы час аб’яднаньне працуе на склад. Прычына — зьніжэньне аб’ёмаў продажу прадукцыі ў Расею. Праблемы на прадпрыемстве змусілі кіраўніцтва заявіць пра намеры зьменшыць колькасьць работнікаў. Праўда, генэральны дырэктар Сяргей Пузевіч запэўнівае, што гэта будзе толькі “аптымізацыя” колькасьці:

“Будзе прывядзеньне ў адпаведнасьць з патрэбнай колькасьцю. 10 тысяч для такога прадпрыемства — гэта крыху зашмат. Яшчэ раз кажу: усе людзі будуць працаўладкаваныя. Летась мы на 800 чалавек скарацілі. Пры гэтым ніводзін чалавек ня быў выгнаны за тэрыторыю. Усе былі забясьпечаныя працай”.

Справаздачы пра стан прадпрыемства зьявіліся неўзабаве пасьля прыезду ў Магілёў прэм’ер-міністра Сяргея Сідорскага. Тады высьветлілася, што прадпрыемства доўгі час працуе на склад, бо расейскія спажыўцы значна зьменшылі аб’ёмы закупаў.

***

А вось на прадпрыемстве “Слуцак-модуль” працуе толькі ліквідацыйная камісія. Падлічваюцца страты завода-банкрута, які колісь вырабляў прыстасаваньні для дыягностыкі пускавых ракетных комплексаў, а пасьля — піўныя сталы і лаўкі для немцаў. Пра становішча працаўнікоў паведаміў жыхар Слуцку Алесь Смоляк:

“Нехта разьлічвае: калі прадпрыемства ліквідуецца — застацца да апошняга дня. У гэтым выпадку спадзяваньні, каб звольнілі па адпаведным артыкуле аб банкруцтве, і ў такім выпадку можна будзе атрымаць грашовую кампэнсацыю. Але некаторыя не чакаюць і звальняюцца, самастойна шукаюць свайго шчасьця”.

Паводле зьвестак цэнтру занятасьці насельніцтва Слуцкага гарвыканкаму, у горадзе апошнім часам павялічваецца беспрацоўе. Збанкрутавала трыкатажная фабрыка, спыніўся піўзавод. Пагоршылася сытуацыя на заводзе па вырабе воцату.

***


Усё часьцей наступствы крызісу працаўнікі адчуваюць на ўласнай кішэні.

Інжынэрна-тэхнічныя работнікі Ваўкавыскага ўчастку Баранавіцкага аддзяленьня Беларускай чыгункі, атрымаўшы разьліковыя лісткі за сьнежань, убачылі, што ім не заплацілі штомесячную прэмію. Са словаў супрацоўнікаў, гэта быў адчувальны дадатак да заробку:

“Я атрымліваў заробак 660 тысяч, а ў гэтым месяцы — 470 тысяч. Недаплацілі прэміі рабочага — так у мяне ў разьліковым лістку запісвалася”.

Хоць начальства абяцае, што зь цягам часу недаатрыманыя грошы даплацяць, людзі ў абяцанкі вераць мала:

“Атрымліваецца, што звычайны рабочы ў нас атрымлівае больш за інжынэра. Я раней працаваў сьлесарам 6 разраду, а калі перайшоў на пасаду інжынэра, заробак па 12 разрадзе быў такі самы. А цяпер, як прыбралі гэтую прэмію, я атрымліваю як рабочы 4 разраду”.

***

У Шклове дагэтуль не ўдалося запусьціць машыну па вырабе газэтнай паперы. Але туды ўпарта завабліваюць работнікаў з Добрускай фабрыкі “Герой працы”, дзе людзям няма занятку. Гаворыць майстар фабрыкі Васіль Дзямідаў:

“Зараз у Шклоў запрашаюць нашых спэцыялістаў, бо там няма каму працаваць. У нас тут шмат хто з высокакваліфікаваных спэцыялістаў застаўся бяз справы”.

Цяпер на папяровай фабрыцы ў Добрушы працуе толькі адна машына, якая вырабляе паперу. Абслугоўвае тэхніку чвэрць пэрсаналу. Астатнія сядзяць дома, ім захаваныя дзьве траціны заробку — з разьліку сярэднямесячнай стаўкі ў памеры 220 тысяч рублёў.

Галоўны эканаміст прадпрыемства Тацьцяна Цьвердакова лічыць, што крызіс ня ўдасца пераадолець хутка. Украіна, асноўны спажывец, знаходзіць таньнейшую паперу:

“Украіна адмовілася ад нашай прадукцыі. Значыць, знаходзяць іншыя рынкі. Неканкурэнтная наша, таму і адмовіліся”.

***

Як кажуць псыхолягі, крызіс уплывае ня толькі на дабрабыт сем’яў, але і на душэўны стан чалавека. Доктар псыхалягічных навук, прафэсар Ігар Фурманаў кажа: людзі знаходзяцца ў трывожным чаканьні яшчэ горшага, што ня можа не адбівацца на агульным настроі. Аднак для некаторых такі экстрым — як трамплін да актыўных дзеяньняў:

“Калі браць дасьледаваньні, якія праводзіліся па ўзаемасувязі паміж эканамічнымі крызісамі ў розных краінах, нестабільнай эканамічнай сытуацыі, то ў гэтых дасьледаваньнях адзначаецца наўпроставая карэляцыя найперш з эмацыйным станам. То бок падвышаецца трывожнасьць, дэпрэсіўнасьць; магчымае зьяўленьне апатыі.

Зь іншага боку, такія экстрэмальныя стрэсавыя сытуацыі па-рознаму могуць уплываць на розныя тыпы людзей. У адным выпадку яны рэагуюць астэнічна — як я ўжо казаў, трывожнасьцю, дэпрэсіяй. А другая частка можа рэагаваць стэнічна: падвышаецца іх актыўнасьць, ініцыятыўнасьць, падвышаецца прадпрымальніцкая актыўнасьць у пошуках выйсьця з гэтай сытуацыі”.

Цягам тыдня працягваў страчваць пазыцыі беларускі рубель. На 24 студзеня Нацыянальны банк ацаніў рубель да даляра ў памеры 2695 рублёў. На пачатку году ў выніку дэвальвацыі курс быў зафіксаваны на ўзроўні 2650 рублёў за даляр.



Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG