Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка крызісу: 20—27 сьнежня


Сусьветны фінансавы крызіс пазбаўляе беларускую прамысловасьць абаротных сродкаў. Большая частка вырабленай прадукцыі з канвэера ідзе наўпрост на склад. У выніку прадпрыемствы ня маюць дастаткова сродкаў на набыцьцё сыравіны, а для кіраўнікоў заводаў дзень выплаты зарплаты ператвараецца ў галаўны боль — пад заробкі даводзіцца браць банкаўскія крэдыты. Агляд эканамічных падзеяў мінулага тыдня.


На чарговай сэсіі Магілёўскага аблсавету агучана: 77% вырабленых на Магілёўшчыне тавараў ідуць на склад. Прадпрыемствы ня могуць прадаць прадукцыю, нестае валюты. Аднак, паводле зацьверджанага дэпутатамі прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця, у наступным годзе аб’ёмы прамысловай вытворчасьці ў рэгіёне павінны скласьці 113%. Як лічыць магілёўскі эканаміст Пётар Мігурскі, вырабіць прадукцыі можна й на 150%. Іншае пытаньне — ці можна столькі яе прадаць? На думку экспэрта, ужо даўно насьпела неабходнасьць у рэарганізацыі сыстэмы дзяржаўнага кіраваньня гаспадаркай, бо цяперашняя засьведчыла сваю неэфэктыўнасьць:

“Неабходна зьменшыць выдаткі на ўтрыманьне дзяржаўнага апарату. Пад рэвізію павінен быць пастаўлены ўвесь дзяржаўны лад, сыстэма вытворчасьці, сыстэма рэалізацыі, сыстэма навучаньня. Так, на дадзеным этапе мы, можа, выглядаем лепей, чым Украіна, але ўрэшце крызіс гэты можа ўдарыць па нас яшчэ мацней, чым па Расеі”.

У новым годзе чакаецца зьмяншэньне падатковага цяжару на магілёўскія прадпрыемствы. Гэта дазволіць ім зэканоміць 130 мільярдаў рублёў. Столькі недаатрымае абласны бюджэт.

***

З аналягічнымі праблемамі знаёмыя прадпрыемствы Гарадзеншчыны. Досьледны завод “Нёман” у Лідзе сутыкнуўся зь нястачай абаротных сродкаў. Цяжкасьці ў прадпрыемства ўзьніклі з прычыны таго, што на складах сабралася прадукцыя, якую ня могуць рэалізаваць. “Нёман” займаецца зборкай аўтобусаў і пастаўляе іх на ўнутраны рынак, у Расею й Армэнію. Начальнік вытворчасьці Іван Янюк кажа, што праблемаў на прадпрыемстве з пачаткам крызісу істотна паболела:

“Зьмены ў нас — толькі ў горшы бок. Няма абаротных сродкаў, а банкі крэдытаў не даюць, бо ў нас ня выплачаныя тыя крэдыты, якія мы бралі раней. А ня выплачаныя таму, што ня можам рэалізаваць прадукцыю, якая ляжыць на складах”.

Спадар Янюк кажа, што цяпер нестае дэталяў і камплектуючых, і набываць іх няма за што:

“Пакуль працуем паводле графіку. Ня ведаю, як там у студзені будзе, пакуль вырашаем. Магчыма, адміністрацыя пагуляе, а вытворчасьць спыняць не плянуем”.

***


Найбуйнейшы ў Беларусі вытворца тэкстыльнай галянтарэі, магілёўскае прадпрыемства “Стужка” сутыкнулася зь фінансавымі праблемамі. Яго кліенты, 60% якіх — расейцы, не разьлічваюцца за пастаўленую прадукцыю. Гэта ўжо прывяло да сур’ёзнай нястачы абаротных фінансавых сродкаў. Прадпрыемства ня можа набыць сыравіну й выплаціць сваім працаўнікам заробкі. Паводле генэральнай дырэктаркі прадпрыемства Ніны Пятровай, экспарт у Расею зьнізіўся на 20%:

“За тры апошнія месяцы мы недалічыліся двух з паловай мільярдаў рублёў. Мы ніколі не працавалі па перадаплаце. У нас звычайна 30 дзён адтэрміноўка плацяжоў. Мы ўжо гэтыя адтэрміноўкі адпрацавалі, то бок у нашых кліентаў ляжаць гэтыя грошы. А яны ня могуць нам праплаціць. А мы ня можам купіць сыравіну й ня можам у час разьлічвацца па заробках”.

Пры канцы лістапада група кіраўнікоў магілёўскіх прадпрыемстваў, сярод якіх была й Ніна Пятрова, зьвярнулася да ўраду з просьбай стварыць фонд падтрымкі прадпрыемстваў-экспартэраў для кампэнсацыі стратаў ад сусьветнага фінансавага крызіу. Рашэньне па просьбе яшчэ не прынятае.

Адрасы крытычных сытуацыяў з вытворчасьцю цяпер можна знайсьці па ўсёй краіне. Перадусім гэта тычыцца прадпрыемстваў, якія працуюць у шчыльнай каапэрацыі з Расеяй.

***


На тэрыторыі вытворчага аб’яднаньня БелАЗ у Жодзіне назапашваецца гатовая прадукцыя. Гіганцкія самазвалы відаць нават з-за высокай агароджы. Зьявіліся інфармацыя, што ў лістападзе і сьнежні БелАЗ прадаў толькі палову з таго, што выраблена. Вось што паведаміў “Свабодзе” грамадзкі актывіст з Жодзіна Аляксандар Камароўскі:

“Не прадаецца тэхніка! Заяўляюць, што крызісу няма, а насамрэч двор застаўлены гатовымі самазваламі. Месячны заробак рабочаму клясу зрэзалі на 200 тысяч рублёў. І гэта лякальныя дадзеныя. А вось што робіцца ў маштабе — трымаецца за вялікі сакрэт”.

Са словаў суразмоўцы, пытаньні аб скарачэньні працоўнага тыдня і адпачынках за свой кошт вырашаюцца на ўзроўні адміністрацыі прэзыдэнта. Для гэтага на прадпрыемстве працуе спэцыяльная камісія.

***


Спыніла вытворчасьць акцыянэрнае таварыства “Добруская папяровая фабрыка “Герой працы”. Калектыў прадпрыемства, акрамя дзяжурных службаў, сыходзіць у адпачынак з захаваньнем дзьвюх трацінаў заробку — з разьліку сярэднямесячнай стаўкі ў памеры 220 тысяч рублёў. На фабрыцы працуе амаль 1200 чалавек. Намесьніца генэральнага дырэктара ў пытаньнях эканомікі Тацьцяна Цьвердакова так патлумачыла сытуацыю:

“Спыняемся: няма спажыўцоў. На склад ня можам класьці прадукцыю, бо замарожваюцца абаротныя сродкі і ўсё іншае. На экспарт адгружалі прадукцыю ва Ўкраіну й у Расею. Цяпер Украіна адмовілася ад нашай прадукцыі ў сувязі з абвалам курсу грыўны. А Расея — яны ж таксама на канікулы сыходзяць”.

Вакацыі будуць цягнуцца на папяровай фабрыцы да 12 студзеня новага году. Аднак ніхто не бярэцца прагназаваць, як зьменіцца сытуацыя да таго часу.

Папяровая фабрыка ў Добрушы заснаваная яшчэ ў 1870 годзе. Горадаўтваральнае прадпрыемства дае асноўную частку паступленьняў у мясцовы бюджэт.

Свой мэтад папаўненьня бюджэту на тле фінансавага крызісу вынайшлі ў Бабруйску. Прадпрыемствы гораду адпраўляюць сваіх работнікаў у вымушаныя адпачынкі — склады затавараныя, а абаротных сродкаў няма. У зьвязку з гэтым старшыня гарвыканкаму Дзьмітры Бонахаў заклікаў пашыраць платныя паслугі ў жыльлёва-камунальнай гаспадарцы, мэдыцыне, адукацыі, спорце. Гэта, на ягоную думку, дазволіць знайсьці сродкі на сацыяльныя патрэбы.

Былы дэпутат Бабруйскага гарсавету Алесь Чыгір цьвердзіць, што ўлада ня мае канкрэтнага пляну, як адолець праблемы, таму рэагуе як можа:

“Прымаючы такія валюнтарысцкія рашэньні, яны, наадварот, праблемы яшчэ болей пагаршаюць. І самае галоўнае, яны нэрвуюць і без таго знэрваваных людзей. Амаль што на ўсіх прадпрыемствах бабруйскіх людзі адчулі, што ёсьць праблемы. Але зноў кіраўніцтва гэтых прадпрыемстваў не даводзіць людзям, што гэта за праблемы, як доўга яны яшчэ будуць, што думае пра іх кіраўніцтва і як яны зьбіраюцца выходзіць з гэтай сытуацыі. Проста людзей адпраўляюць у адпачынкі да 7 студзеня”.

***

На гэтым тыдні праз аўтаадказьнік Радыё Свабода слухачка паведаміла пра хвалю скарачэньняў на менскім заводзе “Гарызонт”. Ананімная супрацоўніца заводу казала, што каля трохсот супрацоўнікаў “Гарызонту” атрымалі паведамленьні, што зь імі ня будзе працягнуты кантракт. Пазьней кіраўніцтва заводу абвергла гэтыя зьвесткі, назваўшы іх “фальшыўкай”. І сапраўды, наўрад ці які кіраўнік адважыцца на падобны крок — Аляксандар Лукашэнка прыгразіў жорсткімі санкцыямі, калі хоць адзін рабочы апынецца на вуліцы.

Між тым крызіс паглыбляецца і зьяўленьня лішніх людзей спэцыялісты не выключаюць. Старшыня аб’яднаньня прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка кажа, што нават пры самым дрэнным раскладзе дробны і сярэдні бізнэс гатовы падтрымаць тых, хто застанецца бяз працы. На гэтым тыдні ўлады далі прадпрымальнікам адтэрміноўку, адклаўшы ўвод больш жорсткіх правілаў увозу тавараў з Расеі. Галоўным аргумэнтам, паводле Шумчанкі, стала боязь адным махам атрымаць больш за 120 тысяч беспрацоўных — менавіта столькі чалавек заявілі пра пэрспэктыву спыненьня дзейнасьці ў новых умовах:

“Адносна таго, што Лукашэнка ўвесь час кажа пра стабільнасьць, выклікі, эканоміку... Ва ўсім сьвеце ў часы сусьветных крызісаў першымі, хто выходзіў зь яго, хто браў на сябе вельмі вялікую ролю, гэта былі менавіта малыя прадпрыемствы, малыя рамесьнікі. Бо буйныя кампаніі, як толькі прыходзіць крызіс, пачкамі выкідваюць людзей на вуліцу. Хто іх падбірае? Простыя прадпрымальнікі, якія сёньня маюць працу, маюць грошы і будуць усё рабіць, ня просячы асаблівай дапамогі ў дзяржавы, каб выжыць. Таму сёньня трэба ісьці насустрач малому бізнэсу, каб ён спрабаваў працаўладкаваць тых, каму ня будзе працы на заводах. Нам патрэбныя сёньня і грузчыкі, і кіроўцы, і гандляры. Канечне, мы ня зможам так добра плаціць, як раней плацілі. Але Лукашэнка сам сказаў: сёньня галоўнае ня праца, а стабільнасьць. Мы спадзяемся, што прадпрымальнікаў ня будуць даводзіць да бунтаў, і ў наступным годзе мы прыйдзем да агульнай пазыцыі і выпрацуем агульнае рашэньне, якое задаволіць усіх”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG