Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ф.Вячорку і Шылу абмяркуюць у адміністрацыі прэзыдэнта


Іван Шыла і Франак Вячорка

Іван Шыла і Франак Вячорка

Беларускі Хэльсынскі камітэт рыхтуе скаргу ў пракуратуру з нагоды незаконнага прызыву ў войска Франка Вячоркі і перасьледу іншых моладзевых актывістаў з выкарыстаньнем ваенкаматаў.



Рэакцыя праваабаронцаў і палітыкаў на гэтыя падзеі.

Навіна аб прызыве ў войска Франка Вячоркі засьпела ягоную паплечніцу, прэсавую сакратарку Партыі БНФ Кацярыну Маркоўскую, у Швэцыі. Кацярыну разам зь Вінцуком Вячоркам запрасіла Швэдзкая партыя хрысьціянскіх дэмакратаў. Вінцук паехаць ня змог з прычыны падзеяў вакол вайсковага прызыву ягонага сына Франка. Гэтая тэма сталася адной з самых актуальных падчас сустрэч Кацярыны Маркоўскай у Швэцыі. Адразу пасьля перамоваў у швэдзкім МЗС яна зазначыла, што адчувала вялікую цікавасьць швэдзкага боку да падзеяў у Беларусі.

“Вельмі вялікая зацікаўленасьць наконт гэтага, бо Франка добра ўсе ведаюць, і бацьку ягонага. І ў Швэцыі як раз найбольш. Тут вельмі заклапочаныя гэтай вынаходкай нашага рэжыму — новым мэтадам ціску на актывістаў, прычым такім ганебным чынам, як было зроблена з Франкам, з парушэньнем усіх судовых працэдур”.

Кацярына Маркоўская зьбіраецца расказаць пра выпадкі з Франкам Вячоркам, Іванам Шылам і іншымі ў інтэрвію шэрагу швэдзкіх СМІ.

Праваабарончы цэнтар “Вясна” таксама спадзяецца на міжнародную салідарнасьць у сувязі з гэтымі выпадкамі. Ён ужо паінфармаваў пра іх сваіх замежных партнэраў. Гаворыць кіраўнік арганізацыі Алесь Бяляцкі:

Алесь Бяляцкі
“Мы падключылі ўсе магчымыя свае кантакты, партнэраў за мяжой, далі ім інфармацыю. У выніку зьявілася некалькі міжнародных заяваў. Гэтая праблема выйшла за межы Беларусі”.

Алесь Бяляцкі мяркуе, што дамагчыся аднаўленьня правоў Вячоркі і Шылы будзе нялёгка:

“Калі ёсьць пастанова мэдыцынскай прызыўной камісіі, што яны прыдатныя, то пасьля гэтага штосьці зрабіць цяжка. Можа быць толькі палітычнае рашэньне, прычым, як наша практыка паказвае, у нас яго толькі адзін чалавек прымае. Адкруціць назад гэты мэханізм можа толькі галоўнакамандуючы”.

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак зьбіраецца ўзьняць пытаньне пра гэтыя выпадкі на першым пасяджэньні створанай пры адміністрацыі прэзыдэнта Грамадзка-кансультатыўнай рады, куды яго запрасілі. Апрача таго, БХК рыхтуе скаргі з гэтай нагоды ў пракуратуру і спэцдакладчыку ААН у справе адвольных затрыманьняў.

Алег Гулак
“Тое, што адбываецца зараз, варта кваліфікаваць як незаконнае затрыманьне, як незаконнае пазбаўленьне волі. Бо гэта пакуль не прызыў у войска, таму што так прызыў ня робіцца. Ім абавязаны даць позвы, і яны па іх павінны прыйсьці. Калі ня прыйдуць, іх могуць прыцягнуць да адказнасьці. Гэта вызначаны законам парадак. Калі ўсё робіцца так прымусова і з удзелам спэцслужбаў, то гэта дае нам падставы кваліфікаваць гэта як адвольнае затрыманьне. А калі яшчэ ёсьць спрэчныя моманты з мэдыцынай, то тое, што Франка забралі, не дачакаўшыся ўступленьня ў сілу рашэньня суду, — гэта ёсьць парушэньне ўсіх юрыдычных працэдур”.

Паводле апазыцыйнага палітыка Юрася Губарэвіча, тое, як улады праводзяць гэты прызыў, можна ацаніць як гвалтоўныя дзеяньні ў дачыненьні да лідэраў маладога пакаленьня апазыцыі:

Юрась Губарэвіч
“На маю думку, гэта ўсё робіцца дзеля адной мэты — гэта спроба ізаляцыі іх ад грамадзтва на пэўны тэрмін. І гэтыя дзеяньні ставяць пад сумнеў жаданьне ўладаў рабіць нейкія дэмакратычныя зьмены ў Беларусі”.

Лідэр Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Гайдукевіч зазначыў, што нядаўна ягоная партыя арганізоўвала ўрачыстыя праводзіны ў войска сваіх сябраў з 4 раёнаў Менску.

Сяргей Гайдукевіч
“Трэба хлопцаў неяк настройваць, неяк дапамагаць навабранцам. Згладжваць вострыя вуглы, ня йсьці ва-банк. Я б Вячорку таксама гэта параіў. Я яго як бацьку разумею, разумею ўсё, што ён адчувае, але ўсё ж трэба быць крыху больш камунікабэльным, разьлічваць не на шум. Хацелася б тут раўнавагі. Я нават гатовы дапамагчы. Сувязі з войскам вялізныя і ў мяне, і ў маіх таварышаў. Таму, калі ён хоча, я гатовы выступіць у якасьці пасярэдніка”.



«Пытаньне аб спыненьні выкарыстаньня вайсковай павіннасьці для ажыцьцяўленьня палітычных рэпрэсій застаецца адным з ключавых крытэраў ацэнкі сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі на працягу паўгадовага пэрыяду прыпыненьня дзеяньня санкцый у дачыненьні да беларускана кіраўніцтва».
З заявы ад 26 студзеня кіраўніка дэлегацыі Эўрапарлямэнту па сувязях зь Беларусьсю Яцака Пратасевіча

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG