Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня асобы ў цывільным затрымалі Франка Вячорку, зьбілі яго і ў кайданках адвезьлі ў Баранавіцкую вайсковую радыётэхнічную брыгаду. Толькі ўвечары ён змог паведаміць пра гэта свайму бацьку праз мабільны тэлефон.

Актывіста “Маладога фронту” Зьмітра Хведарука затрымалі, адвезьлі спачатку ў ваенкамат, а потым у міліцыю.

Кіраўніка салігорскай філіі “Маладога фронту”
Івана Шылу затрымалі дома і павезьлі на прызыўны пункт у Менск. Іван абвясьціў галадоўку.

Лідэр моладзі БНФ Франак Вячорка знаходзіцца на тэрыторыі 8-ай радыётэхнічнай брыгады ў Баранавічах. Ягоны бацька, намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка, паведаміў “Свабодзе”, што Франак здолеў патэлефанаваць яму каля 8-й вечара.

“Ён ужо ў форме і ў яго забралі цывільныя рэчы. Ён сказаў,што яго хапалі ў горадзе тыя ж самыя людзі ў цывільным, якія яго хапалі 8 і 16 студзеня на чале з тым жа самым спэцслужбістам. Яны яго білі. Білі ў твар і галаву… Білі ў ваекамаце. Білі ў кайданках. У кайданках амаль усю дарогу яго везьлі ў вайсковую частку.

Ён ужо паголены і яму выдалі вайсковы строй. Я сказаў яму, што ў сувязі са зьбіцьцём трэба абавязкова пісаць ваеннаму пракурору. Высьветлілася, што ў яго няма доступу да паперы і асадкі”.

Франак Вячорка мае дзесяцідзёны тэрмін для абскарджаньня судовага рашэньня. Ён падаў заяву ў суд на дзеяньні вайскоўцаў і вайсковых мэдыкаў. 16 студзеня яго гвалтоўна затрымалі ў палаце вайсковага шпіталя, дзе ён праходзіў мэдычнае абсьледаваньне, і адвезьлі ў ваенкамат.

Там яму паведамілі, што праз дзьве гадзіны адвязуць у вайсковую частку, але ён заявіў, што яму патрэбны час, каб падаць скаргу. Суд завочна прыняў рашэньне, нават не назваўшы даты судовага паседжаньня адвакатцы Франка.

Хлопец меў адтэрміноўку ад службы ў войску з-за апэрацыі на вачах і праблемаў са здароўем.

Франак Вячорка — першы з актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху, якога везьлі служыць у войску ў кайданках у суправаджэньні супрацоўнікаў спэцслужбаў.

Актывіста “Маладога фронту” Зьмітра Хведарука затрымалі ў ягонай кватэры ў Менску. Сябра Зьмітра, які здымаў на відэа затрыманьне, людзі ў цывільным зьбілі, зламалі камэру. Зьмітра адвезьлі ў ваенкамат, нягледзячы на тое, што ён вучыцца ў Багаслоўскім каледжы на дзённым аддзяленьні, таму ён мае права на адтэрміноўку ад службы ў войску.

Пасьля гэтага міліцыянты з ваенкамату адвезьлі хлопца ў міліцыю Першамайскага раёну. Там яму паведамілі, што ён мае запазычанасьць — 10 сутак арышту. Справа ў тым, што Зьмітра летась затрымалі разам зь Міколам Статкевічам і некалькімі актывістамі “Маладога фронту” за сьвяткаваньне 1 траўня. Статкевіча тады пасадзілі, а маладафронтаўцаў адпусьцілі і пазьней судзілі завочна за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.

“Я мяркую, што мяне папросту хочуць пратрымаць да заўтрашняй раніцы. Потым завезьці ў ваенкамат, а адтуль могуць адвезьці ў вайсковую частку”.

Аднак каля паловы на 11-ю вечара паступіла інфармацыя пра тое, што Зьмітра Хведарука адвезьлі ў спэцпрымальнік-разьмеркавальнік на завулку Акрэсьціна ў Менску адбываць 10-суткавы арышт.

Салігорца Івана Шылу затрымалі ў кватэры і адвезьлі ў ваенкамат. Там яму паведамілі, што мусіць прайсьці нейкую паскораную прызыўную камісію і пасьля гэтага яго адвязуць на прызыўны пункт у Менск.

“Я буду сёньня ў Менску. Заўтра мяне накіруюць у нейкую вайсковую частку. Заўважу, што гэта адбываецца без канчатковага рашэньня мэдычнай камісіі, бо я не прайшоў працэдуру, ня здаў аналізаў. Зрабіў гэта на падставе таго, што буду чакаць канчатковага рашэньня суду па маёй скарзе. Аргумэнтаваў, што быў парушаны прынцып незалежнасьці мэдыцыны і прэтэндую на адтэрміноўку ад службы, каб скончыць сярэднюю школу“.

Камісія хутка прызнала Івана прыдатным для службы ў войску і пасьля 9-й вечара яго адвезьлі ў Менск, у абласны ваенкамат на вуліцы Фабрыцыюса, дзе маюць пратрымаць да раніцы.

Іван абвясьціў галадоўку на пэрыяд, пакуль ня будзе разгледжана ягоная скарга на дзеяньні вайскоўцаў і вайсковых мэдыкаў, якімі, паводле Івана, кіравалі людзі ў цывільным. Скаргу Іван падаў больш за тыдзень таму.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG