Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апэрацыя “лібэралізацыя” — сьпехам, гвалтам у салдаты


Ваенны камісар Савецкага раёну Менску паведаміў Вінцуку Вячорку, што ягонага сына адвезьлі служыць у вайсковую радыётэхнічную брыгаду ў Баранавічах.

Вінцук Вячорка сказаў “Свабодзе”, што пасьля таго, як прыкладна за дзьве гадзіны да гэтага зьнікла сувязь з Франкам, ён накіраваўся ў ваенкамат. Там яму паведамілі, што Франка ўжо адвезьлі ў войска. Намесьнік старшыні партыі БНФ лічыць, што гвалтоўнае затрыманьне — сьведчаньне рэпрэсіўнай палітыкі ўладаў супраць дэмакратычных актывістаў.


Франак Вячорка
Франак Вячорка, паводле вайскоўцаў, будзе служыць у Баранавічах у вайсковай радыётэхнічнай брыгадзе.

Вінцук Вячорка апавёў, што Франка схапілі на вуліцы і адвезьлі ў ваенкамат Савецкага раёну Менску. Празь дзьве гадзіны пасьля таго, як з сынам зьнікла сувязь, Вячорка накіраваўся ў ваенкамат. Там яго запэўнілі, што Франка ўжо адвезьлі служыць у войска.

Гаворыць Вінцук Вячорка:

Гэта канкрэтная помста, прычым вельмі подлая і адначасова дэманстратыўная.
“Я вельмі сумняваюся, што кагосьці так затрымлівалі, так білі ў вайскова-мэдычнай установе з ужываньнем кайданкоў і так хапалі пасярод гораду гэтыя эскадроны, якія нікуды не падзеліся, калі гэты прызыўнік ня мае дачыненьня да дэмакратычных сілаў. Гэта канкрэтная помста, прычым вельмі подлая і адначасова дэманстратыўная, якая адбываецца падчас так званага бурнага „лабызанія“ паміж Брусэлем і афіцыйным Менскам”.

Нагадаем: Франак Вячорка праходзіў мэдычнае абсьледаваньне ў рэспубліканскім шпіталі, бо раней меў адтэрміноўку ад службы ў войску з-за апэрацыі на вачах і праблемаў са здароўем. 16 студзеня ў палату ўварваліся людзі ў цывільным. Франка зьбілі, надзелі кайданкі і адвезьлі ў ваенкамат. Там яму паведамілі, што празь дзьве гадзіны ён мусіць быць у вайсковай частцы. Франак заявіў, што будзе скардзіцца на дзеяньні мэдыкаў і вайскоўцаў.

Яму далі час для звароту ў суд. Судзьдзя накіраваў у ваенкамат распараджэньне пра тое, што прызыў хлопца прыпыняецца да таго часу, пакуль не разгледзяць скаргу. 26 студзеня высьветлілася, што суд завочна разгледзеў Франкаву скаргу яшчэ 24 студзеня. Гэта абурыла Франка, бо адвакатка ў той дзень тэлефанавала судзьдзі і той сказаў, што дата працэсу яшчэ не прызначана. Паводле заканадаўства Франак мае дзесяцідзённы тэрмін, каб абскардзіць судовае рашэньне.

Вінцук Вячорка
Вінцук Вячорка зьвяртае ўвагу на тое, што прызыўнікоў выклікаюць на прызыўны пункт з рэчамі. Ёсьць адпаведны пералік таго, што трэба мець пры сабе. Гвалтоўнае затрыманьне сына на вуліцы ён лічыць яскравым прыкладам палітычнага перасьледу і помстай за апазыцыйную дзейнасьць.

Гэта ёсьць сьведчаньнем Лукашэнкі — рабіў, што хацеў, і буду рабіць, што хачу.
“Гэта ёсьць сьведчаньнем Лукашэнкі — рабіў, што хацеў, і буду рабіць, што хачу, і нават ламаць свае ж уласныя законы. Паколькі было сказана Лукашэнку, што новыя крымінальныя справы, палітычна матываваныя, непажаданыя, то ён падключыў іншыя структуры, перш за ўсё Міністэрства абароны, для ажыцьцяўленьня рэпрэсіяў”.

Іван Шыла
Сёньня ж кіраўнік салігорскай філіі “Маладога фронту” Іван Шыла быў дастаўлены міліцыянтамі ў ваенкамат.

Раней Іван таксама падаў скаргу на дзеяньні вайсковых мэдыкаў і саміх вайскоўцаў. Ён напісаў у заяве ў суд і пракуратуру, што імі кіравалі людзі ў цывільным і тыя выконвалі іхныя каманды.

Івана адлічылі са школы перад апошнім экзамэнам, і ён не атрымаў атэстат. Цяпер, калі яго забяруць у войска, то ён вернецца ў ліпені. А калі позна будзе здаваць экзамэн на атэстат, значыць, паступіць у ВНУ ён ня зможа.

“Мой статус не зусім акрэсьлены цяпер у заканадаўстве. Маё адлічэньне незаконнае. Я маю права на адтэрміноўку. Для атрыманьня атэстату. А калі я буду служыць у войску, такой адтэрміноўкі ня будзе.

А што такое адтэрміноўка пасьля атрыманьня атэстату? Гэта магчымасьць паступіць у ВНУ, а мяне пазбаўляюць такой магчымасьці. Я лічу, што абмяжоўваюць маё права на адукацыю і пры гэтым парушаюць прынцып незалежнай мэдыцыны. Калі ёсьць лібэралізацыя, то паводле 193 артыкулу судзіць будзе ня так проста, як паводле закону аб вайсковай службе. Ім трэба папросту ізаляваць чалавека на паўтара года“.

Зьміцер Хведарук
У кватэру актывіста “Маладога фронту” Зьмітра Хведарука сёньня ўварваліся двое ў цывільным і адзін у міліцэйскай форме. Яны паведамілі хлопцу, што ім трэба адвезьці яго ў ваенкамат. Пасьля таго як у кватэру прыйшоў бацька Хведарука, наведнікі сышлі, але пасьля вярнуліся й адвезьлі такі Зьмітра ў ваенкамат.

Апошні дзень зімовага прызыву — 31 студзеня.

Назіральнікі лічаць, што гвалтоўныя затрыманьні і накіраваньне моладзевых актывістаў у войска — сродак своеасаблівай ізаляцыі апазыцыянэраў. Яны спасылаюцца на артыкулы крымінальнага кодэксу, якія прадугледжваюць пакараньне за ўхіленьне ад службы ў войску. Але што тычыцца апазыцыянэраў прызыўнога веку, то ніводны ваенкамат не зьвяртаўся ў пракуратуру, каб прыцягнуць іх да адказнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG