Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадажная ідэалёгія — паспрабуй не прадай!


Прыватныя прадпрымальнікі Слоніма, якія гандлююць кінавідэапрадукцыяй, павінны мець у асартымэнце 20 фільмаў, рэкамэндаваных РУП “Беларускі відэацэнтар”.

Такое паведамленьне прадпрымальнікі атрымалі з Упраўленьня гандлю мясцовага райвыканкаму. Сярод абавязковых фільмаў — “Дзяржаўныя сымбалі Рэспублікі Беларусь”, “Мінск — мая сталіца”, “Абеліскі”, “По імені жітіе” (пра Філарэта, Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі) і г.д.

Кіраўнік Упраўленьня гандлю Слонімскага райвыканкаму Андрэй Падольскі кажа, што ініцыятыва гэтая не мясцовая і тычыцца ня толькі іх раёну.

Падольскі: “Ёсьць даручэньне прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, якое мы ў абавязковым парадку выконваем”.

Адзін з прадпрымальнікаў, які прасіў не называць свайго прозьвішча, паказаў нам гэты сьпіс. Ён кажа, што набываць гэтыя фільмы трэба толькі ў дзяржаўнай фірме РУП “Беларускі відэацэнтар”. Ён паспрабаваў гэта зрабіць, але быў зьдзіўлены, што там яму давялі й плян продажу.
Яны выставілі ўмовы, што на працягу каляндарнага году я павінен набыць у іх дзьве тысячы фільмаў

Спадар: “Яны выставілі ўмовы, што на працягу каляндарнага году я павінен набыць у іх дзьве тысячы фільмаў. А гэты год сканчаецца ўжо праз два тыдні”.

Пытаюся ў прадпрымальніка — ці зможа ён прадаць такі тавар?

Спадар: “У Беларусі гэта немагчыма, хіба калі будуць абавязваць купляць. Скажам, давядуць школам, музэям ці яшчэ каму. Інакш гэта нерэальна, абсалютна нерэальна”.

Ён таксама дадае, што ня ведае нават, што й рабіць у такой сытуацыі.

Спадар: “Ну вось калі я атрымаў гэты ліст з райвыканкаму, то першая думка, якая прыйшла ў галаву: з нас спрабуюць зрабіць ідэалягічных работнікаў”.

Андрэй Падольскі кажа, што кожная крама мае абавязковы пералік тавараў, які павінен заўсёды знаходзіцца на прылаўках. І цяперашняя навацыя, на яго думку, не супярэчыць здароваму сэнсу.

Падольскі: “І гэта вельмі правільна. Любая дзяржава ня тое што мае права, яна павінна бараніць свае інтарэсы й сваіх грамадзянаў. Усё гэта вельмі правільна”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG