Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Прыстасаванец у нас – лаянкавае слова. З тым, што чалавек выжыў, дзякуючы свайму прыстасаванству, таксама згодныя, нібыта, усе.
Прыстасаванства заслужыла сабе ганьбу за беспрынцыпнасьць. Але адсутнасьць прынцыпаў сама па сабе – не злачынства. Усё наадварот. З наяўнасьці прынцыпаў пачынаюцца войны.
Чалавек на апошнім месцы
Так здарылася, што пры ўсіх рэжымах на нашай зямлі большасьць людзей ня мелі выбару, апроч прыстасаванства, кан’юнктуры, калябарацыі, канфармізму. Бо ўлада для чалавека ніколі не была сваёй, гэта значыць, ніколі ня брала асобу чалавека за пункт адліку. Што заўгодна магло быць важней – ідэалёгія, ворагі, індустрыялізацыя, “Дажынкі”... Толькі не чалавек.
Прыстасаванства – нармальная рэакцыя чалавека на абставіны. У тым, што многія нашы супляменьнікі прыстасаваліся гаварыць па-расейску, нас насамрэч абурае не прыстасаванства й ня тое, што па-расейску, а тое, што яны страчваюць сваю (і нашу) самабытнасьць, ад чаго й сама гэтая самабытнасьць страчваецца, бо бяз носьбіта яна не жыве.
Чаму адзін варыянт супрацоўніцтва з рэжымам мы называем ганебнай калябарацыяй, а на іншы заплюшчваем вочы? У кожным разе крытэры ацэнкі – у нас саміх, дакладней, у нашых уласных перакананьнях. А само па сабе прыстасаванства тут ні пры чым. Вінавачаньні ў прыстасаванстве беспадстаўныя. Або, вінавацячы ў прыстасаванстве, мы вінавацім у нечым іншым.
Небеларуская ўлада
Беларускае ўлады, якая б хоць збольшага адпавядала беларускай ідэі, у Беларусі не было ніколі. А гэта значыць, усе, хто тут рабіў нешта грамадзкае значнае, былі калябарантамі. Праўда, тыя, хто пісаў віншаваньні Кайзэру, Пілсудзкаму або Гітлеру, дагэтуль ня маюць рэабілітацыі. А тых, што віншавалі Сталіна, ніколі ніхто не асуджаў.
Хоць у пляне рэальнага крыміналу і першыя і другія такія ж злачынцы, як і ахвяры.
Гэта самае галоўнае – ці не прынес ты крыўду іншаму: не забіў, не зьнявечыў, не пакінуў бяз хлеба, не скалечыў лёс кагосьці й не пасярэднічаў ва ўсіх гэтых злачынствах. Калі не – усё астатняе – толькі гульня ўяўленьня, твайго й нашага – ня больш.
Выходзіць, пісаць оды тыранам – не ганебна?
Але самі тыраны лічаць сябе героямі. Большасьць беларускіх паэтаў у часы Брэжнева пяялі хвалу рэжыму й рабілі гэта шчыра, бо шчыра верылі ў камунізм.
Тысячы беларускіх настаўнікаў, якія пад нямецкай акупацыяй вучылі дзяцей, у нацызм шчыра ня верылі. Яны выконвалі свой прафэсійны абавязак і толькі за гэта іх расстрэльвалі савецкія партызаны – як калябарантаў. Хто тут злачынец, а хто ахвяра – адказ лінейны.
Прыстасаванец – зусім ня той, хто падпісаў дамову з д’яблам. Сумленьне звычайнага чалавека можа быць заплямленае чужой крывёй або бядою. І нічым іншым.
Ідэалёгіі прыходзяць і сыходзяць. Калі імі вызначаецца, хто праведнік, а хто злачынца, то заўтра фігуранты зьменяцца месцамі, маса людзей пацерпіць, а злачынцы дажывуць свой век як героі.
Калябаранты
Часам мы прымаем за калябарацыю сцэны публічнага самапрыніжэньня чалавека. Памятаеце, як Алесь Наварыч сказаў, што за сьпінаю Лукашэнкі яму спакойна? Але мы ня можам асуджаць Наварыча ані за асаблівасьці характару, ані за жаданьне прыстасавацца, ані, тым больш, за тое, што ён атрымаў прэмію за свой раман незаслужана. Заслужана.
Нас абурае, што столькі людзей культуры займаюцца не сваімі творамі, а сэрвіроўкай прэзыдэнцкага стала? Але ніхто іх да гэтага не прымушаў. Гэта значыць, што ў іх гэта ёсьць і заўсёды было. Урэшце, ня ўсе людзі – Данкі з вырваным сэрцам.
Матывацыі прыстасаванства – не з плоскасьці ідэалёгіі. Гэта ўвогуле ня справа грамадзкіх катэгорыяў. Гэта справа індывідуальная, прыватная. І асуджаць такога чалавека, калі вам хочацца яго асуджаць, вы можаце як слабую ці нявартую асобу. Але ніяк не за здраду радзіме ці ідэі.
Дамова з рэжымам
Сёньня “падпісаць дамову” з рэжымам – ды хоць бы пакласьці ў кішэню пашпарт з “капустай”. Ці ёсьць у самых прынцыповых людзей выбар? Чаму ж не? Адмоўцеся, не бярыце ніякага грамадзянства. У нейкім квазірамантычным варыянце так і павінна быць. Адмоўцеся ад машыны, бо там на нумарах – самі ведаеце што. Увядуць новы закон аб мовах, які забараняе выходзіць тарашкевіцай – закрыйце свой часопіс. Ці выходзьце падпольна.
Прынцыпова? Так. Але непрадуктыўна. Бо гэтак нацыянальная ідэя добраахвотна сыходзіць у гета й будзе зьмяншацца, пакуль ня зьнікне канчаткова. Але заўважце, вы захоўваеце вернасьць прынцыпам толькі на ўзроўні знакаў, а ня сутнасьці.
Той, хто хацеў бы пашырыць кола, паводзіцца ў гэтым сэнсе беспрынцыпна. Ён прыстасоўваецца. Ён кажа пра дыфузію рэжыму. Вось Алег Трусаў кажа, што пачынаецца працэс зьмены чынавенства – на месца былых камсамольцаў прыходзяць дзеці Адраджэньня. Можа быць, знойдзецца з кім пагаварыць? Размова ніколі ня будзе на шкоду. А калі вы настолькі загаварыліся, што мы ўжо ня можам прызнаць у вас свайго... Значыць, вы й раней ніколі не былі сваім. А цяпер вось праўда праявілася, і дзякуй Богу.
Калі глядзець на нашу сытуацыю здаля, дык супрацоўніцтва з уладай на карысьць Беларусі, яе каштоўнасьцям – гэта й не прыстасаванства ніякае. Што кепскага ў тым, што суполка БРСМ у раёне ўзначаліць краязнаўчы рух? Вы лічыце ганебным ім дапамагчы? Што ганебнага ў тым, каб лідэры апазыцыі выступалі ў афіцыйных СМІ ў тых інтэнцыях, дзе інтарэсы супадаюць? Вось жа друкуецца ў Саўбеліі прафэсар Мальдзіс, сапраўдны стоўп нацыянальнага адраджэньня – і каму ад гэтага што?
Страшней за забойства
Калі для ўлады на першым месцы не чалавек, тады прыстасаванства становіцца злачынствам, больш важным за забойства. Нешта не чуваць з заходняга сьвету, дзе ў галаве вугла чалавек, каб некага закляймілі за прыстасаванства.
Раскладаючы па палічках уласнае прыстасаванства, трэба задаць сабе тры пытаньні, якія насамрэч зусім не зьвязаныя з тым, ці дачыняецеся вы з рэжымам, ці не. Вы ў кожным разе дачыняецеся, хоць бы таму, што жывяце тут і цяпер. Вось гэтыя тры пытаньні:
Ці прынес я каму-небудзь нейкую рэальную шкоду?
Ці здрадзіў я ўяўленьням аб прыстойнасьці – лісьлівіў, хлусіў, кагосьці агаворваў?
Ці здрадзіў я нейкай ідэалёгіі?
У часы аўтарытарнай прапаганды гэтая шкала злачынстваў і “злачынстваў” перагортваецца з ног на галаву. Але...
Але пэрыяды татальнай калябарацыі часам зьмяняюцца пэрыядамі ўсеагульнага экзарцызму. На сучаснай мове гэта называецца люстрацыяй. Люстрацыі падлягаюць зусім не прыстасаванцы, а тыя, у каго на першае пытаньне адказ -- станоўчы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG