Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнічае філёзаф Тацяна Процька. Эфір 27 лістапада 2008 году


“Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь — адна са спэцслужбаў Беларусі. У савецкую пару, паводле Палажэньня аб КДБ, КДБ зьяўляўся палітычным органам, які ажыцьцяўляў мерапрыемствы дзеля абароны дзяржавы ад замахаў з боку зьнешніх і ўнутраных ворагаў, а таксама дзеля аховы дзяржаўных межаў СССР.

У грамадзтве КДБ успрымалася як тайная паліцыя, якая сочыць за чалавекам ва ўсіх ягоных сфэрах дзейнасьці, уключна з прыватным жыцьцём, і як карны апарат. Такое стаўленьне да КДБ захоўваецца ў сьвядомасьці людзей і ў новай, сувэрэннай Беларусі”.


***

Вячаслаў Ракіцкі
Вячаслаў Ракіцкі: “Паводле такіх вызначэньняў, КДБ зьяўляецца мітам ці рэальнасьцю?”

Тацяна Процька: “Канешне, рэальнасьць. Гэта засьведчаць тыя маладыя людзі, якіх выклікалі ў КДБ з прычыны ўдзелу ў дэманстрацыях ці дзейнасьці ад імя незарэгістраваных арганізацыяў. Але гэта і міт, якім бацькі пужаюць тую ж моладзь”.

Ракіцкі: “Дык чаму існуе міт пра КДБ, і з чаго ён складаецца?

Тацяна Процька
Процька: “Міт пра КДБ складаецца зь дзьвюх супрацьлеглых частак. Фактычна, гэта два самастойныя міты. Першы можна коратка сфармуляваць наступным чынам: КДБ — усемагутны і паўсюдны, ён кантралюе нас, нашы тэлефонныя размовы, кожны з тваіх знаёмых можа быць супрацоўнікам КДБ. Там працуюць асобы абсалютна адмоўныя паводле сваіх чалавечых якасьцяў, і нічога добрага ад кантактаў з гэтай ўстановай чакаць ня трэба. Гэта міт, так бы мовіць, абсалютна адмоўны, бо ён заснаваны на страху перад спэцслужбамі, і сам выклікае і падтрымлівае гэты страх. Другі міт — станоўчы. „У чэкіста павінна быць халодная галава, гарачае сэрца, чыстыя рукі,“ — людзі старэйшага пакаленьня пісалі гэта ў школе. „Караючы меч рэвалюцыі“, „нядрэмнае вока партыі“ — такія прыгожыя параўнаньні выкарыстоўваліся для публічных аповядаў пра дзейнасьць КДБ. Лічылася, што менавіта ў Камітэце знаходзяцца і звышспэцыялісты, якія могуць літаральна ўсё”.

Ракіцкі: “Што зьявілася рэальнай падставай для стварэньня мітаў пра КДБ?”

Процька: “У падмурку адмоўнага міту ляжыць рэалізаваная супрацоўнікамі КДБ магчымасьць парушаць законы і Канстытуцыю краіны беспакаральна,
У падмурку адмоўнага міту ляжыць рэалізаваная супрацоўнікамі КДБ магчымасьць парушаць законы і Канстытуцыю краіны беспакаральна.
у падмурку станоўчых — спроба „замазаць“ наяўнасьць гэтых парушэньняў і, канешне, сапраўдныя добрыя справы. Адмоўны міт склаўся ў народзе, і іх носьбітам зьяўляецца народ. Станоўчы міт пра КДБ зьяўляўся і зьяўляецца часткай афіцыйнай дзяржаўнай ідэалёгіі. Зразумела, што яго стваральнікам былі пэўныя дзяржаўныя ўстановы, распаўсюджвалі станоўчы міт дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі”.

Ракіцкі: “А як доўга складваўся гэты міт?”

Процька: “Амаль што 100 гадоў. Разам з савецкай уладай у 1918—1919 гадох у Беларусь прыйшлі спэцслужбы, якія спачатку мелі назву ЧК Бел, потым ДПУ БССР, НКУС БССР, МГБ БССР, КДБ БССР. Ад 1991 году — КДБ Рэспублікі Беларусь”.

Ракіцкі: “З распадам СССР былыя саюзныя рэспублікі, улучна з Расеяй, адмовіліся ад гэтай назвы. У Беларусі КДБ застаўся. Чаму?”

Процька: “Мяркую, тагачаснае кіраўніцтва краіны і самога КДБ не захацелі мяняць назву. У 1997 годзе беларускі КДБ святкаваў свае 80-я ўгодкі. Пераемнасьць падкрэсьлівалася і ў артыкуле тагачаснага старшыні Камітэту Уладзімера Мацкевіча, які быў надрукаваны ў спэцыяльным выпуску часопіса “Вестнік КДБ” . Ён пісаў: “Нельга ўсю дзейнасьць ВЧК-КДБ і яго кадры падаваць аднавымерна і толькі ў чорных фарбах. Рэальнае жыцьцё шматвымернае, і яго колеравая гама больш разнастайная. Пры гэтым варта зазначыць, што ў гістарычны пэрыяд органаў бясьпекі, якія дзейнічалі пад абрэвіятурай КДБ, у Беларусі яны не заплямілі сваёй рэпутацыі. Нават ва ўмовах тагачаснага заканадаўства ў нас у рэспубліцы не было судовых працэсаў над „антысаветчыкамі“, „дысыдэнтамі“ і ім падобнымі паводле артыкулаў, падсьледных КДБ”.

Ракіцкі: “Напэўна, у Беларусі не было шмат, так бы мовіць, афіцыйных дысыдэнтаў, пра якіх ўсе б ведалі. Але ж працэсы над іншадумцамі былі”.

Процька: “Так, магу ўзгадаць Міхайла Кукабаку, які за тое, што распаўсюджваў літаратуру „саміздата“, неаднойчы зьмяшчаўся ў псыхіатрычны шпіталь, а ў кастрычніку 1978 году быў арыштаваны і асуджаны. Магу таксама ўзгадаць працэсы над баптыстамі, высылку габрэяў, справы гэтак званых „адказьнікаў“ — маладых людзей, якія адмаўляліся служыць ў савецкім войску. У 1992—1994 гадох я мела магчымасьць працаваць з архівамі КДБ па тэме сваёй доктарскай дысэртацыі. Памятаю, як супрацоўнікі рэспубліканскага КДБ вельмі ганарыліся справамі сваёй установы ў барацьбе з крадзяжамі дзяржаўнай маёмасьці і карупцыяй. Людзі, якія працавалі ў КДБ не адчувалі за сабой віны, спісвалі ўсе хібы на сталінскі час, адмаўлялі наяўнасьць Курапат. Яны вельмі хацелі, каб застаўся толькі адзін міт пра КДБ — станоўчы. Тыя ж, хто імкнуўся і дасягнуў палітычнай улады ў Беларусі ня толькі не зьбіраліся што-небудзь мяняць у краіне, але наадварот, стараліся збудаваць тут прыкладны сацыялізм — сацыялізм з чалавечым тварам. Міт пра КДБ з чыстымі рукамі быў ім вельмі патрэбны”.

Ракіцкі: “І тым ня меней… У гэтыя часы па краінах былога СССР і нават у сьвеце гучала праўда пра Курапаты — месца, дзе былі не пахаваныя, а проста закапаныя ахвяры масавых растрэлаў, якія адбываліся ў Беларусі ў другой палове 1930 гадоў. Няўжо гэты цень не хваляваў кіраўніцтва тагачаснага КДБ?”

Процька: “Канешне, хваляваў. Але каб не прыцягваць ўвагу грамадзкасьці да гэтых падзеяў, была высунутая наступная афіцыйная вэрсія. Мы — КДБ, а не НКУС, які рабіў усе гэтыя злачынствы, і таму да іх ня маем ніякага дачыненьня. А ў самім КДБ была створана камісія, якая займалася праглядам асабістых справаў асуджаных з дапамогай НКУС. Пра справы пасьляваеннага КДБ наогул мало хто што-небудзь ведаў дакладна. Гэта было выкарыстана для таго, каб яшчэ раз зацьвердзіць ў грамадзкай думцы — мы сапраўды маем гарачае сэрца і чыстыя рукі”.

Ракіцкі: “У сьвядомасьці людзей, насуперак жаданьню ўладаў, усё ж пераважае адмоўны міт. Чаму?”

Процька: “Таму што людзі памятаюць несправядлівасьць і сьмерць, жахлівае чаканьне „чорнага варанка“, пасьля якога чалавек зьнікаў бясьсьледна. Памятаюць сваю бездапаможнасьць, безабароннасьць перад дзяржавай.
Людзі памятаюць несправядлівасьць і сьмерць, жахлівае чаканьне „чорнага варанка“, пасьля якога чалавек зьнікаў бясьсьледна.
Гэта памяць , калі можна так мовіць, генетычная, на ўзроўні падсвядомасці. Яна не звязаная ні з якой-небудзь канкрэтнай датай. Гэта проста страх, пераадолець які не так проста”.

Ракіцкі: “Існуюць жа лічбы, якія могуць даказаць, крывавыя гэта рукі, ці чыстыя”.

Процька: “Дакладная колькасьць рэпрэсаваных невядомая, бо архівы КДБ застаюцца закрытымі, нават болей, чым гэта было 15 гадоў таму. Паводле маіх падлікаў, ахвярамі рэпрэсіяў толькі з 1917 па 1953 гады на Беларусі сталі больш за 650 тысяч чалавек. За 5 год (з 1935 па 1940 год) было растраляна 28 425 чалавек з 86 168 асуджаных. Падкрэсьліваю, што гэтыя дадзеныя не абвяргаюць нават заангажаваныя гісторыкі”.

Ракіцкі: “Пад час вайны, падаецца, больш людзей загінула. У тым ліку і мірных жыхароў. Але ж ніхто сёньня не баіцца немцаў. А чэкістаў, кадэбістаў баяцца”.

Процька: “Мабыць, гэта крыху цынічна гучыць, але ў міце пра КДБ важна ня столькі колькасьць рэпрэсаваных, колькі іх „якасьць“ і „якасьць“ саміх рэпрэсіяў. У Беларусі зьнішчанай стала значная частка нацыянальнай інтэлігенцыі, кіроўнага апарату як палітычнага, так і гаспадарча-эканамічнага. Гэта людзі ў большасьці вядомыя, паважаныя, у свой час магутныя. І іхнія рэпрэсіі выклікалі найбольшы рэзанас. Менавіта гэты „здабытак“ спэцслужбаў 1930-х гадоў добра выкарыстоўваецца і сёньня. Памятаеце, як па тэлебачаньні паказвалі міністра ў кайданах?”

Ракіцкі: “Натуральна, памятаю. Але я памятаю таксама шмат фільмаў, дзе супрацоўнікі ВЧК-КДБ зьдзяйсьнялі добрыя справы”.

Процька: “Так, дзейнасьць КДБ нельга апісваць толькі ў змрочных гісторыях. У міце пра КДБ галоўны акцэнт як раз на тым, што людзі з гэтага ведамства парушаюць закон, парушаюць яго беспакаральна і ў сваёй штодзённай працы”.

Ракіцкі: “Мабыць, справа толькі ў людзях? У тым, што ў КДБ пранікаюць ворагі і кампрамэтуюць гэтае паважанае ведамства?”

Процька: “Вядома ж, без людзей абысьціся нельга. Канкрэтныя людзі, гэтак званыя чэкісты, катавалі беларускіх пісьменьнікаў ня горш, чым у фашыстоўскіх засьценках,
Канкрэтныя людзі, гэтак званыя чэкісты, катавалі беларускіх пісьменьнікаў ня горш, чым у фашыстоўскіх засьценках, давалі загады на растрэлы.
давалі загады на растрэлы. І асноўная маса катаў таксама была пакараная тымі ж спэцслужбамі. Але пад час маёй працы ў архівах КДБ я пазнаёмілася са значнай колькасьцю супрацоўнікаў КДБ. Большая частка зь іх — па-свойму добрыя і сумленныя людзі. Але — толькі па-свойму. Усім ім належыць ўяўленьне пра тое, што супрацоўнік КДБ — звышчалавек, які адзін ведае праўду, можа асуджаць і караць без суду”.

Ракіцкі: “І Дзяржынскі таксама звышчалавек? Зрэшты, такім ён выглядае ў афіцыйнай беларускай прапагандзе. Насуперак будынку КДБ і да сёньня стаіць ягоны бюст. І клюб КДБ носіць назву імя Дзяржынскага. А як заходзіш туды, прыкладам, на рок-канцэрт, цябе там у фае сустракае ягоная вялікая статуя. Аж жах ахоплівае, калі бачыш гэтага вялікага жалезнага Фэлікса…”

Процька: “Не, рамантычныя гісторыі пра вернасьць і каханьне да жонкі не даюць падставаў далучаць „жалезнага Фэлікса“ да звышлюдзей. Як і ягоных нашчадкаў у прафэсіі. Пад час працы у архівах расейскай ФСБ мне прынесьлі справу Апанскага. Калісьці ў Менску нават была вуліца ягонага імя. Дык я з той справы даведалася, што гэты чалавек настолькі быў жорсткі і хлусьлівы, што нават самі кіраўнікі беларускага ДПУ ня ведалі, як ад яго пазбавіцца. Факт ягонай сьмерці дасканала расьсьледаваўся ня столькі на прадмет удзелу ў гэтым белапалякаў, колькі саміх супрацоўнікаў АДПУ. І было прызнана пасля ўсяго, што ён стаў ахвярай няшчаснага выпадку. Але ў тым часопісе, прысвечаным 80-м угодкам КДБ, узгаданая зусім іншая вэрсія жыцьця і сьмерці Апанскага як станоўчага звышчалавека, загінулага ад рук ворагаў”.

Ракіцкі: “Вельмі хацелася б, каб адмоўны міт пра КДБ як найхутчэй зьнік. Але ня верыцца, што гэта адбудзецца найбліжэйшым часам ужо нават таму, што стаяць па Беларусі помнікі Дзяржынскаму, а горад Койданава называецца Дзяржынскам… Ці магчымае зьнікненьне гэтага міту, і што будзе, калі гэта насуперак пэсымізму ўсё ж адбудзецца?”

Процька: “Людзі ня будуць больш баяцца спэцслужбаў, у грамадзтве запануе ня міт, а ўпэўненасьць, што КДБ абараняе інтарэсы дзяржавы і чалавека, вядзе барацьбу са злачыннымі зьявамі жыцьця. Як бачым, міт пра КДБ можа зьнікнуць толькі тады, калі Камітэт дзяржаўнай бясьпекі стане рэальна выконваць вызначаныя яму законам функцыі. А яшчэ лепш, калі гэтая структура зьменіць сваю назву і прынцыпова адмовіцца ад пераемнасьці з КДБ, за якім цягнецца шлейф брудных і злачынных справаў”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG