Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Янчэўскі прызначаны галоўным ідэолягам


Галоўны рэдактар грамадзка-палітычнага часопісу «Планета» Ўсевалад Янчэўскі ўказам Аляксандра Лукашэнкі прызначаны начальнікам Галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі.


Гэтая пасада была вакантнай ад 10 студзеня 2008 году, калі тагачасны галоўны ідэоляг краіны Алег Праляскоўскі быў пераведзены кіраваць Інфармацыйна-аналітычным цэнтрам пры прэзыдэнцкай адміністрацыі.

Усевалад Янчэўскі – самы малады ў шэрагу чыноўнікаў, якім давяралі фармаваць дзяржаўную ідэалёгію ў Беларусі. Новая пасада падасьпела якраз да дня нараджэньня маладога функцыянэра – 22 красавіка яму споўніцца 32 гады. Спробы даведацца, якім чынам спадар Янчэўскі зьбіраецца будаваць ідэалягічную лінію на новым месцы працы, вялікага плёну ня мелі. Прызначыўшы час для тэлефонных перамоваў, спадар Янчэўскі больш слухаўку не здымаў.

У эпіцэнтры ўвагі Галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта – адукацыйная сфэра, сродкі масавай інфармацыі, няўрадавыя арганізацыі, культура і мастацтва. Адна з галоўных функцый – укараненьне ідэалягічных пастулатаў, ухваленых кіраўніцтвам краіны, і выкараненьне ідэалягічна чужых парасткаў, якія нэгатыўна ўплываюць на імідж улады.

Шэф-рэдактар газэты «Народня воля» Сьвятлана Калінкіна ня верыць, што з прыходам новага чалавека ў адміністрацыю прэзыдэнта варта чакаць нейкіх кардынальных зьменаў у агульнай прапагандысцкай палітыцы:

«Я ня думаю, што наагул у Беларусі асоба ў гісторыі, калі гэта не асоба Аляксандра Лукашэнкі, адыгрывае вялікую ролю. Таму я ня веру, што Ўсевалад Янчэўскі стане нейкім рэвалюцыянэрам у ідэалягічнай сфэры і крута павернецца ад таго, што раней рабілася прэзыдэнцкай адміністрацыяй. Але вядома і тое, што па ўзросьце, па сваёй былой біяграфіі Янчэўскі бліжэй да старэйшага сына Аляксандр Лукашэнкі Віктара. І гэта можа азначаць павелічэньне ролі менавіта гэтак, так званай маладой каманды. Я ня думаю, што гэта будзе новая палітыка. Гэта будзе старая палітыка, але якая робіцца іншымі людзьмі».

Па адукацыі Ўсевалад Янчэўскі юрыст, скончыў юрфак БДУ. Быў актыўным сябрам перадвыбарчага штабу Станіслава Шушкевіча падчас выбараў у Вярхоўны Савет ХІІІ скліканьня. У сярэдзіне 1990-х у выніку перадзелу ўлады ў першым моладзевым ідэалягічным утварэньні пры ўладзе Лукашэнкі – Беларускім патрыятычным саюзе моладзі – заняў крэсла першага сакратара арганізацыі. Неўзабаве БПСМ ускалыхнула некалькі гучных скандалаў, зьвязаных з камэрцыйнай дзейнасьцю саюзу, што было забаронена статутам арганізацыі. Аднак гэта ніяк не паўплывала на палітычную кар'еру У.Янчэўскага. У 2000 годзе ён абіраецца дэпутатам Палаты прадстаўнікоў па Слуцкай выбарчай акрузе. У 2001 годзе, у зьвязку зь немагчымасьцю сумяшчэньня двух крэслаў, вызвалены ад пасады кіраўніка БПСМ. Пасьля заканчэньня тэрміну дзеяньня дэпутацкага мандату заступіў на пасаду галоўнага рэдактара часопіса «Планета», які друкаваўся пад слоганам «Што хаваюць палітыкі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG