Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Ад 2009 году Беларусь скасоўвае прывязку свайго рубля выключна да даляра Злучаных Штатаў Амэрыкі. Пра гэта сёньня заявіў першы намесьнік старшыні праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Павал Калаур, выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў. Што гэта можа азначаць для эканомікі і жыхароў Беларусі?

Спадар Калаур заявіў, што, пачынаючы з 2009 году, беларускі рубель будзе прывязаны не да даляра, як было раней, а да “кошыка валют”:

“Зьмяняецца рэжым валютнай палітыкі — ад прывязкі да даляра да прывязкі да „кошыка валют“. У яго будуць уваходзіць даляр, эўра і расейскі рубель”.

Першы намесьнік старшыні праўленьня Нацыянальнага банку тлумачыць навіну так:

“Вы ведаеце, якой непрадказальнай была дынаміка даляра адносна эўра: як зьмяншаўся яго кошт цягам месяцаў і як ён пасьля рэзка ўзьняўся”.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка лічыць такі пераход станоўчым для эканомікі краіны:

“Гэта набліжэньне да таго, як павінна быць. У нашым кошыку будзе 42% эўра, 32% — расейскі рубель, а ўсё астатняе — даляр. То бок мы зьмяняем канфігурацыю. І яна адпавядае нашаму экспарту”.

А як гэта адаб’ецца на звычайным жыхары Беларусі? Ці ня прыйдзецца яму цяпер адсочваць курс нацыянальнай валюты ня толькі да даляра, але і да эўра, і да расейскага рубля? На гэтыя пытаньні Леанід Заіка адказвае так:

“Яму трэба будзе арыентавацца на адну-адзіную пазыцыю — гэта наяўнасьць у яго работы. І ня будзе ў яго галава балець ні ад даляраў, ні ад эўра, ні ад тугрыкаў. Галоўнае, ад чаго цяпер можа балець галава, — ці будзе ў яго працоўнае месца 8 сакавіка 2009 году? Гэта значыць, ці зможа ён купіць сваёй каханай жанчыне флякон духоў „Красная Москва“?”

Кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук кажа, што звычайнаму чалавеку ня будзе патрэбы ў наступным годзе “забіваць сабе галаву далярамі, эўра ды расейскімі рублямі”:

“Асноўны паказчык, на які трэба арыентавацца звычайнаму чалавеку, — гэта ўзровень інфляцыі. А яна сёлета складзе амаль 20%. Гэта вельмі крызісны і крытычны паказчык нашай эканомікі.

А тое, што адвязаліся ад даляра і прывязаліся да кошыка, дык гэта дае магчымасьць Нацбанку быццам па-навуковаму зрабіць беларускі рубель таньнейшым. І трэба чакаць, безумоўна, дэвальвацыі. Яе памеры будуць залежаць ад таго, колькі нам дадуць крэдытаў, як будуць працаваць нашы экспартэры і наколькі жорсткай будзе палітыка Нацбанку ў дачыненьнях з камэрцыйнымі банкамі, як ён будзе іх крэдытаваць”.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG