Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік Беларусі заявіў, што дэвальвацыя нацыянальнай валюты будзе ажыцьцяўляцца ў прадугледжаных раней парамэтрах. “Ніякага абвалу рубля ня будзе”, — сказаў Аляксандар Лукашэнка. Ці ёсьць ва ўладаў рэзэрвы для падтрыманьня курсу нацыянальнай валюты? Як можа рэагаваць беларуская эканоміка на непахіснасьць беларускага рубля? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае эканаміст Леанід Злотнікаў.

Віталь Цыганкоў
Цыганкоў: “Наколькі рэальна ў цяперашняй эканамічнай сытуацыі пазьбегнуць дэвальвацыі беларускага рубля? І калі ўлада сапраўды будзе ўпарта трымаць курс, якія наступствы могуь чакаць эканоміку?”

Леанід Злотнікаў
Злотнікаў: “Па-першае, заплянаваныя парамэтры, пра якія кажа Лукашэнка — гэта курс 2200 да канца гэтага году. Мяркую, што да Новага году, можа, і можна утрымаць рубель у гэтым калідоры. Але што да першых двух месяцаў наступнага году, то там альбо пройдзе плянавая дэвальвацыя, альбо гэта можа адбыцца стыхійна. Бо запасаў валюты, нават з улікам расейскага крэдыту, ня хопіць, каб утрымаць фінансавую стабільнасьць. Так што калі ўлада ня пойдзе на рэгуляваную дэвальвацыю, яна можа адбыцца стыхійна, можа нават узьнікнуць паніка.”

Цыганкоў: “Якраз улады сваімі заявамі, напэўна, й імкнуцца пазьбегнуць панікі. Але ці пойдуць яны хаця б на ціхую, паступовую дэвальвацыю — без усялякіх аб’яў — ці будуць упарта трымаць курс?”

Злотнікаў: “Можна заўважыць, што дэвальвацыя пакрысе ўжо адбываецца, але ў вельмі малых памерах. Курс даляра расьце штодня на 2—3 рублі. Але гэта занадта паступовы працэс, такі тэмп намагчыма ўтрымаць”.

Цыганкоў: “А як вы самі ставіцеся да гэтай праблемы? Ці было б мэтазгодна для эканомікі паступова апускаць курс, што дапамагло б экспартэрам?”

Злотнікаў: “Толькі рынак можа паказаць рэальны курс. Курс павінны ўсталёўвацца паміж попытам і прапановай. Калі яны будуць роўныя, то гэта стане крытэрам абгрунтаванага курсу. Бо ў Беларусі няма столькі валюты, золатавалютных рэзэрваў, каб утрымаць цяперашні ўзровень. За апошнія месяцы на рынку прапанова даляра былі ніжэй за попыт у 5—6 разоў. Таму Нацбанку даводзіцца траціць рэзэрвы, каб трымаць курс”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG