Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацбанк Беларусі: “Сытуацыя з валютай палепшылася”


Нацбанк Беларусі ацэньвае свае захады для пераадоленьня наступстваў фінансавага крызісу станоўча. Між тым на прадпрыемствах-імпартэрах кажуць пра нястачу валюты.

Ці ёсьць праблемы з набыцьцём альбо продажам замежнай валюты ў банках? Каля абменьніка “Беларуска-швайцарскага банку” на менскай плошчы Свабоды — ніякага ажыятажу. Падыходзь і мяняй колькі хочаш. Ці так заўсёды цягам дня? Касірка нічога не тлумачыць. Пытаюся ў Вікторыі, якая працуе з кліентамі, што зьвяртаюцца па візы ў замежныя амбасады і набываюць тут валюту:

“Не магу сказаць, што такая ўжо напружаная сытуацыя. Сёньня — нармальна. Але бываюць дні, асабліва панядзелкі, калі людзі вяртаюцца і кажуць, што няма валюты”.

Паводле зьвестак, кіраўнікі камэрцыйных банкаў патрабуюць ад сваіх падначаленых прыкласьці максымум намаганьняў, каб задаволіць попыт на валюту сярод звычайных грамадзян. Нібыта гэта робіцца, каб пазьбегчы панікі.

А як маюцца вялікія прадпрыемствы-імпартэры? Ці адчуваюць яны фінансавыя цяжкасьці, у тым ліку нястачу валюты?

Гарадзенскае аб’яднаньне “Азот” пастаўляе на сусьветныя рынкі аміяк, сынтэтычныя ніткі, азотныя ўгнаеньні. Сыравіну для іх вырабу купляе на валюту. Паводле кіраўніка незалежнага прафсаюзу Васіля Корабава, з валютай цяпер вялікія цяжкасьці, бо трэба ня толькі аплачваць пастаўкі сыравіны, але й разьлічвацца за велізарны крэдыт на 700 мільёнаў даляраў. Між тым са збытам таксама пачаліся праблемы:

“Раней, калі яны добра прадавалі, то плянавалі хутка разьлічыцца за крэдыт, а цяпер іншая сытуацыя, продажы зьнізіліся”.

Аднак дакладных зьвестак пра фінансавае становішча аб’яднаньня лідэр незалежнага прафсаюзу ня мае. Чаму?

“Калі мы раней мелі такія зьвесткі, то мы маглі тлумачыць людзям становішча і падвышаўся наш аўтарытэт. Улады гэта ўбачылі, і ўсю інфармацыю цяпер хаваюць. На ўсё кажуць, што гэта “камэрцыйная тайна”. Хаця якая тут тайна, калі валюту зарабляюць усе разам?”

У службе маркетынгу прадпрыемства якраз на падставе “камэрцыйнай тайны” адмовіліся даваць зьвесткі пра дынаміку гандлю з замежнікамі.

Нацыянальны банк між тым не хавае зьвестак пра захады, зробленыя для рэгуляваньня валютных плыняў у краіне. Кіраўнік управы інфармацыі Анатоль Драздоў:

“Нацбанк даручыў камэрцыйным банкам паведамляць нам пра запыты на набыцьцё валюты на пазабіржавым рынку за тры дні да куплі, і на якія мэты. Раней яны не паведамлялі. Проста мы вырашылі ўзяць фінансавыя плыні пад большы кантроль. І ўсё”.

Паводле Анатоля Драздова, захады Нацбанку даюць плён: ажыятажнага попыту на валюту сярод фізычных асоб ня ўзьнікла, а апошнімі днямі людзі нават больш пачалі прадаваць даляраў і эўра. Таксама Анатоль Драздоў абверг зьвесткі, паводле якіх людзі нібыта пачалі забіраць свае рублёвыя ўклады ў банках.

Ці ўдасца Нацбанку і далей утрымліваць сытуацыю з валютай пад кантролем? Вядомы эканаміст Леанід Заіка кажа, што шмат будзе залежаць ня толькі ад банкіраў. “Калі людзі чакаюць крызісу, нават адно слова можа стаць вырашальным”, — заўважае эканаміст:

“Калі я скажу, што расейскі рубель упадзе, ды гэта ж скажа Злотнікаў, Раманчук ды яшчэ 10 вядомых эканамістаў, а потым газэты гэта падхопяць — дык сапраўды ўпадзе й беларускі рубель”.

Паводле Леаніда Заікі, у блізкім часе курс даляра яшчэ падвысіцца, што “цалкам нармальна”.
XS
SM
MD
LG